Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшла кніга пра паваенную Раду БНР


Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” выдала кнігу “Рада БНР (1947–1970): Падзеі. Дакумэнты. Асобы”.

Кніга выдадзеная сумесна зь Беларускім інстытутам навукі і мастацтва (Нью-Ёрк, ЗША) дзякуючы Беларуска-амэрыканскаму грамадзкаму цэнтру “Полацак” (ЗША) і Згуртаваньню беларусаў у Вялікай Брытаніі.

Укладальнікі: дасьледчык гісторыі беларусаў замежжа, кандыдат гістарычных навук Натальля Гардзіенка і архівіст, дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША Лявон Юрэвіч.

Асноўны зьмест кнігі склалі дакумэнты пра дзейнасьць Рады БНР часоў Міколы Абрамчыка — 1947—1970 гг., гаворыцца ў паведамленьні ЗБС «Бацькаўшчына».

Кніга складзеная на падставе матэрыялаў са збораў Беларускага інстытута навукі і мастацтва (Нью-Ёрк). Таксама ў ёй былі выкарыстаныя дакумэнты і ліставаньне са збораў Янкі Запрудніка (ЗША), Тамары Стагановіч (Кольба) (ЗША), Беларускай бібліятэкі імя Скарыны ў Лёндане.

“Праца над кнігаю заняла каля двух гадоў. Ідэя выданьня належыць майму калегу і сябру Лявону Юрэвічу, які і распачаў працу, зьвязаную з пошукам і падрыхтоўкай найперш дакумэнтальных матэрыялаў, што склалі аснову кнігі, – сказала Натальля Гардзіенка. – Кніга задумвалася як выданьне, зьвязанае з 110-гадовымі ўгодкамі Міколы Абрамчыка (1903—1970). І мы паспрабавалі скантактавацца з сынам першага паваеннага прэзыдэнта Рады БНР, што жыве ў Парыжы, каб адшукаць нейкія прыватныя матэрыялы пра яго бацьку. Аднак, на жаль, спатканьне жаданых вынікаў ня мела. Ніякіх матэрыялаў у сына, паводле ягоных словаў, не аказалася. Тым ня менш, цікавыя лісты Міколы Абрамчыка былі знойдзены ў розных эміграцыйных зборах».

«Для нас было важна, што кніга рабілася як бы па-за існай Радай БНР, як выданьне не заангажаванае ў палітычныя падзеі на эміграцыі і з выключна навуковымі мэтамі. Гісторыя Рады БНР на чужыне — важная старонка айчыннай гісторыі, вывучэньню якой мы і хацелі паспрыяць», – кажа Гардзіенка.

Кнігу можна набыць ў “Акадэмкнізе” (Мінск, пр-т Незалежнасьці, 72), у кнігарні “логвінаЎ” (пр-т Незалежнасьці, 37а), на кніжным кірмашы “Мир книг” (Мінск, вул. Я.Купалы, 27, 1-е месца справа ад уваходу ў павільён), у кнігарні “Кніжны салон” (Мінск, вул. Калініна, 5), у інтэрнэт-краме knihi.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG