Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Роснефть» мае ў Беларусі высокага лабіста — Лукашэнку


Намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Пётр Пракаповіч падчас сумеснага пасяджэньня палатаў Нацыянальнага сходу заявіў, што ў якасьці адной з умоў прыватызацыі Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода Беларусь прапанавала расейскай кампаніі «Роснефть» павялічыць да 2020 году пастаўкі нафты ў Беларусь да 20 мільёнаў тон.

Летась аб’ём перапрацоўкі нафты там перавысіў 11 мільёнаў тон, але наяўныя магутнасьці дазваляюць прадпрыемству перапрацоўваць удвая больш. На думку Пракаповіча, калі Расея падтрымае прапанову, гэта будзе азначаць для Беларусі буйны інвэстыцыйны праект.

Ці зацікаўленыя ў падобнай зьдзелцы самі расейцы? Ці ня стане супрацоўніцтва «Ўралкалія» зь «Беларуськаліем» і наступны арышт гендырэктара Ўладзіслава Баўмгертнэра папярэджаньнем для патэнцыйных інвэстараў — маўляў, варта больш абачліва ставіцца да ўкладаньня грошай? У маскоўскім офісе «Роснефти» даваць камэнтары на гэтую тэму адмовіліся.

Ігар Сечын
Ігар Сечын
Экспэрт расейскага Інстытуту энэргетыкі і фінансаў Сяргей Агібалаў лічыць, што крымінальны перасьлед топ-мэнэджэраў «Уралкалія» шмат для каго сапраўды пераводзіць Беларусь у шэраг краінаў з падвышанай эканамічнай рызыкай. Зь іншага боку, перакананы экспэрт, гэта расчышчае дарогу ўсім тым, хто мае ў Менску сур’ёзных лабістаў. Ён нагадвае, што кіраўнік «Роснефти» Ігар Сечын наведваўся ў Менск у самы разгар «калійнай вайны» і быў прыняты асабіста Аляксандрам Лукашэнкам. Ужо тады кіраўнік Беларусі выказаў задаволенасьць двухбаковым супрацоўніцтвам: Сечын, адрозна ад іншых бізнэсоўцаў, ня толькі не патрабаваў санкцыяў за арышт Баўмгертнэра, а абяцаў нарасьціць нафтавыя пастаўкі.

Спадар Агібалаў мяркуе: «Калі ў адной групы інвэстараў, сярод якіх ня самыя буйныя кампаніі, ужо даўно няма ніякага жаданьня працаваць зь Беларусьсю і публікацыя якіх-колечы прывабных актываў не падштурхне іх разглядаць нават тэарэтычную верагоднасьць свайго ўдзелу ў такіх зьдзелках, то ёсьць і іншыя. Я маю на ўвазе тых інвэстараў, якія валодаюць пэўным рэсурсам па абароне сваіх правоў. Такія, прыкладам, як кампаніі „Роснефть“ ці „Газпром“. Яны, натуральна, як раней разглядалі магчымасьць набыцьця актываў у Беларусі, так і цяпер разглядаюць. Гісторыя з „Уралкаліем“ для іх зразумелая, яны ведаюць сутнасьць падзеяў, хто, чаму і дзе апынуўся. Таму гэта ні Сечына, ні Мілера асабліва не палохае. То бок, калі буйная кампанія мае адпаведны інтэрас і беларускі бок прапануе адэкватны кошт, каб не паўтаралася розных гісторый, якія могуць несьці сур’ёзныя наступствы для эканомікі Беларусі, то прыватызацыя і прыход стратэгічных інвэстараў цалкам магчымыя».

Мазырскі НПЗ — адно з самых высокатэхналягічных нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў Усходняй Эўропы. Згодна з дадзенымі Міністэрства фінансаў, у першым паўгодзьдзі 2013 году НПЗ стаў другой паводле аб’ёму чыстага прыбытку публічнай кампаніяй Беларусі з чыстым прыбыткам больш як 1 трыльён рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG