Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Над амбасадай Вялікай Брытаніі лунаў вясёлкавы сьцяг


Над Амбасадай Вялікай Брытаніі ў Менску побач са сьцягамі Вялікай Брытаніі і Эўрапейскага Зьвязу 7 і 8 сьнежня лунаў шасьцікаляровы вясёлкавы сьцяг, сусьветны сымбаль руху за правы ЛГБТ-супольнасьці.

Амбасада Вялікай Брытаніі месьціцца за некалькі сотняў мэтраў ад рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі, вядомага ня вельмі талерантнымі выказваньнямі ў бок ЛГБТ-супольнасьці, адзначае сайт ГейБеларусь.

Арганізатары Менскага гей-прайду атрымалі вітальны ліст ад амбасадара Вялікабрытаніі Бруса Бакнэла.

«Як сябра Эўрапейскага Зьвязу, Вялікая Брытанія была і застаецца краінай, якая падтрымлівае правы чалавека ва ўсіх формах і праявах, у тым ліку грамадзянскія правы і свабоды. Канцэпцыя свабоды слова і сходаў зьяўляецца адной з ключавых для Вялікай Брытаніі, таксама як і ўнівэрсальны характар правоў чалавека. Мы перакананыя, што абавязкам дзяржавы зьяўляецца захаваньне правоў чалавека незалежна ад асаблівасьцяў яе палітыкі, эканомікі і культуры», — піша ў сваім лісьце амбасадар Бакнэл.

На выходных адміністрацыя рэстарана Casa Agustin Lopez адмяніла прайд-вечарыну, у рамках якой павінен быў адбыцца конкурс «Міс і Містэр Талерантнасьць». Прычынай адмены мерапрыемства стаў нібыта прарыў каналізацыйнай трубы.

У гэты дзень у Менску былі таксама адмененыя вечарыны ў клюбах «Алекс » і «Бостан». На іх былі запрошаныя ня толькі ўдзельнікі гей-прайду. Да «Бостану» пад’ехала міліцыя і проста не пусьціла наведвальнікаў у памяшканьне, а ў клюбе «Алекс» ўзьніклі «тэхнічныя праблемы».

Акрамя таго, у клюб «Каста Дзіва» не пусьцілі ЛГБТ-актывістаў з Брэсту і Жодзіна.

7 сьнежня на спэктакль «Свабоднага тэатру» «Шчасьлівага Раства, міс Мідоў», які праходзіў у рамках праграмы мінскага гей-прайду, прыйшлі супрацоўнік міліцыі і жанчына ў цывільным. Паводле іх словаў, яны прыйшлі на спэктакль, бо ў міліцыю паступіла інфармацыя, што ў памяшканьні зьбіраюцца асобы нетрадыцыйнай арыентацыі.

Гей-прайд 11-12 сьнежня праводзіцца ў дзявяты раз, але гарадзкія ўлады ніколі не давалі дазволу на яго правядзеньне, нагадвае «Эўрарадыё».

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG