Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі шансон у турэцкай лазьні (+песьня)

абноўлена

Зьміцер Вайцюшкевіч на прэзэнтацыі, фота з фэйсбуку музыкі
Зьміцер Вайцюшкевіч на прэзэнтацыі, фота з фэйсбуку музыкі

Пра месца правядзеньня прэзэнтацыі новага альбому «Варанок» Зьмітра Вайцюшкевіча журналісты даведаліся літаральна за некалькі гадзінаў да пачатку самога дзейства.

Інтрыга трымалася на тым, што месца прэзэнтацыі раўняла ўсіх: левых і правых, дазволеных і забароненых, голых і апранутых. Зьміцер Вайцюшкевіч прэзэнтаваў новы альбом у лазьні.

Як апавёў на пачатку сам выканаўца, ідэя гэтага «турэмнага» альбому зыходзіла ад Генадзя Бураўкіна, тэксты якога і леглі ў аснову пераважнай часткі песень. З 12 трэкаў альбому толькі адзін быў напісаны на тэкст Уладзімера Някляева. Да ўдзелу ў запісе былі прыцягнутыя як музыкі WZ-Оrkestra, так і ўдзельнікі джаз-групы Apple Tea.

Ідэю гэтай праграмы сам Зьміцер Вайцюшкевіч выказаў наступным чынам:

— Гісторыя многіх суседніх краінаў сьведчыць: многія з тых выканаўцаў, што былі не пакараныя і не сядзелі, пры гэтым былі забароненыя. Таму я лічу, што маё пакараньне, немагчымасьць даваць канцэрты праз новы альбом — адзін са шляхоў сустрэчы з маёй аўдыторыяй. Зь іншага боку, мне было цікава працаваць над тэмай, якая й не такая простая. Па-трэцяе, было важна засьведчыць сябе ў гэтым жанры, таму што мала хто верыць, што можа быць «шансон» і па-беларуску. Мне цікава было, каб такія людзі, якія наведваюць запраўкі, прыкладам, працягнулі руку і да беларускага шансону.

Пілётны сынгл новага альбому быў прадстаўлены ў канцы лета гэтага году, калі ў якасьці выканаўцы значыўся нехта Хведар Шчавель. Аднак Зьміцер Вайцюшкевіч адмовіўся ад абранага псэўданіма і выдаў альбом пад уласным імем. Сутнасьць зьместу песень ён патлумачыў наступным чынам:
Мне цікава было, каб такія людзі, якія наведваюць запраўкі, прыкладам, працягнулі руку і да беларускага шансону

— Гэта не «хі-хі» і не «ха-ха». Тут ёсьць места і для пародыі, і для іроніі. Тут ёсьць спроба расказаць пра чалавека, які пражыў свае 40 гадоў, магчыма, ня так, як хацеў, і ня ведае, што рабіць далей. Можна сказаць, што гэта рэстаранны альбом пра чалавека, калі ён выказвае ўсё, што набалела за гады.

У прысутнасьці журналістаў Зьміцер прызнаўся, што, едучы аднойчы на машыне, парушыў правілы, аднак супрацоўнікі ДАІ не ўзялі ад яго ані грошай, ані асобніка новага альбому. Пры гэтым Зьміцер вельмі спадзяецца на гарадзкіх таксыстаў, празь якіх ягоныя новыя песьні могуць выйсьці на «шырокі прастор». А цікавасьць да зробленага, паводле яго, ужо ёсьць:

— Мне было тэлефанаваньне з Магілёва ад «кабацкіх» музыкаў, якія пыталіся, колькі мне трэба плаціць адсоткаў за тое, каб яны маглі выконваць гэтыя песьні.

12 сьнежня Зьміцер Вайцюшкевіч прадставіць гэты альбом у «Арт-сядзібе», 17 сьнежня дасьць адмысловы выступ у офісе БНФ для тых, хто сам быў за кратамі, і для тых, чые блізкія і сябры адбываюць тэрміны пакараньня. Прадугледжаныя паказы гэтай праграмы ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Польшчы і Нямеччыне.

Пасьля сканчэньня прэсавай канфэрэнцыі яе ўдзельнікі мелі магчымасьць папарыцца разам з выканаўцам і атрымаць дадатковыя нагоды даведацца пра падрабязнасьці стварэньня праграмы. Зь ліку прадстаўніц прыгожага полу гэтым скарысталася толькі адна журналістка.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:39 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG