Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сноўдэну няма прабачэньня


У той час як беглы кантрактнік амэрыканскіх разьведслужбаў Эдвард Сноўдэн накіраваў паўторны зварот да заходняй грамадзкасьці, высокапастаўленыя афіцыйныя асобы ў ЗША настойваюць на тым, што Сноўдэн, які абнародаваў сакрэтную дзейнасьць сваіх былых працадаўцаў, не заслугоўвае прабачэньня.

Нямецкі штотыднёвік Der Spiegel апублікаваў адкрыты ліст Эдварда Сноўдэна. Ліст пад назвай «Маніфэст у абарону праўды» зьмяшчае заклік да рэформаў праграм кібэрназіраньня, якія праводзяцца перш за ўсё Злучанымі Штатамі і Вялікабрытаніяй; гэтыя краіны, паводле Сноўдэна, больш за ўсіх вінаватыя ў непадсправаздачным шырокім сачэньні:

— Сьвет за кароткі час шмат даведаўся пра безадказна дзеючыя агенцтвы бясьпекі і злачынныя праграмы назіраньня. Часам агенцтвы спрабуюць сысьці з-пад кантролю... Ня варта забываць, што масавае сачэньне зьяўляецца глябальнай праблемай і патрабуе глябальнага рашэньня, — піша Сноўдэн ў маніфэсьце.

30-гадовы Эдвард Сноўдэн, які раней працаваў на Агенцтва нацыянальнай бясьпекі ЗША, у інтэрвію сродкам масавай інфармацыі прызнаў сябе крыніцай ўцечкі сакрэтных дакумэнтаў АНБ, якія сьведчаць пра рэалізацыю звышсакрэтных праграм назапашваньня дадзеных аб тэлефонных званках і перапісцы па электроннай пошце ў ЗША, а таксама пра маніторынг абанэнтаў мабільнай і інтэрнэт-сувязі ў іншых краінах. Паводле нядаўняй публікацыі ў Der Spiegel з вытрымкамі з дакумэнтаў, прадстаўленых Сноўдэнам, АНБ вяло назіраньне за званкамі з мабільнага тэлефона канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель. Паводле іншых публікацыяў, ЗША таксама сачылі за грамадзянамі Гішпаніі і Францыі. Пасьля гэтых публікацый адносіны ЗША з эўрапейскімі саюзьнікамі ўскладніліся; у шэрагу краін загучалі патрабаваньні правесьці расьсьледаваньне. Слуханьні на гэтую тэму прайшлі ў Кангрэсе Злучаных Штатаў.

У сваім «Маніфэсьце ў абарону праўды» Эдвард Сноўдэн піша: «Грамадзяне павінны змагацца супраць утойваньня інфармацыі аб справах, жыцьцёва важных для грамадзкасьці. Тыя, хто кажа праўду, не зьдзяйсьняюць злачынствы». Сноўдэн дае зразумець, што, на яго погляд, улады Злучаных Штатаў не павінны бачыць у ім злачынца. У апублікаваным 1 лістапада лісьце да дэпутата Ганса-Крысьціяна Штробэле Сноўдэн па сутнасьці выказаў надзею, што ЗША праявяць да яго міласэрнасьць і здымуць зь яго крымінальныя абвінавачваньні, а ён тады будзе гатовы даць паказаньні Кангрэсу.

Аднак прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Джэн Сакі заявіла, што Сноўдэну ня варта на гэта разьлічваць:

— Наша пазыцыя не зьмянілася, нягледзячы на нядаўнія выказваньні містэра Сноўдэна. Як мы ня раз заяўлялі раней, ён абвінавачваецца ў раскрыцьці сакрэтнай інфармацыі. Тут, у Злучаных Штатах, яго чакаюць абвінавачваньні ў цяжкіх злачынствах. І мы лічым, што ён павінен быць як мага хутчэй вернуты сюды, дзе яго чакае паўнавартасная належная прававая працэдура і ўсе адпаведныя віды абароны, прадугледжаныя заканадаўствам Злучаных Штатаў.

Кіраўнік сэнацкага Камітэту па выведцы Даен Файнстын у інтэрвію тэлекампаніі CBS заўважыла, што, калі б Сноўдэн сапраўды быў тым, кім ён сябе лічыць — сьвядомым грамадзянінам, які інфармуе грамадзтва аб парушэньнях закону і правоў — тады ён мог бы ў закрытым парадку паінфармаваць яе камітэт аб парушэньнях:

— Гэтага не адбылося. І цяпер ён нанёс калясальны шкоду нашай краіне. Думаю, што адказ будзе адмоўны: няма для яго ніякага прабачэньня.

Паводле афіцыйных асобаў ЗША, абнародаваньне Эдвардам Сноўдэном сакрэтных дадзеных прывяло да таго, што ўжо тры тэрарыстычныя арганізацыі памянялі свае спосабы абмену паведамленьнямі.

Эдвард Сноўдэн пяты месяц знаходзіцца ў Маскве, атрымаўшы ў Расеі часовы прытулак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG