Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вершы Багдановіча спадабаліся сілавікам


Музэй Максіма Багдановіча

Чацьвёрты дзень запар у Менск каля літаратурнага музэя Максіма Багдановіча зьбіраюцца літаратары, грамадзкія дзеячы, проста менчукі, якія пратэстуюць супраць паніжэньня стутусу музэйнай установы і пераўтварэньня яго ў філію.

Першымі да будынка прыйшлі Алесь Лагвінец і Павал Севярынец, журналіст Паўлюк Быкоўскі зь сям’ёй, падышлі людзі сталага веку, моладзь.

Яшчэ да пачатку чытаньняў да ўдзельнікаў з музэю выйшаў малады чалавек у цывільным і пачаў пытацца: навошта вы тут зьбіраецеся? Чытайце па кватэрах! Калі людзі завялі зь ім размову, ён прадставіўся намесьнікам начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Цэнтральнага РУУС. Міліцыянт гаварыў на добрай беларускай мове, сказаў: толькі што быў у музэі, сам пачытаў некалькі вершаў Багдановіча. Спыталіся: «Ну, і як, спадабалася?». «Так, спадабалася», — адказаў ён.

Потым пачалі на памяць чытаць самыя вядомыя вершы паэта: «Пагоню», «Санэт», «Зорку Вэнэру». Калі Алесь Лагвінец па паперцы пачаў дэклямаваць не такія растыражаваныя творы Багдановіча — як, прыкладам, «Прыйдзе вясна» — чалавек у цывільным пачаў пакепліваць, што, маўляў, нават ня вывучылі. Аналягічным чынам яму адказала жанчына сталага веку. Яна не прадставілася, але сказала, што ў дзяцінстве не вывучала беларускую мову, бо бацькі былі вайскоўцамі, але паступова да мовы прыйшла. Прапанавала не абмяжоўвацца Багдановічам і пачала чытаць вершы Рыгора Барадуліна.

Эстафэту падхапіў іншы мужчына сталага веку, які прачытаў напаўжартаўлівую паэму Ніла Гілевіча пра нафту і газ. Пакуль гучалі даволі вясёлыя творы, праваахоўнікі ўсё здымалі на відэакамэру. Такім чынам, сёньняшнія чытаньні раз-пораз перамяжоўваліся размовамі з супрацоўнікамі міліцыі, якія нарэшце не перашкаджалі людзям зьбірацца «больш, чым утрох».

Тым часам сёньня Дзяніс Садоўскі і Вольга Кавалькова падалі заяўку ў Менгарвыканкам на правядзеньне ў тэрмін ад 26 да 30 сьнежня пяці чытаньняў на ганку музэя Багдановіча. Указаная ў заяўцы колькасьць удзельнікаў — да 30 чалавек. Мяркуецца, што цягам пяці дзён ад 18-й да 19-й гадзіны тут будуць праходзіць літаратурныя імпрэзы.

Таксама Павал Севярынец з спасылкай на старшыню Таварыства беларускай мовы Алега Трусава сказаў, што Міністэрства культуры пакуль прытармазіла сваё ж рашэньне, і канчатковы вэрдыкт адносна будучыні музэя Максіма Багдановіча будзе агучаны 15 студзеня 2014 году.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG