Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь далучылася да «дэкляратыўнай» Канвэнцыі аб выбарах


Палата прадстаўнікоў
Палата прадстаўнікоў

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 5 сьнежня прагаласавалі аб далучэньні Беларусі да «Канвэнцыі аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабодаў у дзяржавах-удзельніцах Садружнасьці Незалежных Дзяржаў».

Выступаючы перад дэпутатамі, намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандар Гур’янаў сказаў, што гэта патрэбна дзеля таго, каб «умацаваць імідж Беларусі як прававой і дэмакратычнай краіны».

Яшчэ ў 2002 годзе Канвэнцыю падпісалі 6 краін СНД, сярод якіх Беларусі не было. Аднак Украіна дагэтуль так і ня выканала ўнутрыдзяржаўныя працэдуры для ратыфікацыі гэтага дакумэнту. А Грузія наагул сышла з Садружнасьці, таксама не ратыфікаваўшы канвэнцыю.

У 2007 годзе да Канвэнцыі далучыўся Казахстан, а сёньня — Беларусь.

Далучэньне да Канвэнцыі не зьмяняе беларускага выбарчага заканадаўства. Напрыклад, Канвэнцыя дазваляе вылучаць кандыдатамі на выбарах сябраў грамадзкіх арганізацыяў. А ў Беларусі гэтае права распаўсюджваецца толькі на палітычныя партыі. На пытаньне аднаго з дэпутатаў, як можна сумясьціць такія розныя падыходы, спадар Гур’янаў адказаў: прыярытэт тут аддаецца беларускаму заканадаўству.

«Далучэньне да Канвэнцыі СНД можна лічыць дастаткова пазытыўным крокам», — лічыць сябра рады праваабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзімер Лабковіч:

«Там прапісана шмат момантаў, якія ўзятыя з міжнародных стандартаў. Там значна больш, чым у нашым Выбарчым кодэксу рэглямэнтуецца парадак падліку галасоў, што мы заўжды патрабавалі. Там больш пашыранае тлумачэньне правоў назіральнікаў. Таму, мы лічым, нормы Канвэнцыі павінны быць імплемэнтаваны і ў нашае выбарчае заканадаўства.

Але, на жаль, калі зыходзіць з тых зьменаў, што былі нядаўна ўнесеныя ў Выбарчы кодэкс Беларусі, нашы ўлады разглядаюць гэтую канвэнцыю выключна як дэкляратыўны дакумэнт. Там, дзе ім будзе выгодна, яны будуць на яе спасылацца, маўляў, мы далучыліся. А самі будуць і надалей праводзіць выбары непразрыстыя і недэмакратычныя».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG