Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як middle class Заходняй Эўропы, у Беларусі жыве 0,7% насельніцтва


Міхал Залескі
Міхал Залескі
Малдова, Украіна і Беларусь прызнаныя самымі беднымі краінамі Эўропы. Да такіх высноваў прыйшла кампанія GFK, якая дасьледавала пакупніцкую здольнасьць грамадзянаў у розных дзяржавах Эўропы. Экспэрты ўлічылі ўсе даходы, ад якіх аднялі выдаткі на камунальныя паслугі, транспарт і харчаваньне. Чаму Беларусь у розных рэйтынгах трапляе на вельмі розныя месцы паводле ўзроўню жыцьця? Як можна ўлічыць тыя сацыяльныя даброты, якія дае грамадзянам Беларусі дзяржава? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае эканаміст Міхал Залескі.

— У самых розных рэйтынгах Беларусь выглядае зусім ня так кепска. Ці было для вас нечаканым, што паводле дадзенага дасьледаваньня Беларусь прызнаная адной з найбяднейшых краінаў Эўропы?

— Не, гэта ня стала нечаканасьцю. Якраз у пачатку 90-х я займаўся ў межах праграмаў Сусьветнага банку вывучэньнем беднасьці ў Беларусі. І прапаноўваў менавіта такі крытэрый — долю харчовых прадуктаў у бюджэце сям’і. Чым вышэйшая гэтая доля, тым вышэйшы ўзровень беднасьці. Кожнаму чалавеку трэба есьці 900 кіляграмаў ежы ў год. А колькі яна каштуе, колькі чалавек вымушаны на яе траціць — гэта і вызначае паказчык беднасьці. І становішча Беларусі цалкам слушна прадэманстравана гэтым рэйтынгам.

— Аднак прадстаўнікі беларускага кіраўніцтва часта нагадваюць, што дзяржава дае грамадзянам розныя даброты ў той ці іншай форме. Гэта і бясплатная мэдыцына, і камунальныя паслугі, і гэтак далей. Маўляў, нельга ўлічваць толькі заробак, а трэба ўлічваць і ўсе гэтыя выдаткі дзяржавы.
Дзяржава дае на чалавека 50 цэнтаў у дзень на мэдыцыну. У 35 разоў менш, чым у ЗША, і ў 15 разоў меней, чым у Заходняй Эўропе

— Безумоўна, трэба ўлічваць. Дзяржава, напрыклад, дае на чалавека 50 цэнтаў у дзень на мэдыцыну. У 35 разоў менш, чым у ЗША, і ў 15 разоў меней, чым у Заходняй Эўропе. Калі мы кажам пра тое, што даецца бясплатна, што ёсьць фонды грамадзкага спажываньня — то трэба казаць і пра тое, як яны нераўнамерна разьмяркоўваюцца. І аказваецца, што найбольшую частку гэтых фондаў спажываюць 10 адсоткаў самых багатых сем’яў. Бо яны чынавенства і маюць доступ да гэтых фондаў. А астатнім — звычайная паліклініка з чэргамі.

— Змаганьне зь беднасьцю абвяшчаецца ці не галоўнай задачай беларускай улады ў сацыяльнай сфэры. Але чаму яна так і не выконваецца?

— Колькасьць бедных паводле беларускіх разьлікаў скарацілася за гады незалежнасьці з 47 да 20 працэнтаў. Так, адбыўся зрух да сярэдзіны. Але ў нас няма такога панятку як сярэдняя кляса, бо, як middle class Усходняй Эўропы, у нас жыве 4 працэнты насельніцтва, а як middle class Заходняй Эўропы — 0,7 працэнта.

Але гэтае зьмяшчэньне да сярэдзіны адбылося ня дзякуючы нейкай мудрай палітыцы ўраду, а дзякуючы таму, што кожны год наша замежная запазычанасьць павялічвалася на 2 мільярды даляраў. Раней не было пазыкаў, а зараз сукупная замежная запазычанасьць — пад 40 мільярдаў. Вось гэта і ёсьць коштам нашага змаганьня зь беднасьцю.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG