Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рамонтнікаў з гаражоў прымушаюць легалізавацца


З 1 лістапада пачне дзейнічаць указ Аляксандра Лукашэнкі № 432, які абавязвае стаць на ўлік у падатковай інспэкцыі аўтарамонтнікаў, што выкарыстоўваюць пад майстэрні прыватныя гаражы. Як гэта адаб’ецца на якасьці і кошце рамонту аўтамабіляў?

Днямі загрукатаў праржавелы глушыцель. Езьдзіць спакойна стала немагчыма, дый пагроза, што на дарозе ён увогуле адваліцца, стварыўшы аварыйную сытуацыю, больш чым рэальная. На аўтасэрвісе сказалі: пад замену не падпадае, толькі ўсталюем новы. За 200 даляраў. У прыватным гаражы, дзе былы вайсковец Аляксандар трымае майстэрню, зваршчык Мікалай, пра якога распавялі, што ён «зварваў пад вадой падводныя лодкі», адолеў рамонт майго «глушака» за 20 хвілін, папрасіўшы ўсяго 40 даляраў. Дык чым дрэнны такі рамонт?

Але з 1 лістапада Аляксандру, як і ягонаму памочніку Мікалаю, давядзецца выбіраць: альбо стаць індывідуальным прадпрымальнікам і плаціць фіксаваны падатак, альбо выкарыстоўваць правілы кансьпірацыі — умоўныя словы, ніякіх прозьвішчаў і адрасоў, рамонт толькі за зачыненымі дзьвярыма і нібыта сваяку за бясплатна. Аляксандар выбраў бы першы варыянт, але яго шмат што катэгарычна не задавальняе:

«Па-першае, яны самі ня ведаюць, як яны гэта будуць рабіць. Яны нават дагэтуль ня вызначыліся з тым, які будзе фіксаваны падатак. Але галоўнае — яны прапануюць надзвычай малы асартымэнт паслуг. Калі толькі дазволяць мяняць масла ў рухавіку, і на гэтым усё? А куды чалавеку падзецца, калі ў яго зламалася падвеска? А я нібыта ня маю права яе рамантаваць, бо ў мяне ключы без сэртыфікату... Глупства гэта».

Паводле Аляксандра, рамонтнікі з гаражоў карыстаюцца попытам ня толькі таму, што бяруць меншыя грошы ды не замяняюць новыя запчасткі на старыя, бо за іхнай працай кожны можа назіраць. Галоўнае, што яны абслугоўваюць аўтааматараў, якім на сэрвісах проста адмаўляюць. Звычайна гэта людзі сталага веку і са старымі аўтамабілямі, прыкладам, з «Жыгулямі», для якіх у Менску ўжо проста не засталося сэрвісаў.

Аляксандар згодны на падатак у 500 тысяч рублёў, інакш — «закрые лавачку»:

«Я — вайсковы пэнсіянэр. Мне пляваць — закрыю гараж і буду працаваць. А калі нават да мяне прыйдуць з праверкай, то буду сядзець дома. Ад гэтага ўказу пацярпяць мае кліенты, якіх я напрацаваў за гэтыя гады, якія мне ўдзячныя і чакаюць чаргі да мяне па 2–3 тыдні, а ня едуць на станцыю. Ня ведаю, што яны будуць рабіць».
Мне пляваць — закрыю гараж і буду працаваць

Паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі прыватны рамонтнік, каб працаваць далей у гаражы на тэрыторыі гаражнага каапэратыву, таксама мусіць атрымаць дазвол сходу гэтага каапэратыву.

Герольд Багушэвіч — старшыня такога каапэратыву пад назвай «Рыцар» у Масюкоўшчыне, у Фрунзенскім раёне Менску. Пытаюся ў былога вайскоўца, ці прыходзілі ўжо да яго «рамонтнікі» з заявамі па такі дазвол? Герольд Мікалаевіч па-вайсковаму наўпрост заявіў, што на сваёй тэрыторыі «даўно ліквідаваў як кляс усіх рамонтнікаў». Ад іх, кажа старшыня, толькі праблемы: забруджваюць навакольнае асяродзьдзе, выкідаючы гуму, якую потым немагчыма здаць, ня плацяць падаткаў, з-за іх на ноч у каапэратыве без нагляду застаюцца аўтамабілі, а потым за іх адказвай. Ужо ня кажучы пра пажарную і тэхнічную небясьпеку, бо складаныя рамонты робяцца ў непрыдатных умовах.

Пры гэтым выявілася, што і ўказ № 432 старшыня каапэратыву не ўхваляе, бо лічыць, што ў ім шмат недапрацавана.

«Ідэя легалізаваць такі бізнэс добрая, але як вытрымаць усе патрабаваньні? Падатак павінен быць не 3–4 мільёны штомесяц, а значна меншы. І яшчэ — немагчыма ў гаражных умовах вытрымаць усе тэхнічныя патрабаваньні, каб майстэрня была сапраўдная, як на заводзе. Да таго ж розныя перашкоды будуць рабіць санэпідэмічная станцыя, пажарнікі. У мяне ёсьць знаёмы, які спрабаваў зарэгістраваць аўтамайстэрню на прыватным участку зямлі, дык давялося б заплаціць 15 тысяч даляраў розным людзям. Дык ён зарэгістраваў як сьвінарнік і заплаціў адну тысячу штрафу... Чыноўнікі ў нас вельмі далёкія ад народу і задушаць нават добрую ініцыятыву».

Анастасія Макарская з Управы бытавога і гасьцінічнага абслугоўваньня насельніцтва Менгарвыканкаму паведаміла карэспандэнту Свабоды, што з рамонтнікаў, якія атрымаюць статус індывідуальнага прадпрымальніка і пачнуць працаваць легальна, будуць браць падатак у памеры амаль мільёна рублёў штомесяц. За парушэньні ўказу № 432 прадугледжанае пакараньне ў выглядзе выключэньня з каапэратыву, але да парушальніка могуць быць ужытыя і адміністрацыйныя пакараньні. Паводле Анастасіі Макарскай, у Менску працуе больш за 800 легальных станцыяў абслугоўваньня аўтамабіляў і яшчэ 25% гэтай колькасьці — нелегальныя. Чакаецца, што большасьць зь іх легалізуецца. У 2013 годзе, не чакаючы ўступленьня ў дзеяньне ўказу № 432, у Менску легалізаваліся каля 90 рамонтнікаў. «Зараз мы адновім працу міжведамаснай групы па абсьледаваньні гаражоў і будзем глядзець, як выконваецца ўказ, каб у тым ліку нейкія моманты ўдасканаліць», — паведаміла Свабодзе Анастасія Макарская.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG