Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз «вылегчаў» рэзалюцыю на віленскі саміт


Украінскія студэнты ў Вільні пікетуюць пасольства Ўкраіны напярэдадні саміту Ўсходняга партнэрства
Украінскія студэнты ў Вільні пікетуюць пасольства Ўкраіны напярэдадні саміту Ўсходняга партнэрства

Эўразьвяз аслабіў фармулёўкі ў праекце рэзалюцыі саміту Ўсходняга партнэрства, які мае адбыцца 28-29 лістапада ў Вільні.

Паводле нашага карэспандэнта Рыкарда Юзьвяка, які параўноўваў папярэдні праект згаданай рэзалюцыі і цяперашні, зь цяперашняй вэрсіі зьнік Артыкул 49 з дамовы Эўразьвязу, які дазваляе кожнай эўрапейскай краіне прасіць сяброўства ў Эўразьвязе, калі яна «шануе фундамэнтальныя каштоўнасьці Эўразьвязу».

Выключэньне гэтага артыкулу – які мае як сымбалічнае, так і юрыдычнае значэньне – зьяўляецца паразай і моцным ударам для такіх краінаў, як Швэцыя і Польшча, якія выступаюць за пашырэньне Эўразьвязу і перад віленскім самітам мелі надзею, што ўключэньне Артыкулу 49 у рэзалюцыю дасьць краінам Усходняга партнэрства дадатковы штуршок да збліжэньня з Эўразьвязам. Гэта адначасова перамога тых краінаў, якія скептычна ставяцца да далейшага пашырэньня Эўразьвязу, у першую чаргу Францыі, Нямеччыны і Нідэрляндаў.

Тэкст праекту рэзалюцыі быў аслаблены яшчэ і заменай слова «дзяржавы» – якое адносілася да Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны – словам «краіны», як гэта было ў выпадку рэзалюцыі па «паўднёваму партнэрству», якое датычыла краінаў Паўночнай Афрыкі.

І ў фармулёўцы датычнай Малдовы – «Эўразьвяз вітае выкананьне Малдовай усіх патрабаваньняў пляну адносна лібэралізацыі візавай палітыкі» – зьнікла слова «ўсіх», што можа азначаць, што адмена візаў для малдаванаў яшчэ не зьяўляецца вырашанай справай і будзе прадметам дыскусіі на саміце.

Віленская дэклярацыя, якая падсумоўвае, што было дасягнута Ўсходнім партнэрствам да гэтага часу і вызначае, што трэба зрабіць да наступнага саміту ў 2015 годзе, будзе заўтра разгледжаная прадстаўнікамі Армэніі, Азэрбайджану, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны, перш чым яе пададуць на фармальнае ўхваленьне кіраўнікамі дзяржаваў і ўрадаў 29 лістапада ў літоўскай сталіцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG