Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: вуліца, якая ня стала наноў Віленскай, але пазбавілася помнікаў архітэктуры


Будынак на колішняй Віленскай з шматкамі банэрнай сеткі
Будынак на колішняй Віленскай з шматкамі банэрнай сеткі

У Магілёве пазбаўленыя статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці чатыры будынкі на вуліцы Лазарэнкі.

Працяглы час дамы былі занядбанымі й разбураліся. Пасьля ўзьвядзеньня моста і мадэрнізацыі дарогі яны апынуліся ніжэй за ўзровень праезнай часткі і, як сьцьвярджаецца, страцілі функцыянальную прыцягальнасьць.

Як удалося высьветліць, гаворкі пра знос будынкаў няма. Пазбавілі іх статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці нібыта для паскарэньня рамонту і зьмяншэньня выдаткаў на яго. Для рамонту аднаго з дамоў знайшоўся, як сьцьвярджаецца, інвэстар, які, адрамантаваўшы будынак, зьбіраецца выкарыстоўваць яго пад уласныя гаспадарчыя патрэбы.

Ахоўная шыльда
Ахоўная шыльда
Старшыня Рады абласной арганізацыі «Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» Уладзімер Краўчанка лічыць, што будынкі варта было не пазбаўляць ахоўнага статусу, а знайсьці магчымасьці іхняй рэстаўрацыі:

«У нашым горадзе на працягу апошніх гадоў актыўна зьнішчаюць помнікі гісторыі і культуры. Перадусім гэта дамы старой забудовы. Іх зьнішчаюць не таму, што яны аварыйныя, а таму, што цэнтар гораду ўлады хочуць пераўтварыць у суцэльны навабуд. На месцы старых дамоў узводзяцца новыя „пад даўніну“. Яны не адпавядаюць гістарычнаму абліччу гораду. Можна было знайсьці спосаб уратаваць старыя дамы. Іх можна было выкарыстоўваць калі ня як жылыя, дык хаця б як гаспадарчыя. Трэба мяняць умовы арэнды для прадпрымальнікаў, і бізнэсоўцы адрамантавалі б гэтыя дамы, якія сталі б упрыгожваньнем гораду. Што да дамоў на вуліцы Лазарэнкі, дык іх спачатку давялі да аварыйнага стану, а цяпер пазбавілі і статусу».

Старыя дамы на вуліцы Лазарэнкі ўзьвялі на пачатку дваццатага стагодзьдзя. Тры гады таму было абвешчана, што частцы вуліцы, на якой знаходзяцца гэтыя будынкі, будзе вернутая гістарычная назва — Віленская. За прамінулы час афіцыйнага пераназваньня вуліцы не адбылося. Калі адкрывалі рух па адрамантаванай дарозе, па ёй праехаўся картэж Аляксандра Лукашэнкі. Старыя дамы былой Віленскай тады схавалі за банэрнай сеткай. Яе шматкі на будынках дагэтуль.
частка вуліцы, на якой знаходзяцца будынкі, пазбаўленыя статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці
частка вуліцы, на якой знаходзяцца будынкі, пазбаўленыя статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG