Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра беднага Джойса, аўтара «Дзеяслова»


Аляксандар Лукашук і Барыс Пятровіч
Аляксандар Лукашук і Барыс Пятровіч
Да Прагі апошні, 65-ты нумар «Дзеяслова» дайшоў ужо пасьля Нобэлеўскіх жарсьцяў — а ў Менску ён зьявіўся раней, і адкрывала нумар Сьвятлана Алексіевіч, «Час second-hand» у перакладзе на беларускую Валера Стралко.

Гэтая публікацыя, бязьлітасная як прамы ўдар у сківіцу напачатку першага раўнду — магчыма, самае моцнае рэдактарскае рашэньне і ўдача ў найноўшай гісторыі беларускіх часопісаў. Своечасова, да месца, на піку ўсясьветнага літаратурнага году. Здымаю капялюш, як кажа адзін мой сябар, перад Барысам Пятровічам.

Але надвор’е — рэч пераменлівая, таму пра «Second-hand» скажу ў галаўным уборы — чытаць Алексіевіч немагчыма. Немагчыма нават цытаваць.

Наўгад:

«Я нарадзіўся ў СССР і мне там падабалася».

«Гарбачоў — сакрэтны амэрыканскі агент... Масон... Здрадзіў камунізму».

«Тэлевізар у нас дома не выключаўся... Праграму „Новости“ глядзелі кожную гадзіну».

І так — кілямэтрамі. Па-мойму, мы назіраем поўную перамогу матэрыялу над аўтарам. Алексіевіч паверыла Алесю Адамовічу, які быў чалавекам вясёлым, яго заносіла ў розныя бліскучыя прорвы, і там ён, каб адчапіліся канваіры, якіх нэрвавалі яго крокі ўлева-права-пабег, прыдумаў «звышлітаратуру». Уся справа, вучыў падступны Алесь, у тэхніцы: вось Дастаеўскаму спатрэбіўся досьвед сьмяротнага прысуду і катаргі, каб дабрацца да бездані чалавечай шляхам «глыбіннага бурэньня», «сілай таленту прабіцца да такога матэрыялу». А сучасны літаратар мае «коўш», як Адамовіч называе магнітафон, і адкрытым спосабам, не раўнуючы ротарны экскаватар, перамолвае тоны чалавечай руды.

Гэты артыкул Адамовіча, дзе ён пісаў пра пісьменьніка як пра кіроўцу землярыйнай машыны (прысьвечаны, дарэчы, якраз Сьвятлане Алексіевіч), называўся як інструкцыя («Як быць геніяльным») і нагадваў стары анэкдот:

Адна зьбяднелая арыстакратка паехала ў Нью-Ёрк і вярнулася адтуль у вельмі дарагім футры. На пытаньне пакаёўкі адказала, што сустрэла аднаго джэнтльмэна. Пакаёўка таксама паехала ў Нью-Ёрк і вярнулася ў такім самым футры. На пытаньне зьдзіўленай гаспадыні патлумачыла, што проста ёй давялося сустрэцца зь пяцьцюдзесяцьцю джэнтльмэнамі.

«Second-hand» мог бы напісаць, напрыклад, Джэймс Джойс, калі б працаваў на экскаватары. Ці гандляваў футрамі.

*

Каб гаварыць пра рэцэнзію вялебнага крытыка Анатоля Сідарэвіча на кнігу Зоські Верас «Я помню ўсё», варта спачатку адзець на галаву будаўнічую каску, якую, як вядома, сто гадоў таму невыпадкова прыдумаў тут у Празе менавіта пісьменьнік (хто ня ведае — Франц Кафка, які нават атрымаў за гэта амэрыканскі мэдаль).

Прыўкрасная Зоська! Дарагая Людвіка Антонаўна! Царыца батанічная, каханка сьветлая беларускіх герояў, паплечніца і сваячка сонца паэзіі крывіцкай Максіма і амэрыканскага салаўя Данчыка, Мнэмазіна лясная, Кліё віленская! Навошта вы напісалі кнігу «Я помню ўсё»?.. Ну, не напісалі, а паэт і наш калега Міхась Скобла зьдзейсьніў чарговы Гераклавы подзьвіг: сабраў, склаў, адрэдагаваў і выдаў том спадчыны пад такой фантастычна дзёрзкай назвай. На якую Анатоль Сідарэвіч абрынуў увесь арсэнал сваіх сацыял-дэмакратычных ведаў, здольны выклікаць працэсуальны аргазм у душы любога сьледчага, пракурора і судзьдзі, якія дзейнічалі ў месцах і часе пражываньня гр. Людвікі Сівіцкай-Войцік, 1892-1991.

Легкадумная аўтарка, сурова, але справядліва адзначае рэцэнзэнт, насамрэч помніць ня ўсё:

«Забыла пра пэўныя свае публікацыі. Ня памятала яна і ўсіх сяброў Гарадзенскага гуртка беларускай моладзі, у які ўваходзіла сама. Некаторыя імёны ёй нагадвалі ейныя карэспандэнты. Ня раз у сваіх тэкстах яна пярэчыла самой сабе. Бывала, што аспрэчвала відавочныя факты, вядомыя ўсім. Пра некаторыя факты не хацела згадваць».

Напрыклад, Анатоль Сідарэвіч не знайшоў адказу на хвалюючае пытаньне: «Дзе была Л. Сівіцкая ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 году?»

А й праўда. Таксама хацелася б ведаць — з кім? Як доўга? Чым займалася? Што пры гэтым думала і адчувала? І канкрэтна, канкрэтна — прыкладна так, як рэцэнзуе сам рэцэнзэнт:

«Вось жа, амаль у суседніх абзацах на с. 23 мы сустракаем абрэвіятуры ГГБМ і ГГБК. Відавочна, што ў другім выпадку мы маем справу з памылкаю набору, бо і ў першым і другім разе гаворка ідзе пра Гарадзенскі гурток беларускай моладзі. Пра якія баі ў Сакольскім павеце ў 1921 годзе ідзе гаворка на с.157? Савецка-польская вайна на той час ужо скончылася. Калі тут не памылка набору, дык варта было б зрабіць заўвагу».

Калі нехта пасьля такога збліжэньня ў адным абзацы на адным дыханьні старонак 23 і 157 зробіць выснову, што, значыцца, усё астатняе паміж імі ціп-топ, дык насуньце каску глыбей. Гэта толькі пачатак — такіх пытаньняў, нязгодаў, заўваг на васьмі старонках больш за сотню, і ўсе яны падскокваюць, шчыплюцца, задзіраюцца, пераходзяць адна ў адну, выплываюць і б’юць хвастом русалчыным у нечакана сьвядомай плыні.

«Не пра гісторыю іх каханьня я зьбіраюся пісаць», — удакладняе Анатоль Сідарэвіч жанр для тых, хто яшчэ спадзяваўся аблудна, калі аналізуе апошняю сустрэчу гераіні і блізкага ёй чалавека, Фабіяна Шантыра, якая, паводле аўтаркі, адбылася 13 траўня 1918 году. І просіць занесьці ў пратакол: «Лічу, што гэта дакладная дата, бо жанчыны такія даты запамінаюць».

Рэцэнзію Сідарэвіча мог бы напісаць Джойс, калі б быў бухгальтарам ці служыў у вечнай памяці ОБХСС.

*

«Вушацкі словазбор» Рыгора Барадуліна у часопісе прадстаўляе Ўладзімер Някляеў — гэта ня проста капялюш, а дах. Нават купал. Амаль саркафаг. І гэта правільна — Барадулін расшчапляе мову як ядзерны рэактар і вызваляе энэргію, якой хопіць на ўсю нацыю на сто гадоў наперад.

«Сёньня так укавала, так умёрзла, як у глыбокую восень. Думала, карчаком зьлезу, так азалела. У галаве стала блажыць. Калі й прынемагуся...»

«Пайшоў хлопец у блыт, найшоў гэту сухабздзеліну. Грудзі, як у петуха калені. Яна, як воўк, такая паджарыстая, даўгалытая. А, сыночак, ты мяне адразу з хаты выгань, а то яна мяне выганіць!..»

«Любілі чарку пацягнуць. Гарчаку ў рот набраць. Чарак пяць абсадзіў. Ёрш тваю на корані! А яна пражыцца па ім...»

Песьню песьняў Рыгора Барадуліна мог бы напісаць Джойс, калі б, ёрш яго на корані, нарадзіўся на Вушаччыне.

Але што б тады рабіў рэдактар рубрыкі «Варта» Ян Максімюк, які пераклаў быў «Уліса» на беларускую?..

Можа, напісаў бы водгук на зьмешчаны ў «Дзеяслове» раман Ігара Бабкова, палову якога мне цікава было б чытаць гадоў так дваццаць таму, а другую палову, магчыма, зразумею яшчэ праз дваццаць. Ці выступіў бы арбітрам у спрэчцы пра густы паміж кандыдатам гістарычных навук Эдуардам Дубянецкім, які ўжывае вялікія літары для назоўнікаў у сярэдзіне сказу (за што я б адразу прымушаў пераздаваць кандыдацкі мінімум), і кандыдатам філялягічных навук Віктарам Жыбулем (якому я б даў доктара гісторыі ці псыхіятрыі, але ён паэт і яму без патрэбы). Ну ды ці мала што яшчэ варта адзначыць у найлепшым літаратурным часопісе — рэквіем Ніне Мацяш, які прасьпявала Данута Бічэль, зьдзіўленьне пераборлівага Леаніда Галубовіча паэзіяй Валера Дубоўскага, карціну Георгія Скрыпнічэнкі з сабакам у капелюшы на вокладцы..

— Усё гэта добра, але пры чым тут Джойс? — справядліва запытае ў мяне рэдактар рубрыкі «Варта». — Што агульнага, апроч фрывольных аўтарскіх мэтаніміяў і іншых сінэкдахаў у беднага Джэймса з аўтарамі «Дзеяслова»?

— Элемэнтарна, Ян, — адкажу я. — Джойс таксама не атрымаў Нобэля.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG