Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апроч Какуніна і Трутко ў сьпіс ЭЗ унесены Лапатка


У абноўлены сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якія падпадаюць пад санкцыі Эўразьвязу, унесена тры чалавекі.

Акрамя начальніка Бабруйскай папраўчай калёніі № 2 (там адбывае пакараньне праваабаронца Алесь Бяляцкі) Аляксандра Какуніна і яго намесьніка Юр’я Трутко, у сьпіс уключаны Аляксандар Лапатка.

На сайце Афіцыйнага часопіса ЭЗ ён названы намесьнікам начальніка Мазырскай папраўчай калёніі № 9 ( раней у СМІ Лапатка фігураваў як намесьнік начальніка Горацкай калёніі № 9, дзе ўтрымліваўся палітвязень, лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч.

Як адзначае ЭЗ, Лапатка ўключаны ў сьпіс чыноўнікаў, якія трапілі пад санкцыі, за «негуманнае абыходжаньне зь Зьмітром Дашкевічам, у тым ліку за прымяненьне катаваньняў і адмову ў доступе да адваката».

«Лапатка выкарыстаў пагрозы фізычнага і сэксуальнага гвалту для таго, каб прымусіць зьняволенага падпісаць прашэньне аб памілаваньні», — гаворыцца ў паведамленьні.

29 кастрычніка ЭЗ прыняў рашэньне працягнуць на год санкцыі ў дачыненьні да афіцыйнага Менску да 31 кастрычніка 2014 году.

«Гэта адбылося ў сувязі з тым, што палітзьняволеныя дагэтуль ня вызваленыя, а паляпшэньняў у сфэры павагі да правоў чалавека, вяршэнства закону і дэмакратычных прынцыпаў у Беларусі не назіраецца», — паведамляе прэс-служба ЭЗ.

Паралельна з уключэньнем у сьпіс трох новых беларускіх чыноўнікаў ЭЗ выключыў зь пераліку 13 прозьвішчаў і пяць кампаній.

Цяпер у сьпісе асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЭЗ і чые фінансавыя сродкі ў ЭЗ павінны быць замарожаны, 232 прозьвішчы разам з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Акрамя таго, санкцыі працягваюць дзейнічаць у дачыненьні да 25 беларускіх прадпрыемстваў.

У паведамленьні ЭЗ адзначаецца, што ЭЗ захавае палітыку крытычнага ўзаемадзеяньня зь Беларусьсю, накіраваную на захаваньне правоў чалавека і дэмакратычных прынцыпаў у краіне, паведамляе БелаПАН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG