Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Дзярждэпу сустрэнецца з беларускай апазыцыяй


Эрык Рубін
Эрык Рубін

Лідэры беларускай апазыцыі хочуць заявіць прадстаўніку Дзяржаўнага дэпартамэнта ЗША пра неабходнасьць вызваленьня і рэабілітацыі палітвязьняў.

Намесьнік памочніка Дзяржсакратара ЗША Эрык Рубін 12 сьнежня працягвае свой візыт у Беларусі. Як паведамілі Свабодзе ў амбасадзе Злучаных Штатаў у Менску, «у сёньняшняй праграме спадара Рубіна сустрэчы з прадстаўнікамі ўладаў, грамадзянскай супольнасьці і палітычнай апазыцыі».

Сустрэча спадара Рубіна з беларускай апазыцыяй адбудзецца ўвечары, на яе запрошаныя лідэры палітычных партый.

Аб’яднаную грамадзянскую партыю на сустрэчы з Эрыкам Рубіным будзе прадстаўляць ганаровы старшыня партыі Станіслаў Багданкевіч. Ён зазначыў Свабодзе, што найперш агучыць пазыцыю АГП: Беларусі патрэбныя вызваленьне i рэабiлiтацыя палiтычных вязьняў, правядзеньне свабодных і сумленных выбараў.

«І ў гэтых пытаньнях — нельга рабіць ніводнага кроку ні ў бок, ні назад. Апрача таго я засяроджуся на фінансавым і эканамічным становішчы Беларусі»,— адзначыў прафэсар Багданкевіч.

11 сьнежня Эрыка Рубіна прыняў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей. Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства заявіў, што Беларусь імкнецца да паляпшэньня дачыненьняў з ЗША:

«Наша краіна разумее важнасьць падтрыманьня добрых дачыненьняў з ЗША. Мы імкнёмся да паляпшэньня беларуска-амерыканскіх адносін».

Прэсавая служба МЗС Беларусі па выніках гэтай сустрэчы паведаміла:

«Падчас размовы быў абмеркаваны стан беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў і вывучаныя магчымасьці разьвіцьця супрацоўніцтва ў сфэрах ўзаемнага інтарэсу і ўзаемнай занепакоенасьці».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG