Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жаліба: «Чорны дзень» для рубля ўжо набліжаецца


Барыс Жаліба
Барыс Жаліба

Сёлета золатавалютныя рэзэрвы зьменшыліся на паўтара мільярда даляраў — як гэты чыньнік можа паўплываць на стабільнасьць беларускай нацыянальнай валюты?

Курс даляра і эўра да беларускага рубля цягам усяго тыдня ўсталёўваў новыя гістарычныя рэкорды, і ў пятніцу кошт даляра склаў 9400 рублёў. Наколькі рэалістычным зьяўляецца прагноз ураду наконт курсу на наступны год? Сёлета золатавалютныя рэзэрвы зьменшыліся на паўтара мільярда даляраў — як гэты чыньнік можа паўплываць на стабільнасьць беларускай нацыянальнай валюты? На гэтыя пытаньні адказвае доктар эканамічных навук Барыс Жаліба.

— Прадстаўнікі ўлады аб’яўлялі, што курс даляра да канца 2014 году складзе 9800 рублёў. Але падзеі апошняга часу, калі даляр расьце па сто рублёў штомесяц, прымушаюць многіх экспэртаў сумнявацца ў гэтым прагнозе. Дык ці рэалістычны такі разьлік уладаў, ці яны ўжо гатовыя карэктаваць гэты прагноз?

— Наколькі я памятаю, Нацбанк даваў курс 9800 як сярэднегадавы. Зыходзячы з гэтай лічбы і фармавалі праект бюджэту. Сёньня мы бачым, што даляр дэвальвуецца па 100 рублёў у месяц, і гэтыя тэмпы могуць паскорыцца. Утрыманьне нават такога тэмпу дэвальвацыі адбываецца толькі за кошт памяншэньня золатавалютных рэзэрваў. Яны зьнізіліся за год на паўтара мільярда даляраў.

— Але апанэнты могуць сказаць, што золатавалютныя рэзэрвы для таго і існуюць, каб іх кідаць на падтрыманьне курсу.

— Гэта не зусім так. Яны існуюць на «чорны дзень». Калі іх так хутка спальваюць на біржы, гэта сьведчыць пра тое, што валютная сытуацыя вельмі небясьпечная.

— Дык ці азначае гэта, што той самы «чорны дзень» ужо настаў?

— Ён набліжаецца. Бо на гарызонце ніякіх замежных валютных крэдытаў, якія так патрэбныя Беларусі, не відаць. З Расеяй размова пра новую крэдытную праграму не вядзецца, бо пакуль яшчэ ня выдалі апошні транш Антыкрызіснага фонду. Місія МВФ вярнулася зь Беларусі без станоўчых вынікаў перамоваў наконт новага крэдыту.

Ёсьць такая крытычная рыса — 5 мільярдаў даляраў золатавалютных рэзэрваў. Зараз яны складаюць 6 мільярдаў 400 мільёнаў. А падчас крызісу 2011 году яны ўпалі да 4 мільярдаў. Крытычная рыса 5 мільярдаў скажа пра тое, што мы можам атрымаць сцэнар валютнага крызісу, які быў у 2011 годзе.

Таксама варта дадаць, што ў 2014 годзе Беларусь павінна выплаціць 3,2 мільярда даляраў замежных даўгоў. Сёлета мы таксама вярталі каля 3 мільярдаў, але сёлета былі ўзятыя новыя крэдыты. А на наступны год такіх крэдытаў пакуль не праглядаецца.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG