Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў мясцовыя саветы пройдуць да 25 сакавіка


Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў Беларусі пройдуць не пазьней за 25 сакавіка 2014 году.

Пра гэта ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё заявіла старшыня Цэнтравыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына.

Выбарчая кампанія стартуе ў сьнежні 2013 году. Ярмошына выказала спадзеў, што яна пройдзе з улікам паправак у выбарчае заканадаўства, якія разглядаюцца цяпер у Нацыянальным сходзе:

«Законапраект прыняты ў першым чытаньні Палатай прадстаўнікоў. Прычым без істотных заўваг. Я спадзяюся, што ён будзе ня толькі своечасова прыняты, але і апублікаваны хаця б за месяц або за 20 дзён да прызначэньня выбараў, каб усе ўдзельнікі выбарчага працэсу падрыхтаваліся».

«Мясцовых выбараў зьмены ў выбарчым заканадаўстве істотна не закрануць, усе істотныя навэлы тычацца перш за ўсё парлямэнцкіх выбараў», — патлумачыла Лідзія Ярмошына.

Законапраект «Аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаньнях правядзеньня выбараў і рэфэрэндумаў», у прыватнасьці, прадугледжвае, што выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў будуць праходзіць у адзін тур, а вынікі будуць вызначацца паводле прынцыпу адноснай большасьці. Папраўкі прадугледжваюць адмову ад бюджэтнага фінансаваньня на агітацыйныя выдаткі кандыдатаў. Сродкі павінны будуць перадавацца мясцовым тэрытарыяльным і акруговым выбаркамам, каб тыя выраблялі інфармацыйныя буклеты і рассылалі іх выбарцам разам з запрашэньнем наведаць участак для галасаваньня.

Плянуецца таксама, што будзе павялічаны памер асабістых фінансавых фондаў для кандыдатаў на прэзыдэнцкі пост з 3 тысяч да 9 тысяч базавых велічынь (адна базавая цяпер роўная 130 тысячам рублёў). Прадугледжваецца, што фінансавыя фонды будуць і ў кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў.

Падчас выбарчых кампаніяў і кампаніяў рэфэрэндуму будзе забаронена заклікаць да зрыву, адмены або пераносу тэрмінаў правядзеньня выбараў ці рэфэрэндуму. Іншымі словамі, забараняецца байкот выбараў.

Сойм Партыі БНФ назваў зьмены ў выбарчым заканадаўстве, якія былі ўхваленыя Палатай прадстаўнікоў у першым чытаньні 2 кастрычніка, «скіраванымі на супрацьдзеяньне апазыцыйным партыям і кандыдатам».

«Мэтай гэтай рэформы мы бачым ліквідаваньне тых магчымасьцяў, якія дазвалялі апазыцыі выкарыстоўваць выбарчыя кампаніі дзеля папулярызацыі дэмакратычнай альтэрнатывы дзейнаму рэжыму», — пра гэта гаворыцца ў заяве, ухваленай Соймам. БНФ канстатуе, што ў гэтых умовах чарговыя мясцовыя выбары пройдуць у несвабодных і несправядлівых умовах.

БНФ запатрабаваў зьменаў у Выбарчы кодэкс, якія сапраўды патрэбныя: скарачэньня датэрміновага галасаваньня, допуску апазыцыі да падліку галасоў праз удзел у камісіях, пашырэньне правоў назіральнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG