Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве зноў зьявіцца памятная дошка Брэжнева


У Маскве 19 сьнежня адновяць мэмарыяльную дошку Леаніду Брэжневу, дэмантаваную ў 1991 годзе.

Ўстаноўка памятнага знака на фасадзе дома на Кутузаўскім праспэкце, дзе жыў генэральны сакратар ЦК КПСС, прымеркаваная да дня нараджэньня Брэжнева.

Ініцыятар аднаўленьня мэмарыяльнай дошкі дэпутат Дзярждумы ад «Адзінай Расеі» Аляксандар Хінштэйн. На яго думку, Брэжнеў мае вялікія заслугі перад краінай. Дэмакратыя і талерантнасьць даюць магчымасьць, каб у адным горадзе спакойна суседнічалі мэмарыяльныя дошкі Брэжнева і Сахарава, адзначыў расейскі дэпутат.

Сябра праўленьня расейскага праваабарончага таварыства «Мэмарыял» Ян Рачынскі лічыць гэтую ідэю дзікунствам: «Леанід Ільіч — пэрсанаж сумнеўны, герой анэкдотаў, які не адзначыў сябе нічым асабліва пазытыўным. Ён спрыяў пачатку вайны ў Аўганістане, высылцы Салжаніцына і ссылцы Сахарава, вялікай колькасьці працэсаў супраць іншадумцаў і шырокаму выкарыстаньня супраць іх псыхіятрыі».

Аднаўленьнем памятнага знака займаўся скульптар Філіп Рукавішнікаў — унук аўтара першай мэмарыяльнай дошкі Мітрафана Рукавішнікава.

Паводле апытаньня «Левада-Цэнтра», праведзенага ў красавіку ў Расеі, Брэжнеў карыстаецца ў расейцаў найбольшай папулярнасьцю сярод усіх кіраўнікоў у 20 стагодзьдзі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG