Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Футбаліст Юрчанка заснаваў праект у падтрымку беларускай мовы


Юрась Юрчанка
Юрась Юрчанка
Сайт krok-naperad.by абвясьціў конкурс на найлепшае матывацыйнае відэа на беларускай мове.

Аўтар ідэі, футбаліст Юрась Юрчанка, на ўласныя сродкі стварыў старонку ў сеціве і зьняў некалькі відэа, у якіх растлумачыў сэнс праекту і патлумачыў правілы конкурсу. Ёсьць на сайце і прафэсійна зьняты ролік, які заклікае гаварыць па-беларуску. Яго можна лічыць арыенцірам для тых, хто хоча паўдзельнічаць у конкурсе.

Юрась Юрчанка сёлета скончыў кар’еру ў прафэсійным футболе. Хлопец гуляў за юнацкую і моладзевую зборную Беларусі, а таксама ў футбольных клюбах «МТЗ-РІПА», «Тарпэда-Жодзіна» і «Зорка-БДУ». Сёлета ж Юрась скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт. Цяпер працуе ў Менску.

«Мне вельмі падабаецца беларуская мова. Неяк прыйшла ідэя, каб паглядзець, як людзі адрэагуюць на прапанову паўдзельнічаць у конкурсе відэаролікаў на беларускай мове. Мне стала цікава, ці адгукнецца хто-небудзь, ці дашле ролікі. Калі шчыра, то я перакананы, што па-беларуску могуць размаўляць усе жыхары Беларусі. І ёсьць такая праблема, што мы на ёй не размаўляем. Вось і хочацца даведацца — чаму?» — разважае Юрась Юрчанка.

Хлопец прызнаецца, што мову любіў заўсёды, але не размаўляў, бо не было з кім — знаходзіўся ў расейскамоўным асяродзьдзі:

«Я не заўсёды быў беларускамоўным. Аднак беларускай мовай цікавіўся заўсёды, мне яна вельмі падабаецца. Толькі вось ніколі не было ў мяне асяродзьдзя, дзе б я мог размаўляць па-беларуску. Мне здаецца, што такая праблема існуе шмат у каго, таму трэба шукаць нейкія выйсьці, нейкія напрамкі. Для мяне гэты конкурс — як сродак пераканацца, што такіх людзей шмат».

Конкурс ролікаў будзе адбывацца ў трох кірунках: «А ты размаўляеш па-беларуску?», «Зрабі крок наперад» і «Зараз ці ніколі». Відэа павінна ўключаць у сябе адзін з гэтых трох слоганаў, быць на беларускай мове, насіць непалітычны і нерэлігійны характар, ня ўтрымліваць ненарматыўнай лексыкі, мець матывацыйны характар, а значыць — падштурхоўваць чалавека да дзеяньня.

«Мяжа паміж ролікамі, якія носяць і які ня носяць палітычны характар, можа быць даволі празрыстай, калі ўлічыць тое, што часам і проста сам факт выкарыстаньня беларускай мовы можа быць палітычнай праявай. Але сам праект ствараўся як непалітычны, я сам ніякім чынам не зьвязаны з палітыкай, мяне гэта не цікавіць. Таму я не хачу, каб тут была нейкая апазыцыйная афарбоўка. Хачу, каб незаангажаваныя ў палітыку людзі бралі ўдзел у праекце. Ролікі не павінны закранаць уладу, каб не было праблемаў. Таму што гэта ніякім чынам не палітычны праект. Няхай ролікі будуць пра жыцьцё, а не пра палітыку», — кажа Юрась Юрчанка.

Тэхнічныя патрабаваньні да відэа мінімальныя. Юрась кажа, што любы чалавек, у якога ёсьць мабільны тэлефон, можа зьняць ролік для конкурсу, было б жаданьне:

«Галоўнае — ня колькасьць мэгапіксэляў, галоўнае — ідэя», — падсумоўвае былы спартовец.

Прыём ролікаў будзе адбывацца з 15 лістапада да 11 сьнежня. Узнагароджаньне — 18 сьнежня. Пераможцаў будуць абіраць як шляхам адкрытага галасаваньня, так і пры дапамозе журы, у склад якога ўвайшлі намесьнiк дырэктара Iнстытуту мовы i лiтаратуры iмя Якуба Коласа i Янкi Купалы НАН Беларусi Сяргей Гаранін, намесьнік дырэктара па навуковай працы і выдавецкай дзейнасьці Дзяржаўнай установы «Нацыянальная бібліятэка Беларусі» Алесь Суша і актрыса Любоў Дударэвіч.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG