Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Дзядок заказаў кнігу пра Кастуся Каліноўскага


Мікалай Дзядок

Мікалай Дзядок назьбіраў у турме асабістую бібліятэку, ў якой больш за 40 кніг — якіх новых кніжных паступленьняў чакае палітвязень?

Актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок за час адбыцьця пакараньня атрымаў ужо некалькі бандэроляў з кнігамі. «У Мікалая назапасілася бібліятэка апошніх навінак і хутка кніг будзе яшчэ больш. Вось набыла па ягонай просьбе кнігу пра Каліноўскага і хутка яму пашлю», — паведаміла карэспандэнту «Свабоды» жонка палітвязьня Валерыя Хоціна. Валерыя распавяла пра тое, як складалася турэмная бібліятэка яе мужа.

«Ня ведаю, адкуль ён пра навінкі даведваецца, хіба што з газэт. Але ён заказвае заўсёды нешта новае, беларускае. Прыкладам, што выпусьціла якая кнігарня, ці „Радыё Свабода“, ці прэзэнтавалі ў „Галерэі Ў“ і гэтак далей. Звычайна яму дазволена атрымаць 6-8 кніг. Ён паведамляе, што хацеў бы атрымаць, мы зьбіраем яму новыя кнігі для чарговай бандэролі і паведамляем яму. Ён тады піша заяву і потым атрымлівае. Але кнігі, безумоўна, ён выбірае з улікам таго, што прапусьцяць».

Валерыя Хоціна кажа, што ўсяго, паводле яе падлікаў, у Мікалая Дзядка назапасілася больш за 40 кніг. Па выхадзе з турмы ён зможа іх забраць, калі не прыме рашэньня пакінуць выданьні ў турэмнай бібліятэцы.

Актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок асуджаны на 4,5 года зьняволеньня за ўдзел у нападах на афіцыйныя будынкі. Сваю віну актывіст не прызнаў. Утрымліваюць Мікалая Дзядка ў Магілёўскай крытай турме. Мінулым месяцам Мікалай Дзядок быў зьмешчаны на некалькі дзён ў турэмны карцэр. Падрабязнасьцяў пакараньня сваякі ня ведаюць. У апошнім лісьце, які прыйшоў ад Мікалая Дзядка два тыдні таму, ён паведамляў, што «зь ім усё нармальна».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG