Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аналітык з Кіева: Наступствы для Ўкраіны будуць трагічнымі


Сёньняшняе рашэньне ўладаў Украіны спыніць эўраінтэграцыю карэспандэнту Свабоды пракамэнтаваў палітычны аналітык з Кіева Ігар Лосеў.

РС: Ці можа яшчэ нешта зьмяніцца за тыдзень, які застаўся да Віленскага саміту?

Ігар Лосеў
Ігар Лосеў
Лосеў: Шанцаў вельмі мала і яны набліжаюцца да нуля. Шчыра кажучы, я ад самага пачатку ня верыў, што гэтае кіраўніцтва, гэтыя людзі зь іхнай, як кажуць, крэдытнай гісторыяй пойдуць да Эўразьвязу, што супярэчыць усяму іхнаму спосабу жыцьця. І было вельмі цяжка паверыць у тое, што гэты антыэўрапейскі Саўл стане праэўрапейскім Паўлам. Бо гэтыя людзі антыэўрапейцы паводле самой сваёй прыроды. Улічваючы, як яны жылі, як яны рабілі свае капіталы, свае палітычныя кар'еры і г.д. У гэтым нічога эўрапейскага няма. Апроч гэтага зразумела, што гэты шалёны ціск з боку Масквы зрабіў на іх уплыў, бо нейкіх ідэйных падставаў, ідэйных прынцыпаў гэтыя людзі ня маюць, каб чыніць адпор такому ціску. І адпаведна там быў ня толькі ціск, але і вельмі прывабныя прапановы для пэўных асобаў у кіраўніцтве Ўкраіны. Таму мяне гэта моцна не зьдзіўляе. Гэта быў вельмі маленькі шанец для нашага грамадзтва, шкада што так шмат людзей у гэта паверылі, бо ня можна было ў гэта верыць. Гэта была гульня, гэта быў гандаль. Напэўна, Расея на гэтым этапе прапанавала болей зноў жа не Ўкраіне, а пэўным асобам. Іншая рэч, што наступствы для Ўкраіны будуць трагічнымі.

РС: Давайце паразважаем пра наступствы для Ўкраіны ў каротка- і доўгатэрміновай пэрспэктыве...

Лосеў: Што да кароткатэрміновай пэрспэктывы, мы ўжо бачым, што Ўкраіна зробіць такім чынам вялікі крок у кірунку Мытнага зьвязу. А ўлічваючы заявы спадара Пуціна пра тое, што Мытны зьвяз будзе ствараць адзіную сыстэму паветранай абароны, выглядае так, што гэта ня толькі эканамічны праект, але гэта і вайскова-палітычны праект і адпаведна ствараецца нейкая гістарычная варыяцыя Савецкага Саюзу. І ў доўгатэрміновай пэрспэктыве я думаю, усе краіны, якія ўвайшлі ў склад Мытнага зьвязу, страцяць дзяржаўны сувэрэнітэт і ператворацца ў нешта накшталт пратэктаратаў, у найлепшым выпадку, калі не ў непасрэдныя калёніі.

РС: А калі з вашага гледзішча можна будзе вярнуцца да пытаньня эўраінтэграцыі Ўкраіны?

Лосеў: Толькі ў тым выпадку калі ва Ўкраіне зьменіцца ўлада, бо сёньняшняя ўлада антыэўрапейская паводле прыроды.

РС: Значыць, з вашага гледзішча, для Ўкраіны дзьверы ў Эўропу на бліжэйшы час зачыняюцца?

Лосеў: Бясспрэчна. Яны зачыняюцца і Масквою і кіраўніцтвам Партыі рэгіёнаў, што знаходзіцца ва Ўкраіне пры ўладзе.

РС: Як вы думаеце, ці могуць быць пратэсты супраць гэтага рашэньня?

Лосеў: Ці будзе нейкая грамадзкая непакора, забурэньні? Магчыма. Але сёньня мы маем надзвычайна слабую апазыцыю, вельмі слабую. І нават калі народ выявіць жаданьне пратэставаць, я ня ведаю, наколькі гэтая апазыцыя будзе здольная арганізаваць гэтыя пратэсты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG