Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Побач са зьнявечанымі і забітымі кажанамі знайшлі пустую пляшку гарэлкі


Маладыя навукоўцы сабралі загінулых зьвяркоў і высьвятляюць, што зь імі здарылася
Маладыя навукоўцы сабралі загінулых зьвяркоў і высьвятляюць, што зь імі здарылася

У заказьніку «Барбастэла», што знаходзіцца ў адным з фартоў Берасьцейскай крэпасьці, зьнішчылі і зьнявечылі дзясяткі кажаноў рэдкага віду — шыракавушкі эўрапейскай.

«Мы знайшлі 50 забітых жывёлаў, і яшчэ 20 поўзалі паўжывыя зь перабітымі крыламі», — апавёў Радыё Свабода Віктар Дзям’янчык, намесьнік дырэктара па навуковай працы Палескага аграрна-экалягічнага інстытута НАН Беларусі.

На месцы злачынства знайшлі і пустую пляшку гарэлкі. Хто мог такое ўчыніць, вызначыць будзе вельмі цяжка. Хаця зімоўка адмыслова абсталяваная, знаходзілася за браніраванымі дзьвярыма, але гэта толькі падштурхоўвае нездаровую цікавасьць «аматараў прыгодаў».

Віктар Дзям’янчык: «Аб’ект знаходзіцца на ўскрайку горада. Такое месца, што ня вельмі часта там можна правесьці патруляваньні і ахову. Раз-пораз здараліся раптоўныя набегі розных людзей — дыгераў і іншых. У нас усё было пад замкамі, але ўмудраліся і замкі зьбіваць і піламі зразаць. Нават з аўтагенам прабраліся туды абібокі, і выразалі дзірку ў браніраваных дзьвярах».

Віктар Трафімавіч апавядае, што дасьледчыкі кажаноў шмат гадоў вядуць абарону ад зборшчыкаў мэталялёму.

«Разумееце, там жа быў вайсковы аб’ект, і шмат чаго засталося з савецкіх часоў. Туды лазілі амаль што да апошніх гадоў. Але ўлетку, — кажа Віктар Трафімавіч. — Але ж вось такія заходы зімовыя, бессэнсоўныя, нам цяжка патлумачыць лягічна».

Хаця міліцыя адразу прыехала на месца і ўмела зрабіла сваю працу, кажа Дзям’янчык, ён ня надта верыць, што ўдасца знайсьці вінаватых:

«Тры гады таму таксама была такая катавасія, — распавядае Віктар Дзям’янчык. — Яшчэ страшнейшая. Забілі каля 200 зьвяркоў. І тады на месцы мы пазнаходзілі кулі з баявой зброі. Мы іх здалі ў міліцыю».

І ў той раз ніхто пакараны ня быў.

«А я ведаю, чаму гэта робіцца! — эмацыйна адказвае Віктар Дзям’янчык, — Таму што ў нас вельмі лагоднае заканадаўства ў сэнсе аховы прыроды. Калі сталі моцна штрафаваць за браканьерства па рыбе, дык як зьняло гэтых браканьераў. Штрафы іх спынілі. Няма прэцэдэнтаў, каб нехта атрымаў суровую кару за зьнішчэньне жывёл, якія ўключаныя ў Чырвоную кнігу. І людзі вось так вольна пачуваюцца».
Забітыя кажаны ў берасьцейскім форце
Забітыя кажаны ў берасьцейскім форце

Віктар Фянчук, дырэктар «Аховы птушак Бацькаўшчыны», кажа, што менавіта Беларусь адказная за захаваньне гэтага рэдкага віду кажаноў.

«Шыракавушка эўрапейская — гэта адзін з самых ахоўваемых відаў кажаноў. Калі браць нават усе віды кажаноў, дык для шыракавушкі Беларусь мае асаблівую значнасьць, бо гэты від зімуе ў нас.

І дабрабыт гэтага віду залежыць ад таго, наколькі добра мы ахоўваем месцы іх зімовак».

Дасьледчык кажа, што каб вызначыць, дзе кажанам лепш зімаваць у Беларусі, патрацілі 20 гадоў.

«І такія ўмовы найлепшыя аказаліся ў пустуючых фартах. У адным з фартоў мы зрабілі спачатку афіцыйны заказьнік. А пасьля правялі шэраг розных дасьледаваньняў, каб вызначыць, якія ўмовы ім канкрэтна патрэбныя».

Дасьледчыкі зрабілі спэцыяльныя біятэхнічныя прыстасаваньні — скрынкі, шчыты. «Яны, можа, на першы погляд пададуцца і недарэчнымі, — пасьміхаецца Віктар Трафімавіч, — але там ёсьць асаблівасьці канструкцыі — і каб вільгаць захоўвалася, і каб тэмпэратура трымалася на плюсе, але і не зацёплая».

З кожным годам колькасьць зьвяркоў, якія рэгулярна прыляталі на зімоўку, рабілася большай. І вучоныя ўжо пачалі з гонарам гаварыць пра тое, што ў іх утварылася стабільная зімоўка кажаноў.
У нас самая шматлікая зімоўка шыракавушкі эўрапейскай ў Эўропе

«У нас самая шматлікая зімоўка шыракавушкі эўрапейскай ў Эўропе, — з гонарам, а цяпер і скрухаю кажа Віктар Дзям’янчык. — Два гады таму прыяжджала да нас міжнародная група адмыслоўцаў па кажанах. А паколькі арэал шыракавушкі толькі ў Эўропе і разьмешчаны, дык і ў сусьветных маштабах гэта самая важная зімоўка».

Ня хочацца казаць «была», але цяпер зімоўка разбураная.

Віктар Дзям’янчык кажа, што, каб падтрымаць яе, трэба вялікія сродкі, якіх няма.

«Зноў мы сваім коштам заўтра пойдзем і будзем усё выпраўляць, — кажа ён. — А я добра ведаю, што сёньня ўлетку была ініцыятыва з боку Бонскай канвэнцыі пра мігруючых жывёл (якую, дарэчы, ратыфікавала і Беларусь), па выдзяленьні сродкаў для іх аховы. Адно на адно ківалі і грамадзкія арганізацыі і мінстэрства — і грошай мы не атрымалі».

Гэта далёка ня першы і, найхутчэй, не апошні выпадак гвалту над жывёламі ў Беларусі. Вялікі розгалас набыла справа зьнявечаньня трох дзясяткаў бакланаў у Віцебскай вобласьці. Птушкі, у якіх зламысьнік адрэзаў дзюбы, загінулі самі ад голаду; астатніх давялося ўсыпіць. Злачынцу прысудзілі штраф амаль у тры тысячы даляраў.

Літаральна ў апошнія месяцы ў Менску валянтэры фіксавалі выпадкі гвалту над катамі і сабакамі. З адпаведнай заявай яны зьвярнуліся ў міліцыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG