Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армэнію з Кіргізстанам бяруць у Мытны саюз


На пасяджэньні Вышэйшага Эўразійскага эканамічнага савету
На пасяджэньні Вышэйшага Эўразійскага эканамічнага савету

Кіраўнікі Беларусі, Казахстана і Расеі дамовіліся наконт праекту Дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе.

Аляксандар Лукашэнка па выніках сёньняшняга пасяджэньня Вышэйшага Эўразійскага эканамічнага савету ў Менску заявіў, што дзяржавы-удзельнікі прыйшлі да адзінага меркаваньня наконт будучай Дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе, які мае быць створаны на месцы Мытнага саюзу з 1 студзеня 2015 году.

«Дыскусія была вострай, але мы вырашылі ўсе пытаньні па дамове, мы прыйшлі да адзінага меркаваньня, рашэньне не сакрэтнае, і вы можаце зь ім азнаёміцца», — заявіў Лукашэнка журналістам.

Як паведамляе «Інтэрфакс», Лукашэнка таксама адзначыў, што «ўсе пастаўленыя Армэніяй і Ўкраінай пытаньні па Адзінай эканамічнай прасторы і ў пэрспэктыве — Эўразійскім эканамічным саюзе былі разгледжаныя і дадзеныя адкрытыя і вычарпальныя адказы».

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін адзначыў, што на пасяджэньні быў падтрыманы намер Армэніі і Кіргізстана далучыцца да Мытнага саюзу:
«Мы падтрымалі намер Армэніі і Кіргізстана далучыцца да нашага інтэграцыйнага праекту».

Пуцін адзначыў, што бакі дамовіліся аб стварэньні працоўнай групы, якой пастаўленая задача ў самыя кароткія тэрміны падрыхтаваць адпаведную «дарожную мапу».

Апрача таго кіраўнікі дзяржаў Мытнага саюза дамовіліся рухацца да ліквідацыі выключэньняў з правілаў Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы, заявіў Пуцін.

Паводле Пуціна, гэта азначае, што будуць зьнятыя ўсе бар’еры, якія засталіся на шляху свабоднага абмену таварамі, паслугамі, капіталам, тэхналёгіямі і працоўнай сілай.

Беларускі бок найбольшую цікавасьць тут праяўляе да скасаваньня экспартнага мыта на расейскую нафту, якая пастаўляецца ў Беларусь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG