Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адбор на «Эўрабачаньне-2014»: Сара Окс абвінавачвае арганізатараў


Сара Окс
Сара Окс

Нацыянальны адбор на міжнародны сьпеўны конкурс «Эўрабачаньне-2014» чарговым разам суправаджаецца канфліктамі.

Прадусары расейска-ўкраінскай сьпявачкі Сары Окс, якая па выніках ацэнкі журы не ўвайшла ў лік пятнаццаці фіналістаў, кажуць пра прафанацыю праекту і перадвызначанасьць кандыдата на паездку ў Данію.

Мэнэджэры Сары Окс ня вераць у аб’ектыўнасьць журы, якое займалася адборам прэтэндэнтаў на фінальную частку ў студзені наступнага году. Дырэктар праектаў Вольга Кас, якая прадстаўляе інтарэсы сьпявачкі, зазначае: у выніку закрытага праслухоўваньня было пакінута, на думку экспэртаў, 15 лепшых. Але адметна, што тры артысты прадстаўляюць прадусарскі цэнтар адной з чальцоў журы Алёны Ланской. А гэта, на перакананьне суразмоўцы, відавочнае сьведчаньне «прасоўваньня» сваіх людзей. Пры тым, што Ланская ўжо была замешаная ў скандале з фальсыфікацыяй падліку галасоў падчас мінулагодняга адборачнага туру, і ў выніку перамога была аддадзеная гурту «Litesound».

«Увогуле з пазыцыі закону яны павінныя весьці пратакол сходу і ў выпадку спрэчкі прадставіць усю неабходную інфармацыю. А калі яны нічога не прадстаўляюць, адпаведна, нешта хаваюць. На жаль, застаецца толькі будаваць здагадкі. Але. Была ў журы Ланская. У яе няма нават 50% заслуг, якія ёсьць у Сары. Як асоба, аб’ектыўна ніжэйшая ўзроўнем, можа ўвогуле ацэньваць? Па якіх крытэрах? Дый увогуле ні ў кога з чальцоў журы, нават у Ціхановіча, няма столькі рэгалій, як у Сары. Пачнём з гэтага.

Не магу паверыць, што сьпявачку, якую ацэньвала Ала Пугачова, якая вядомая ў Расеі, Украіне, у краінах Эўропы, прыйшлася недаспадобы ў Беларусі? Нас тут ня вельмі ведаюць, бо, найперш, няма шмат якіх тэлеканалаў, на якіх мы раціруемся. Па-другое, нам нявыгадна запускаць у Беларусі піяр-кампаніі — бессэнсоўна патрачаныя час і грошы, нічога адсюль ня выцягнеш. Але мы сёньня на тым узроўні, каб увайсьці ў сьпіс фіналістаў адборачнага туру ад Беларусі. Прынамсі адзін радок зь 15 належыць нам. У выніку мы нікуды не прайшлі. Гэта ў краіне, дзе няма шоў-бізнэсу, дзе ўсё глуха. Абсурд!» — кажа Вольга Кас.

Вольга Кас упэўненая, што кандыдат на паездку ў Капэнгаген даўно вызначаны, і цяпер перад публікай разыгрываюць «спэктакль». Па яе словах, каманда Сары Окс будзе дамагацца ўключэньня яе ў лік фіналістаў дадатковым, 16-м нумарам.

«Мы ня хочам кагосьці падсоўваць зь ліку ўжо названых 15-ці фіналістаў. Мы хочам быць 16-мі, прайсьці ў фінал, выступіць там, каб ня толькі журы, а грамадзяне Беларусі змаглі ацаніць нас. Як бы мы ні выступілі, нават калі мы не паедзем на „Эўрабачаньне“. То бок, мы хочам, каб увесь адборачны тур праходзіў неяк больш цывілізавана і справядліва ў першую чаргу. У дадзеным выпадку, чаго я хачу дамагчыся: каб у гэтым годзе, у наступным ўсё ж памянялі чальцоў журы, і на конкурс паехалі хлопцы, дзяўчаты, якія насамрэч гэтага вартыя. Я цяпер не кажу нават за нас, за Сару. Увогуле кажу: важна, каб талент ацэньваўся годна. Каб годныя прадстаўнікі ўдзельнічалі ў конкурсе. Мы хочам толькі аднаго — справядлівасьці», — сьцьвярджае Вольга Кас.

Песьня Сары Окс для Эўрабачаньня
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:53 0:00
Наўпроставы лінк



Кіраўніца нацыянальнага адборачнага туру «Эўрабачаньне-2014» Вольга Шлягер называе надуманымі прэтэнзіі прадстаўнікоў расейска-ўкраінскай сьпявачкі Сары Окс і падкрэсьлівае, што фармат імпрэзы ня мае на ўвазе ніякае адвольнае «пашырэньне сьпісаў»:

«Што значыць, яны „просяць“? А нехта папросіцца быць 17-м, 18-м, 30-м...
Што значыць, яны „просяць“? А нехта папросіцца быць 17-м, 18-м, 30-м...
Увогуле разумееце абсурднасьць такой сытуацыі? Рашэньне канчатковае, які можа быць „перасуд“. У журы была магчымасьць яе пачуць, ацаніць. Наколькі я памятаю, ёй нават не задалі ніводнага пытаньня — яна якраз выступала першай у другі дзень. Гэта ж конкурс, тым больш, гэта конкурс да „Эўрабачаньня“! Канечне, заўсёды ёсьць незадаволеныя, бо не маглі ўсе сто чалавек прайсьці ў фінал, а ў кожнага прынамсі адзін прыхільнік абавязкова маецца. Проста хтосьці больш актыўны, хтосьці менш актыўны. Але яшчэ раз кажу: гэта рашэньне журы».

Вольга Шлягер дадае, што беларускія арганізатары пайшлі насустрач Сары Окс, паколькі яе статус ставіў пад сумнеў увогуле магчымасьць удзельнічаць у нацыянальным адборы:

«Так, мы ўдакладнялі пэўныя моманты па яе грамадзянстве, бо яна ўказала іншую краіну пражываньня. У нашым палажэньні ёсьць пункт, што маюць права ўдзельнічаць замежныя грамадзяне, якія тут пражываюць. Я ім сказала, што яны гэта не ўказалі ў дакумэнтах, хоць і сьцьвярджалі, што пражываюць тут. Іншымі словамі, мы нават пайшлі ім насустрач, бо я магла іх адхіліць, нічога нават не запытваючы.

Скардзіцца, канечне, можна — гэта таксама прадугледжваецца пэўнымі нормамі. Усе спрэчныя пытаньні вырашае арганізатар праекту, што і ўказана ў палажэньні. Арганізатарам у дадзеным выпадку выступае Белтэлерадыёкампанія, і калі нейкія прэтэнзіі ёсьць, дык яны павінны быць накіраваныя нам. Разам з тым, ёсьць рашэньне журы. Якія ў мяне падставы нешта зьмяняць? Толькі таму што „я так хачу“? Якія ў іх прэтэнзіі, да каго? Да журы? Я ўсё магу зразумець: людзі паспрабавалі — не атрымалася. А цяпер спрабуюць на кагосьці гэта зваліць».

Між тым, прадстаўнікі Сары Окс маюць намер дамагчыся інфармацыі, на якой падставе чальцы журы ў складзе былых удзельнікаў ВІА «Верасы» Аляксандра Ціхановіча і Васіля Раінчыка, сёлетняй удзельніцы «Эўрабачаньня» ад Беларусі Алёны Ланской, кіраўніка Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі, культурнага аглядальніка БТ Міхася Равуцкага ды іншых палічылі ня вартай увагі нумар сьпявачкі.

Як вынікае з аўтабіяграфіі сьпявачкі на яе афіцыйным сайце, Сара Окс нарадзілася ў Кіргізстане, дзяцінства і юнацтва правяла ва Ўкраіне. Скончыла з залатым мэдалём сярэднюю школу і з чырвоным дыплёмам — Інстытут журналістыкі ў Запарожжы. Паралельна займалася музыкай. Першы музычны праект зьвязаны зь беларускім бэндам «Clubblox». Ад 2008 году працуе ў Расеі, ЗША, іншых краінах; удзельніца многіх канцэртаў, рэаліці-шоў, модных паказаў. Паўфіналістка нацыянальнага туру «Эўрабачаньне-2012» ад Расеі, пераможца конкурсу Алы Пугачовай, фіналістка Галівудзкага конкурсу WCOPA, зорка рунэту 2011 і 2012 гадоў па вэрсіі сайту runet-star.ru
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG