Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Саматыя: «Боль забываецца»

абноўлена

Жыцьцё пасьля раку. Натальля Саматыя
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:06:19 0:00

Жыцьцё пасьля раку. Натальля Саматыя

Выпадковы візыт да доктара абярнуўся анкалягічным дыягназам, які большасьць лічыць прысудам. Прайшло пяць гадоў — Натальля зноў працуе ў школе, а свой «зарад адрэналіну» атрымлівае на канцэртах Джэтра Тал і Мэрэліна Мэнсана.

Натальля Саматыя з таго кшталту жанчынаў, пра якіх кажуць «эфэктная». Яна карэнная мянчучка, скончыла «ін’яз». Раней выкладала ў школе замежную мову, а цяпер працуе сацыяльным пэдагогам. Сама атрымала дадатковую адукацыю і не шкадуе, бо кажа, што школе вельмі патрэбныя людзі, якія могуць ня толькі загадваць і прыдумляць пакараньні. Але і тыя, хто здольны зразумець дзяцей і бацькоў.

«Пяць гадоў таму, — апавядае Натальля, — я была поўнай жыцьця, актыўнай і абсалютна здаровай жанчынай».

Калі пасьля выпадкова зробленага дасьледаваньня выявілася, што ў яе анкалёгія, паверыць было проста немагчыма. Ультрагукавое дасьледаваньне шчытападобнай залозы яна пайшла рабіць «за кампанію» ў дыягнастычны цэнтр. Па выніках яе папрасілі зрабіць біяпсію. Праз два тыдні жыццё стала іншым:

«Муж мне на працу прывёз паперу, што ў мяне рак шчытападобнай залозы і яго трэба мусова апэраваць. Я пайшла тады ў суседні кабінэт да нашага дырэктара і кажу яму: „У мяне рак“. А ён глядзіць на мяне як на вар’ятку і кажа: „Наташа, ты што, ашалела?!“»

Праўда, пра праблемы з залозай Натальлі казалі яшчэ ў яе паліклініцы. «Але ведаеце, да эндакрыноляга трапіць — гэта цуд проста, такія чэргі. Казалі, што праблемы ёсьць, але ніхто мне не прапаноўваў ніякіх дасьледаваньняў, ніхто не казаў, што гэта можа быць так сур’ёзна».

Натальля апавядае, што было вельмі страшна. Кажа, што прыйшла дахаты, проста лягла на канапу і не ўставала дзесяць дзён. Плакала і спрабавала зразумець, што гэта такое і чаму гэта здарылася зь ёй. Не зразумела.

«Лягчэй мне стала ўжо ў шпіталі. Калі я трапіла ў больніцу і пабачыла, як людзям там цяжка і як шмат там хворых, то я стала ўжо ім дапамагаць. Тут, у сваім доме, я была такая слабая, а там я стала моцнай. Я адразу зразумела, што гэта мая дапамога патрэбная, а не мне».

У доме Натальлі вельмі шмат незвычайных рэчаў, якія гаспадыня шчыра любіць. Антыкварныя піяніна і гадзіньнік Натальля захоўвае для старога сябра, які эміграваў у Нямеччыну. Справа ў вазе — корань. Натальля пераўтварае іх у творы мастацтва. Зьбірае сама, але, ведаючы пра яе захапленьне, незвычайныя карані нясуць у падарунак сваякі і знаёмыя.
У доме Натальлі вельмі шмат незвычайных рэчаў, якія гаспадыня шчыра любіць. Антыкварныя піяніна і гадзіньнік Натальля захоўвае для старога сябра, які эміграваў у Нямеччыну. Справа ў вазе — корань. Натальля пераўтварае іх у творы мастацтва. Зьбірае сама, але, ведаючы пра яе захапленьне, незвычайныя карані нясуць у падарунак сваякі і знаёмыя.


Падчас размовы Натальля шмат разоў плача ці можа нават не перастае плакаць. Кажа, што помніць свой страх. Асабліва перад апэрацыяй:

«У дзень апэрацыі хірург ідзе па ўсіх палатах, і ў яго ў руках чорны флямастэр. І вось гэтым флямастэрам ён чэрціць табе на целе лінію, дзе будуць апэраваць. І ты ведаеш, што праз гадзіну-дзьве ты пойдзеш. Чакаеш, каталкі з апэрацыйнай і ў апэрацыйную вязуць перад табою па калідоры. Гэта ўсё я памятаю вельмі добра. А боль забываецца», — кажа яна.

Падчас апэрацыі Натальлі выдалілі шчытападобную залозу, парашчытападобную залозу і 26 пар лімфатычных вузлоў. Цяпер гэтыя падрабязнасьці — частка яе біяграфіі.

Мне казалі ў шпіталі, што чарга на такую апэрацыю — 300 тысяч чалавек


Яна ўдзячная беларускім дактарам. Упэўненая, што ў шпіталі ўсё зрабілі так, як трэба, і стаўленьне ўсіх да яе і іншых хворых было вельмі добрым. Але страшна тое, як шмат там апынулася людзей.

«Мне казалі ў шпіталі, што чарга на такую апэрацыю — 300 тысяч чалавек. Я ня буду гэтага сьцвярджаць, не магу апэраваць такімі лічбамі, проста ня ведаю. Але людзей было вельмі шмат — маленькія, дарослыя, маладыя. Проста ўсе».

У хваробе Натальля не шукала ані бога, ані альтэрнатыўнай мэдыцыны. Вярнулася на працу як найхутчэй. Калі мы як звычайна запыталіся, ці можа Натальля меркаваць, што стала прычынай яе хваробы, яна ўпэўнена адказвае: «Чарнобыль!».

«Ніхто з маіх сваякоў ніколі не хварэў на рак, — кажа яна. — І ведаеце, у нас яшчэ шмат старажылаў у сям’і. Крыўдна, што лічыцца, што ты мог атрымаць гэтую дозу ў Гомельскай вобласьці. А я ўвесь час жыла ў Менску. У мяне не было перадумоваў, каб я набрала такую колькасьць радыяцыі, каб раптам у мяне ўзьнік рак шчытападобнай залозы».

Гэта «сьцяна настрою». «Калі тут больш белых і блакітных фарбаў, значыць у мяне ўсё добра, — апавядае пра яе Натальля. — Калі зьяўляюцца чорныя, значыць я нэрвуюся». Літаральна за дзень на нашай сустрэчы ў кватэры Натальлі зьявіліся дзьве сястрычкі-кацяняткі. У іх пакуль нават няма імёнаў — абжываюцца ў новым месцы.
Гэта «сьцяна настрою». «Калі тут больш белых і блакітных фарбаў, значыць у мяне ўсё добра, — апавядае пра яе Натальля. — Калі зьяўляюцца чорныя, значыць я нэрвуюся». Літаральна за дзень на нашай сустрэчы ў кватэры Натальлі зьявіліся дзьве сястрычкі-кацяняткі. У іх пакуль нават няма імёнаў — абжываюцца ў новым месцы.


Пасьля апэрацыі далі трэцюю групу інваліднасьці. «Калі зьбіралася камісія па інваліднасьці, у мяне спыталі: ці я была ў Гомельскай вобласьці, і я сказала: не. Мне далі трэцюю групу».

Праўда, Натальля кажа, што і перад камісіяй заявіла: «Я хачу і буду працаваць, бо хачу жыць».

У гэтай патрэбе працы ня толькі прага жыцьця і настойлівасьць характару Натальлі. Трэцяя група інваліднасьці не дае ёй аніякіх ільготаў. А здароўе пасьля перанесенай хваробы патрабуе штодзённага клопату.

У мяне няма такіх грошай, каб усё купіць. І ніякай дапамогі ад дзяржавы няма


«За гэтыя гады стан усіх органаў настолькі пагаршаецца, што іх трэба ўвесь час падтрымліваць. Я іду да дактароў — і мне выпісваюць такую колькасьць лекаў: для сэрца, для нырак, для пячонкі. Для ўсяго! Я першы час хадзіла і купляла. Але ў мяне няма такіх грошай, каб усё купіць. І ніякай дапамогі ад дзяржавы няма».

Мы пытаемся, колькі грошай траціце на лекі і атрымліваем балючы адказ:

«Я цяпер іх проста не купляю! Апроч тых, што трэба, каб падтрымліваць абмен рэчываў».

Няма ў Натальлі і грошай, каб паправіць здароўе у самым простым, беларускім, санаторыі. Прасіць дапамогі ў дарослых дзяцей, якія жывуць сваім жыцьцём, яна ня хоча. Дзяцей у яе двое, нядаўна нарадзіўся ўнук. Любоў да іх, кажа Натальля, гэта аснова ейнага жыцьця: «І, ведаеце, мае дзеці і я сама, мы ня цэпкія да шкадаваньня. Я ніколі не хацела, каб яны бачылі, што мне цяжка, бачылі маю дэпрэсію».

«У мяне няма грошай на ўсе лекі, якія мне трэба. А ад дзяржавы няма ніякай дапамогі, ніякіх ільготаў. Я ўжо даўно не купляю ўсе тыя лекі, якія мне выпісваюць дактары».
«У мяне няма грошай на ўсе лекі, якія мне трэба. А ад дзяржавы няма ніякай дапамогі, ніякіх ільготаў. Я ўжо даўно не купляю ўсе тыя лекі, якія мне выпісваюць дактары».

«Я думаю, што я перамагла, бо я моцная. Я хачу ўсім сказаць, хто хварэе: калі вы любіце гэтае жыцьцё, хочаце яго вярнуць, — змагайцеся за яго».

Вось дзеці робяць ёй самыя дарагія падарункі — квіткі на музычныя канцэрты. Натальля кажа, што сапраўды шалее ад добрай музыкі, і паказвае сапраўдную кіпу квіткоў з апошніх найлепшых менскіх канцэртаў. Мы пасьпяваем заўважыць сярод іх квіткі на Джэтра Тал, Мэрэліна Мэнсана і Рамштайн. «Любы канцэрт — гэта зарад адрэналіну, — тлумачыць Натальля».

«Мне цікавае ўсё: музыка, мастацтва, палітыка, геаграфія. Я не раўнадушная — гэта самае галоўнае! І ведаеце, гэта трэба выхоўваць. Я вось пэўная, што ў сваіх дзецях гэта выхавала», — такі жыцьцёвы рэцэпт ад Натальлі Саматыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG