Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сям’я Піліпца мела патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў


Віктар Піліпец
Віктар Піліпец

Магілёўскі абласны суд працягвае разгляд крымінальнай справы супраць былога старшыні Гомельскага гарвыканкаму Віктара Піліпца.

Яму інкрымінуюцца злоўжываньні службовым становішчам пры разьмеркаваньні кватэраў. Абвінавачанымі па справе праходзяць чацьвёра службоўцаў з гомельскага ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва. Паводле сьледзтва, абвінавачаныя, пазьбягаючы нарматыўных перашкодаў, разьмяркоўвалі кватэры між сваякамі і знаёмымі па заніжаных коштах, а таксама афармлялі ўгоды па набыцьці кватэраў на падстаўных асобаў. Махінацыі з кватэрамі службоўцы выдавалі за прыцягненьне дадатковых інвэстараў. 11 лістапада суд пачаў допыт сьведак.

У сьведак суд высьвятляў правамернасьць рашэньняў, прынятых гарвыканкамам і ўпраўленьнем капітальнага будаўніцтва аб разьмеркаваньні і продажы кватэраў у 2011 годзе.

Былая намесьніца начальніка аддзелу будаўніцтва гомельскага гарвыканкаму Іна Савіцкая ў сваіх паказаньнях назвала 25 кватэраў, якія пасьля спыненьня льготнага крэдытаваньня засталіся незапатрабаванымі. Паводле чыноўніцы, кватэры ўжо дабудавалі, але на іх заставаліся даўгі. Тады распрацавалі праект рашэньня, каб прадаць іх праз заключэньне дамоваў на долевае будаўніцтва.

Начальнік юрыдычнага аддзелу гарвыканкаму Вольга Марозава ў сваіх паказаньнях прызнала, што пастанова, паводле якой кватэры разьмяркоўваліся праз заключэньне дамоваў на долевае будаўніцтва, не адпавядала заканадаўству. Такія дамовы, даводзіла юрыстка, належала заключаць, калі дом яшчэ будаваўся, а не тады, калі яго ўжо ўзьвялі. Паводле Марозавай, упраўленьне капітальнага будаўніцтва павінна было прадугледзець нястачу фінансаваньня і зрабіць захады, каб пазьбегнуць гэтай праблемы.

Як высьветлілася на судовым пасяджэньні, гаспадарчы суд Гомельскай вобласьці прызнаў разьмеркаваньне кватэраў праз заключэньне дамоваў на долевае будаўніцтва незаконным і вярнуў кватэры ў камунальную ўласнасьць. Пазьней іх разьмеркавалі між людзьмі, якія мелі патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў.

На судовым пасяджэньні агучылі, што Віктар Піліпец шукаў магчымасьці палепшыць умовы для свайго асабістага кіроўцы Камянёва. Кіроўцу нібыта падшукалі кватэру ў абход зацьверджаных працэдураў. Яе выдзелілі з тых, якія выявіліся незапатрабаванымі. Піліпец не пагадзіўся з довадамі, што Камянёву кватэру далі незаконна. Пра сваю ж сям’ю былы кіраўнік гарадзкой улады сказаў, што яна стаяла ў чарзе на паляпшэньне жыльлёвых умоваў. Жыльлёвую плошчу ён набываў не па заніжаных коштах, у чым яго абвінавачваюць.

Дом Віктара Піліпца
Дом Віктара Піліпца


У абвінаваўчым акце, які агучваў на судзе пракурор Дзяніс Кічыгін, гаварылася, што Віктар Піліпец зьбіраўся набыць па заніжаных коштах чатыры кватэры — дзьве для сябе і дзьве для дачкі. Ён жа зацьвярджаў дакумэнты па незаконна разьмеркаваных кватэрах і не прадухіляў злачынстваў, ведаючы пра іх.

Віктар Піліпец і былая начальніца плянава-дагаворнага аддзелу Ала Нізкоўская ў залі суду знаходзяцца на закратаванай лаве падсудных. Суд не задаволіў хадайніцтва адвакатаў пра зьмяненьне для абвінавачаных меры стрыманьня.

І Піліпец, і Нізкоўская ў судзе трымаюцца спакойна. Дазваляюць сабе жарты. Калі надышоў час абвяшчаць перапынак на абед, Нізкоўская параіла звадзіць іх у кавярню і нават папрасіла не абвяшчаць перапынку. На што пракурор адказаў, што гэтага рабіць нельга, бо ёсьць скаргі на кепскае самаадчуваньне абвінавачаных.

Былы дырэктар управы капітальнага будаўніцтва Гомеля Ігар Адарчанка — пад хатнім арыштам. Каля яго міліцыянт. Намесьнік па эканоміцы і фінансах Валер Барысевіч, начальніца жыльлёва-інвэстыцыйнага аддзелу Антаніна Зелянок у залі суду прысутнічаюць без аховы.

Некалькі судовых пасяджэньняў мае заняць допыт сьведак. Потым — спрэчкі бакоў. Працэс будзе доўгі. Матэрыялы справы налічваюць некалькі тамоў. Абвінавачаныя адмаўляюцца кантактаваць з журналістамі. Вінаватымі сябе ня лічаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG