Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Знаткевіч пра 10 найлепшых дэбютных альбомаў


Лу Рыд
Лу Рыд

У кожнай галіне мастацтва ёсьць людзі, чые першыя творы адразу ставяць іх на пачэснае месца. Бывае, што потым нічога лепшага за дэбют у іх і не зьяўляецца.

Але, напрыклад, аўтар прозы мае мала шанцаў дайсьці да шырокай публікі першай жа кнігай. Я магу колькі заўгодна казаць, што Мілан Кундэра мог спакойна абмежавацца сваім першым чэскамоўным раманам «Жарт», ці нават першым зборнікам апавяданьняў «Сьмешныя каханьні», ды і ўвогуле ён усё галоўнае выказаў адным апавяданьнем з гэтага зборніка – «Эдуард і Бог». Вось толькі ня факт, што я наагул даведаўся б пра аўтара без пазьнейшых «францускіх» твораў.

Іншая рэч папулярная музыка, дзе маладосьць і «сьвежасьць» каштоўныя самі па сабе, а дайсьці да шырокай публікі прасьцей. У гэтым сьпісе – дзесяць дэбютных альбомаў, чые аўтары не адкладалі цудаў на потым. Па спасылках можна паслухаць альбомы цалкам.

The Velvet Underground, “The Velvet Underground & Nico” (1967)


Калі некалькі тыдняў таму, пасьля сьмерці Лу Рыда, у адмысловай праграме на Бі-бі-сі абмяркоўвалі яго музычную спадчыну, дык некалькі разоў гучала думка, што менавіта ён у 1960-я упершыню прыўнёс у папулярныя песьні тыя тэмы і матывы, якія да таго былі толькі ў літаратуры. Наўрад ці гэта праўда – раней былі і песьні Брэхта ды Вайля, і ў тым жа 1967-м ужо спыніў сваю музычную кар'еру Жак Брэль. Але дэбютны альбом Velvet Underground, прадусаваны мастаком Эндзі Ўоргалам, сапраўды адкрыў новыя тэрыторыі і стаў крыніцай натхненьня для рок-музыкаў на шмат гадоў наперад.




The Doors, “The Doors” (1967)


У адрозьненьне ад дэбютнага альбому Velvet Underground, які па выхадзе прадаваўся ня вельмі пасьпяхова, гэты дыск, які выйшаў на некалькі месяцаў пазьней, «стрэліў» адразу ж. Харызма, голас і паэтычны талент Джыма Морысана разам з музычнай энэргіяй гурту стварылі выбуховую сумесь – ад першых радкоў альбома «Ты ведаеш, што дзень зьнішчае ноч/ Ноч падзяляе дзень/ Час бегчы, час хавацца/ Прарвіся на іншы бок...» да апошняга «...гэта канец».


The Stooges, 'The Stooges” (1969)


Калі ў Вікіпэдыі пішуць, што панк-рок зьявіўся ў сярэдзіне 70-х, ня верце. Задоўга да сьпеваў пра тое, што будучыні няма, гучалі радкі пра яшчэ адзін год, у які няма чаго рабіць, і гэты год меў лічбу 1969. Калі амэрыканскія «гаражныя» гурты 60-х часам называюць «протапанкам», дык для The Stooges гэтае «прота» відавочна лішняе. Не бяды, што удзельнікі гурту ня мелі фрызураў-іракезаў і шпілек на скуранках. Як казаў лідэр The Stooges Ігі Поп: «Я хацеў ствараць музыку, якая б выбухнула і вынесла мяне, як ракету, з таго жыцьця, што для мяне заплянавалі іншыя».




Violent Femmes, “Violent Femmes” (1983)




Пачатак 1980-х – «новая хваля», «цяжкі мэтал», «індастрыял», нехта ўжо называе сябе «відэагуртом, які робіць музыку, а не музычным гуртом, які робіць музычныя відэа». А гэтыя трое хлопцаў з амэрыканскага штату Вісконсін запісваюць альтэрнатыўныя гімны для падлеткаў, і замест відэаэкрану са сцэны публіку сьвідруюць шалёныя вочы Гордана Гана.





Mano Negra, “Patchanka” (1988)


Гэты францускі гурт ужо на першым альбоме стварыў свой унікальны гук – песьні па-француску, гішпанску і ангельску; сумесь панку, ска, сальсы, рэгі ды шмат чаго яшчэ з этнічнай музыкі сьвету. Сама назва альбому – слова, якое значыць мяшанку афрыканскіх, лацінаамэрыканскіх ды іншых рытмаў. Пазьней у сваіх сольных альбомах лідэр гурту, Ману Чао, гэтыя гукі і рытмы крыху ўтаймаваў і аздобіў, атрымаўшы прызнаньне шырокай публікі, але прынамсі ў Заходняй Эўропе Mano Negra адразу ж набылі культавы статус.




Уліс, «Чужаніца» (1989)

Па іншы бок эўрапейскай жалезнай заслоны ў канцы 1980-х таксама віравала музычнае жыцьцё. Дастаткова сказаць, што гэты дэбют, запісаны ў Польшчы, выпусьціў і савецкі манапаліст грамзапісу «Мелодия». Што праўда, з дыску зьніклі тры песьні з адзінаццаці, але, як на дзіва, нават на «ўсесаюзным» варыянце гучалі і «Краіна ў кратах», і «Калі імпэрыя зьнікне». Тэксты Аксёнцава, гітара Кораня, бас Краўчанкі, голас Патрэя, грукат Шэвандо і Цініцкага – лепшай камбінацыі ў беларускім року, здаецца не было ад тых часоў.




PJ Harvey, “Dry” (1992)



Пакуль на Заходнім ўзьбярэжжы ЗША набіраў моцы грандж, у Англіі пачала рабіць сваю вэрсію новай гітарнай музыкі галоўная рок-гераіня 90-х. Пазьней Полі Джын Гарві далучыла да музычнай палітры сваіх запісаў і фартэпіяна, і арган, і саксафон, і нават арфу, але для аматараў рок-мінімалізму мала што параўнаецца зь яе першым альбомам.


Троіца, «Троіца» (1997)




Дэбютны альбом беларускага этна-трыё арганічна спалучыў народныя песьні, інструмэнты з усяго сьвету і нетрадыцыйныя аранжыроўкі на мяжы року. Першы кампакт-дыск зь беларускай музыкай, які я ўвогуле пабачыў, дагэтуль застаецца сярод любімых.




The Dresden Dolls, “The Dresden Dolls” (2003)

Мой ангельскі знаёмец Джэф некалі тлумачыў, што сапраўдная музыка – толькі тая, ад якой валасы на сьпіне падымаюцца. Тады я зь ім пагадзіўся, але зь цягам гадоў усё цяжэй атрымаць ад новай музыкі такі эфэкт. Аманда Палмэр – колішняя палова бостанскага панк-кабарэ-дуэту The Dresden Dolls – адна зь нешматлікіх выканаўцаў, хто дагэтуль рэгулярна піша і сьпявае песьні, ад якіх валасы ня могуць застацца ў спакоі. А пачала яна гэты занятак якраз песьнямі з гэтага альбому. Дарэчы, 19 лістапада ў Аманды Палмэр выйшаў «жывы трайнік» з канцэртаў, дзе яна выступала з сваім мужам, ангельскім пісьменьнікам Нілам Гэймэнам. Другая палова колішніх Дрэздэнскіх лялек – бубнач Браян Вільёнэ – сёлета ўлетку далучыўся да адроджаных Violent Femmes.




Alt-J, “An Awesome Wave” (2012)


Alt-J з ангельскага Лідсу, якія завяршаюць гэты сьпіс, на канцэртных запісах часам гучаць як школьны ансамбаль, якому не хапіла рэпэтыцый. Але не таму, што гэтыя хлопцы – кепскія музыкі. Проста надта ўжо высокую плянку для параўнаньня яны паставілі багатымі і стылёвымі аранжыроўкамі са свайго першага і пакуль адзінага альбому. “An Awesome Wave” слухаецца на адным подыху. Ня ведаю, ці хацелі яны самі стварыць нешта цэльна-канцэптуальнае, але ў любым выпадку гэта атрымалася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG