Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 2 лістапада: Дзяды і вандроўка па «Літве»


Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Каталіцкі касьцёл памінае ўсіх памерлых. У парафіі Ўзьнясеньня сьвятога крыжа на Кальварыйскіх могілках у Менску мітрапаліт Тадэвуш Кандрусэвіч узначаліць працэсію і службу па памерлых.

На міжнародным кінафэстывалі «Лістапад» адкрыецца конкурс фільмаў для дзяцей і юнацтва «Лістападзік».

Пасольства Японіі ў Менску арганізуе сэрыю лекцый і майстар-клясаў японскага мастацва выразаньня гярбоў з паперы «манкіры». Лекцыі адбудуцца ў Нацыянальным мастакім музэі.

Аматары беларускай гісторыі на чале з Антонам Астаповічам выправяцца з «Куфэркам падарожжаў» на тур «Па Сярэдняй Літве». Маршрут пройдзе праз Крэва, Залесьсе, Смаргонь, Солы, Астравец, Варняны, Гервяты. Падрабязнасьці на сайце budzma.org

ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ:

1648 — упершыню ў Рэчы Паспалітай быў учынены габрэйскі пагром. Здарылася гэта на ўкраінскіх землях, а загадаў зрабіць пагром Багдан Хмяльніцкі. Ягоны загад абярнуўся сапраўднай трагедыяй. За адзін дзень казакі забілі і закатавалі больш за 12 тысяч габрэяў.

1939 — на пазачарговай сэсіі Вярхоўнага Савету СССР у Маскве быў прыняты закон пра ўлучэньне Заходняй Беларусі ў склад Савецкага Саюзу і ўваходжаньне яе ў Беларускую ССР.

1943 — пачалася дэпартацыя карачаеўцаў у Сыбір і Сярэднюю Азію.

1993 — палата лордаў брытанскага парлямэнту прыняла рашэньня пасьвячаць жанчын у духоўны сан.

У гэты дзень нарадзіліся:

1699 — Жан Батыст Шардэн, славуты францускі жывапісец. Менавіта Шардэн стаў пачынальнікам рэалізму ў францускім мастацтве.

1755 — Марыя Антуанэта, француская каралева, жонка Людовіка XVI, пакараная сьмерцю на гільятыне ў 1793 годзе.

1869 — Язэп Стаброўскі, археоляг, краязнаўца, філёзаф, вынаходнік. Заснавальнік аднаго з старэйшых у Беларусі Слонімскага краязнаўчага музэю.

1909 — Максім Лужанін, беларускі паэт, перакладчык.

1913 — Мікалай Сірата, беларускі фізык, акадэмік.

У гэты дзень памерлі:

1895 — Жорж Шарль Дантэс, забойца расейскага паэта Аляксандра Пушкіна.

1950 — Бэрнард Шоў, ангельскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскага прэміі па літаратуры 1925 году.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

Абрусам стол заслала маці,
І ціха-ціха стала ў хаце.
На стол паставіла яды,
Каб павячэралі дзяды.
Акрайчык хлеба палажыла,
Дастала сьвечку, запаліла.
За стол усіх пазвала маці,
І ціха-ціха было ў хаце.
Так мы сядзелі і маўчалі,
Памерлых родных паміналі.
Знаёмых, блізкіх, сваякоў
І любых нашых тых дзядоў.
Ад сьвечкі цені на сьцяне...
І вось тады здалося мне,
Што гэта, мусіць, сапраўды
Да нас сюды ідуць дзяды.


Зь верша, які даслала на Свабоду Ніна Ярмалінская.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG