Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Януковіч стане для Эўропы другім Лукашэнкам


У Эўразьвязе выказалі расчараваньне рашэньнем украінскага ўраду прыпыніць эўраінтэграцыю на карысьць Мытнага саюза.

Эўрапейскія дыпляматы і палітыкі мяркуюць, што ўкраінская ўлада такім чынам прагнулася перад Крамлём. Палітолягі кажуць, што да эўраінтэграцыі Ўкраіна ўсё роўна вернецца. Магчыма, ужо пры іншым прэзыдэнце.

Пасьля таго, як урад Украіны прыняў рашэньне спыніць працэс падрыхтоўкі падпісаньня пагадненьня аб асацыяцыі з Эўразьвязам, у Брусэлі запанавала замяшаньне. Яно дадалося да расчараваньня, выкліканага правалам прыняцьця ў Вярхоўнай Радзе законапраекта, які даў бы магчымасьць вырашыць праблему Цімашэнка. Эўракамісар па пытаньнях пашырэньня Штэфан Фюле тэрмінова адмяніў свой вылет у Кіеў і заняўся падрыхтоўкай афіцыйнай заявы — рэакцыі на весткі з Украіны.

Швэдзкі міністар замежных спраў Карл Більт на сваёй старонцы ў сетцы Twitter напісаў, што «ўкраінскі ўрад нечакана прагнуўся перад Крамлём». «Відавочна, дзейнічае палітыка грубага ціску»,— дадаў дыплямат.

У інтэрвію польскім СМІ сябра назіральнай місіі Эўрапарлямэнта ва Ўкраіне Аляксандр Квасьнеўскі адзначыў, што на саміце ў Вільні дамовы не падпішуць:

«На наступным тыдні прадставім справаздачу Эўрапарлямэнта. Місія сканчаецца. Шкада, што заканчваецца без такога фіналу, як падпісаньне пагадненьня».

Аляксандар Рар
Аляксандар Рар
Вядомы нямецкі палітычны аналітык Аляксандр Рар у размове са Свабодай тлумачыць, што «Эўрапейскі зьвяз быў упэўнены, што для Януковіча важней наблізіць Украіну да ЭЗ, што ён хоча ўвайсьці ў гісторыю як чалавек, які зрабіў першы крок інтэграцыі Ўкраіны ў Эўропу. І гэта важней, чым лёс Цімашэнка. Але выявілася, што Цімашэнка — настолькі небясьпечны фактар вялікай палітычнай гульні ўнутры Ўкраіны, што ўлады ахвяравалі эўрапейскай інтэграцыяй».

Улічваючы рашэньне Ўкраіны, нямецкі палітоляг таксама адзначыў, што цяпер надыходзіць пэрыяд крытыкі і абвінавачваньняў:

«Цяпер мы станем сьведкамі вельмі жорсткай рыторыкі ў Эўразьвязе, што зьяўляецца вынікам вялікіх перажываньняў і расчараваньняў. Гэтую фазу абвінавачваньняў варта прайсьці. Будуць казаць, што Януковіч — гэта другі Лукашэнка, што з Украінай варта абыходзіцца як зь Беларусьсю. Потым паглядзім, якія дамоўленасьці будуць заключацца з Расеяй. Я сумняваюся ў уступленьні Ўкраіны ў Мытны саюз, але ў нейкіх сфэрах пагадненьні будуць. Расея неяк аддзячыць Украіну за тое, што тая не пайшла ў Эўрапейскі зьвяз»,— кажа палітоляг.

Але ў пэрспэктыве ўкраінцы ўсё ж вернуцца ў Эўрасаюз, калі не за Януковіча, то за іншага прэзыдэнта, перакананы Аляксандр Рар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG