Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гарадзеншчыне прадаюцца школы, клюбы, сьвінарнікі, сядзібы...


Сядзіба Багудзенкі ў мястэчку Поразава Сьвіслацкага раён, тут спалучаюцца рысы барока і клясыцызму
Сядзіба Багудзенкі ў мястэчку Поразава Сьвіслацкага раён, тут спалучаюцца рысы барока і клясыцызму

Фонд «Гроднааблмаёмасьць» выставіў на продаж некалькі дзясяткаў будынкаў, сярод якіх былыя школы, клюбы, бібліятэкі, пошты, сьвінарнікі, бомбасховішча і нават комплекс будынкаў былой сядзібы, якая зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю.

Чаму гаспадары распрадаюць маёмасьць?

У Шчучынскі раёне прадаюць адразу чатыры будынкі былых школаў — у вёсках Багушова, Кемяны, Красулі і Лагоды. Усе яны — пабудовы 70-х гадоў мінулага стагодзьдзя, цагляныя, двухпавярховыя.

У Шчучынскім аддзеле адукацыі кажуць, што гэтыя школы паэтапна закрывалі на пачатку двухтысячных гадоў з-за таго, што ў іх ня стала каму вучыцца. Будынкі патрабуюць рамонту і няма сродкаў на тое, каб іх утрымліваць. Улады пакуль не ўяўляюць хто іх набудзе, паколькі ў вёсках жывуць пераважна людзі пэнсійнага веку. Гаворыць супрацоўніца Шчучынскага аддзела адукацыі:

«Цяпер нават у сярэдніх школах, якія разьлічаныя на 700-800 месцаў, вучацца па 120-200 чалавек. У нашым раёне на наступны год на ўвесь раён застанецца толькі адна базавая школа ў Мажэйкава, а так будуць толькі сярэднія школы».

Будынкі былых школаў прадаюцца таксама ў Наваградзкім і Мастоўскім раёнах. А вось Наваградзкі гісторыка-краязнаўчы музэй выставіў на аўкцыён двухпавярховы цагляны будынак друкарні 1936 года. Пачатковы кошт — 586 174 143 рублі. Будынак знаходзіцца ў самым цэнтры горада, але як кажа дырэктарка музэя Тамара Вяршыцкая, карыстацца ім ня могуць, хоць хацелі б:

«Нам павесілі гэтыя будынкі, калі зачынілі друкарню, а грошай на тое, каб зрабіць рамонт, не даюць. І паколькі іх аж два там, то адзін выстаўляецца на аўкцыён, ну, а другі пакуль кансэрвуем, можа некалі зьявяцца грошы. Будынак, па праўдзе кажучы, ў жахлівым стане, там патрэбны капітальны рамонт».

Сьвіслацкі цэнтральны раённы шпіталь выстаўляе на продаж комплекс будынкаў былой сядзібы Багудзенкі ў Поразаве. У ім мясьціўся мясцовы шпіталь, які зачынілі напрыканцы 90-х гадоў. Неабыякавая да гістарычнай каштоўнасьці бугальтарка шпіталя распавядае, што назва сядзібы паходзіць ад выразу «Богу дзякуй».

А яшчэ дадае, што там незвычайны парк, у якім 455 шматгадовых расьлін і дрэваў: туі, ліпы, сосны, сьлівы, асіны, дубы, яблыні, грабы, елкі, таполі, бярозы, клёны і сосны. Стан сядзібы, паводле яе, жахлівы, але і прадаецца нядорага: 874 432 553 рублі. Яна кажа, што пару гадоў таму быў шанец надаць належны выгляд сядзібе і парку, але не атрымалася:

«Расейская кінастудыя, ня памятаю дакладна якая, даслала нам ліст гады два таму. Яны хацелі здымаць фільм менавіта ў гэтых дэкарацыях. А дзеля таго, каб там можна было здымаць, трэба было тут усё прывесьці ў належны стан. Але ў нашым раёне грошай на гэта не знайшлося, так і не прыехалі да нас здымаць кіно...»

У вёсцы Драгічаны Ваўкавыскага раёна прадаюць будынак былога вясковага клюба, а ў Лядзе Мастоўскага раёна — сьвінарнік і некалькі цэхаў і гаспадарчых пабудоваў. За дзьве базавыя велічыні ў вёсцы Дзенькаўцы прадаецца бібліятэка з прыбудовай.

У Росі Ваўкавыскага раёна на продаж выстаўляецца цэлы комплекс самых разнастайных будынкаў былога вайсковага гарадка: казарма, пункт кіраваньня, КПП, сьвінарнік, гараж, бомбасховішча ды шмат іншага. Гэты лот каштуе найдаражэй — 1 629 286 864 рублі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG