Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму справа аб «міністэрскіх прыбіральнях» рассыпалася


У Сьледчым камітэце працягваюць расьсьледаваць справу былога кіраўніка Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі, коннага спорту і конегадоўлі Віктара Міхадзюка, які падазраецца ў нанясеньні дзяржаўнаму бюджэту стратаў амаль на 150 тысяч даляраў.

Справа Віктара Міхадзюка пачалася з таго, што кантралёры знайшлі недастачу ў 40 мільёнаў рублёў. А цяпер у справе былога дырэктара Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі, коннага спорту і конегадоўлі фігуруе, паводле сьледчых Сьледчага камітэту, 1,5 мільярда рублёў, ці амаль 150 тысяч даляраў па сёньняшнім курсе. Рэдактар інтэрнэт-выданьня «Ежедневник» Сяргей Сацук дзеліцца зьвесткамі крыніцаў пра тое, куды пайшлі гэтыя грошы зь дзяржбюджэту:

«Бюджэт выдзеліў мэтавыя сродкі на рэканструкцыю спартовых аб’ектаў, каб павысіць ролю коннага спорту. Грошы прызначаліся на рэканструкцыю аб’ектаў, на закуп новага абсталяваньня. Але гэтыя сродкі патрацілі на выплату заробкаў, на пагашэньне запазычанасьцяў ды на іншыя мэты. Пабудавалі некалькі лішніх аб’ектаў, хоць ня вельмі і сур’ёзных».

Яшчэ ў кастрычніку 2012 году падчас паседжаньня Нацыянальнага алімпійскага камітэту Аляксандар Лукашэнка загадаў звольніць Віктара Міхадзюка і разабрацца зь ягонай дзейнасьцю на пасадзе дырэктара цэнтру. Разам зь Міхадзюком у няласку тады трапілі і міністар спорту і турызму Алег Качан ды памочнік Лукашэнкі па пытаньнях фізычнай культуры, спорту і разьвіцьця турызму Ігар Заічкоў. Спартовых чыноўнікаў таксама пазбавілі пасадаў. За што?

На лецішчах Алега Качана і Ігара Заічкова, якія непасрэдна мяжуюць з участкам Віктара Міхадзюка, кантралёры знайшлі прыбіральні, закупленыя для цэнтру коннага спорту ў Ратамцы. Звольненыя чыноўнікі, аднак, заявілі, што ня ведаюць, адкуль на іхнай зямлі ўзяліся гэтыя пабудовы, а даказаць крадзеж ці хабар сьледчым не ўдалося. У выніку крымінальныя справы на Алега Качана і Ігара Заічкова не былі заведзеныя. Ёсьць сумневы ў назіральнікаў і наконт таго, ці дойдзе да суду справа Віктара Міхадзюка, якога пакуль падазраюць у службовай халатнасьці ды злоўжываньні ўладай.

«Міхадзюк, паводле зьвестак, вінаватым сябе не прызнае. А даказаць, што ён асабіста нешта прыбраў да рук з тых 1,5 мільярда рублёў, будзе складана», — мяркуе Сяргей Сацук.

Чаму крымінальныя справы супроць высокапастаўленых спартовых чыноўнікаў часта нічым не канчаюцца, хіба што адстаўкай?
Калі вельмі адказны чыноўнік, дык такія справы цяжка даходзяць да судоў

«Чаму толькі спартовых? Паўсюль такая сытуацыя. Калі вельмі адказны чыноўнік, дык такія справы цяжка даходзяць да судоў, часта іх увогуле закрываюць. Бо вельмі моцнае чыноўніцкае лобі паўсюль, у тым ліку ў праваахоўных органах. Нават нягледзячы на ўказаньне Лукашэнкі, насуперак яму... Уражаньне, што зусім ня сталі зь ім лічыцца. Таму гэтак туга і ідуць справы да суду».

У ліпені КДБ паведаміў пра арышт старшыні Белкаапсаюзу Сяргея Сідзько ды яшчэ двух адказных супрацоўнікаў арганізацыі, якія нібыта спрабавалі атрымаць хабар у паўмільёна даляраў. Як ідзе расьсьледаваньне? Паводле кіраўніка прэсавай службы КДБ Артура Стрэха, яно яшчэ не завершанае:

«Расьсьледаваньне справы працягваецца. Як будуць дасягнутыя значныя працэсуальныя вынікі, мы пра гэта будзем інфармаваць грамадзкасьць».

У канцы сьнежня будзе год, як у Менск выклікалі для справаздачы і тут арыштавалі былога дырэктара сочынскага санаторыя «Беларусь», расейскага грамадзяніна Георгія Саракашыша. Вядома, што яго трымаюць у ізалятары КДБ «амэрыканка», адкуль ён зрэдку дасылае лісты сваякам і паўтарае, што не вінаваты. Паводле апошніх зьвестак, арышт былога дырэктара санаторыя «Беларусь» працягнулі да студзеня. Кіраўнік прэсавай службы КДБ Артур Стрэх на пытаньне пра вынікі расьсьледаваньня справы Георгія Саракашыша сказаў, што па ёй «ніякіх камэнтароў пакуль ня будзе».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG