Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі Народны Фронт сьвяткуе 25 гадоў

Сьвяткаваньне праходзіць на трох пляцоўках. Аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту за перабудову «Адраджэньне» быў створаны 19 кастрычніка 1988 году на сходзе ў Чырвоным касьцёле ў Менску.

Аб 11-й гадзіне ў майстэрні мастака Аляксея Марачкіна сабраліся сябры гістрарычнага аргкамітэту БНФ, якія былі заснавальнікамі арганізацыі роўна 25 гадоў таму. Свабода вяла жывую відэатрансьляцыю з гэтай падзеі.
14:09 19.10.2013
У мастацкай майстэрні на вуліцы Старажоўскай у Менску закончылася ўрачыстае сьвяткаваньне 25-годзьдзя БНФ. Удзельнічалі бальшыня сябраў таго самага гістарычнага аргкамітэту 1988 году.

Сярод іншых, выступілі Аляксей Марачкін, Мікола Купава, Вінцук Вячорка і Юрась Беленькі, Валянцін Голубеў і Лявон Баршчэўскі, Пятро Садоўскі і Алег Трусаў, гісторыкі Валянцін Мазец і Уладзімер Ляхоўскі.

Адметна, што ў сьвяткаваньня ўдзельнічалі прыхільнікі розных плыняў БНФ: як Зянона Пазьняка, так і Баршчэўскага і Вячоркі.

Адась Матафонаў і Тацяна Матафонава-Грыневіч выканалі песьні на словы Сержука Сокалава-Воюша і Зянона Пазьняка.

Лявон Баршчэўскі падсумаваў у інтэрвію Радыё Свабода вынікі сьвяткаваньня:

«Я лічу, гэта было аўтэнтычнае сьвяткаваньне. Сабраліся і выступілі менавіта сябры першага аргкамітэту, якія вялі рэй у 1988 годзе. Іх выступы былі самыя яркія, гэта былі выступы, ня толькі зьвернутыя ў мінуўшчыну, але і будучыню. Казалі пра ідэалы БНФ, пра тое, як, нягледзячы на ўсе неспрыяльныя ўмовы, важна даходзіць да людзей і да народу. Сустрэча і выступы паказалі што ня трэба шукаць сякеру пад лавай. Тое, што прыдумана ў 1988 годзе, на 90 працэнтаў актуальнае і зараз. Гэта пакінула вельмі прыемнае ўражаньне.

Я нават не чакаў, што ўсе прысутныя сябры аргкамітэту будуць гаварыць на гэтыя тэмы. Гэта сьведчыць, што ёсьць нерэалізаваны патэнцыял. А гэтыя людзі, выштурхнутыя на ўзбочыну, вельмі шмат могуць. І калі Севярынец патэлефанаваў і сказаў, што будзе дарабляць тое, што мы не дарабілі, тут узьнікла пярэчаньне, што мы самі нестарыя, досыць маладыя, і самі будзем дарабляць, і дапамагаць. Настрой вельмі пазытыўны, так што будзем глядзець у будучыню»

Напрыканцы Марачкін падзякаваў усім прысутным, а таксама арганізатарам сустрэчы — Лявону Баршчэўскаму і Вінцуку Вячорку.


Пятро Садоўскі
Пятро Садоўскі
13:59 19.10.2013
Сойм Партыі БНФ вырашыў далучыцца да адзначэньня «Дзядоў» у Курапатах 3 лістапада ў рамках шэсьця і мітынгу, якое наладжвае КХП БНФ. «Давайце зробім крок да аб’яднаньня», — сказалі некаторыя сябры Сойму. Апрача таго Партыя БНФ зьбіраецца адзначыць гадавіну Слуцкага збройнага чыну ў канцы лістапада.

Сойм партыі БНФ завершаны, а 15 гадзіне пачнецца ўрачысты прыём з нагоды 25-годзьдзя БНФ.
13:58 19.10.2013
Працягваецца Сойм БНФ. БНФ хоча заснаваць памятны знак імя Івашкевіча. Гэта будзе нагрудны знак лепшым арганізатарам масавых вулічных акцыяў. Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, гаворачы пра ўшанаваньне памяці аднаго з заснавальнікаў БНФ Віктара Івашкевіча, згадаў што нядаўна памерлы быў вядомы як выдатны арганізатар масавых вулічных акцыяў. Паводле спадара Янукевіча, ёсьць прапанова палітычнай камісіі партыі заснаваць памятны знак імя Віктара Івашкевіча, які Сойм прысуджаў бы штогод за арганізацыю найлепшай вулічнай акцыі, дзеля адзначэньня любой вулічнай актыўнасьці.

"Са згоды сваякоў Івашкевіча мы зможам ухваліць такую прапанову. Гэта будзе нагрудны знак",— сказаў Янукевіч. Сойм ухваліў гэтую прапанову.
13:50 19.10.2013
КХП-БНФ адзначыў 25-годзьдзе напярэдадні >>
13:48 19.10.2013

Фотагалерэя: Гісторыя БНФ >>

13:46 19.10.2013
Юрась Беленькі
Юрась Беленькі
Юрась Беленькі ў сваім выступе адзначыў, што самая памятная падзея — 25 жніўня 1991 г., калі Беларусь набыла фаткычную незалежнасьць.

Ён працытаваў Пятра Садоўскага падчас тых гістарычных падзеяў: «Многае паспрабаваў у жыцьці: каханьне жанчыны, пах добрага віна, і думаў, што так і памру, не даведаўшся, што такое — жыць у незалежнай свабоднай дзяржаве». Беленькі сказаў, што гэта адпавядае і яго настрою. «Гэта крышталізацыя, гэтае рушаньне — усё пайшло з Фронту».
13:41 19.10.2013
Сойм Партыі БНФ працягваецца. Сябры Сойму вывучаюць зьмены ў выбарчым заканадаўстве, якія былі ўхваленыя Палатай прадстаўнікоў у першым чытаньні 2 кастрычніка. У заяве з гэтай нагоды Сойм нэгатыўна ацаніў гэтыя зьмены, «скіраваныя на процідзеяньне апазыцыйным партыям і кандыдатам».

«Мэтай гэтай рэформы мы бачым ліквідаваньне тых магчымасьцяў, якія дазвалялі апазыцыі выкарыстоўваць выбарчыя кампаніі дзеля папулярызацыі дэмакратычнай альтэрнатывы дзейнаму рэжыму», — гаворыцца ў заяве, БНФ канстатуе, што ў гэтых умовах чарговыя мясцовыя выбары пройдуць у несвабодных і несправядлівых умовах.

БНФ патрабуе патрэбных зьменаў выбарчага кодэкса: скарачэньня датэрміновага галасаваньня, допуску апазыцыі да падліку галасоў праз удзел у камісіях, пашырэньне правоў назіральнікаў.

Партыя БНФ зьбіраецца браць удзел у бліжэйшых мясцовых выбарах дзеля кантактаў з выбарнікамі. Намесьнік старшыні партыі Рыгор Кастусёў распавёў на Сойме, што патэнцыйныя кандыдаты на мясцовых выбарах цяпер праходзяць навучаньне, гэтаксама як і сябры іх камандаў, ідзе падрыхтоўка да кампаніі.
13:40 19.10.2013
Баршчэўскі цытуе словы Севярынца, які перадаў свае віншаваньні ўдзельнікам урачыстасьці:

"Калі вы стваралі БНФ, была Плошча Леніна, а ў касьцёле - Дом кіно. Цяпер - Плошча Незалежнасьці, а Касьцёл сьв.Сымона і Алены. Задача нашага пакаленьня, каб наступны юбілей мы сустракалі там на Плошчы". Баршчэўскі сказаў, што Севярынец перадае ўсім словы падзякі
13:36 19.10.2013
Валянцін Голубеў
Валянцін Голубеў

Выступае Валянцін Голубеў:

Стварэньне Народнага Фронту — гэта эйфарыя, гэта тысячы сьцягоў, гэта паўсюль усьмешка. Нас чакалі, сустракалі прыязна, куды б мы ні прыяжджалі. Дзейнасьць БНФ прыводзіла да перамог на выбарах, да згуртаваньня, да аб’яднаньня, да плянаваньня пэрспэктывы. Адбылася перамога — Беларусь стала незалежнай дзяржавай. Стала называцца так, як захацелі мы. Мы зь Вінцуком Вячоркам зрабілі тры праекты — аб назьве, аб сьцягу, і пасьля гэта Сямдзянава распаўсюдзіла ў Вярхоўным Савеце. І пасьля гэта перавярнула стаўленьне сярод дэпутатаў таго Вярхоўнага Савету. У адных гэта абудзіла гістарычную памяць, а іншых навучыла. Калі вырашылі беларускія справы — партыйнага падзелу там не было. Калі трэба было вырашаць, за Беларусь, ці за Савецкі Саюз, усе дэпутаты-беларусы адназначна выбіралі Беларусь.

Трэба падкрэсьліць ролю Зянона Пазьняка. Мы працавалі, была ноч. І Пазьняк казаў: «Не, будзем сядзець да канца. Яны могуць быць непадрыхтаваня, а мы павінны быць гатовыя», казаў Пазьняк
<...>
Калі Пазьняк і Вячорка давалі ідэі, то Івашкевіч гэтыя ідэі пераўтвараў у жыцьцё, у тым ліку падтрымліваў і матэрыяльна.

Мы часта крытыкуем Шушкевіча, але трэба сказаць, што менавіта ён у крытычны момант рызыкнуў і падпісаў ад імя Беларусі акт аб завяршэньні існаваньня СССР. Дзякуй Богу, і Вярхоўны Савет паступіў вельмі разумна і на наступны дзень дэнансаваў пагадненьне ад стварэньні СССР і ратыфікаваў дакумэнт, падпісаны напярэдадні

Паглядзіце, у які час нам пашчасьціла жыць. Мы былі тымі людзьмі, дзякуючы якім Савецкі Саюз зьнік. Мы ня думалі, што гэта адбудзецца пры нашым жыцьці. Але адбылося.

Віншую ўсіх, што БНФ адбыўся, што ён існуе. І, як кажа Зянон Пазьняк, нас чакае выдатная будучыня.
13:26 19.10.2013
Вінцук Вячорка, выступаючы, адзначыў, што цяпер вельмі важна адлічбаваць розныя матэрыялы пра гісторыю Беларускага Народнага Фронту і незалежніцкага руху. Таксама ён прыгадаў Алеся Бяляцкага і яго важную ролю падчас памятных падзеяў напрыканцы 80-х
Вінцук Вячорка, Алесь Суша і Пятро Садоўскі
Вінцук Вячорка, Алесь Суша і Пятро Садоўскі
13:24 19.10.2013
Адась Матафонаў выканаў песьню: «Фронт» Сержука Сокалава-Воюша. Тацяна Матафонава-Грыневіч прасьпявала «Ave Maria» на словы Зянона Пазьняка і «Аксамітны летні вечар»

Адась Матафонаў
Адась Матафонаў
13:00 19.10.2013
Сойм БНФ. На Сойме Партыі БНФ адбылася дыскусія, якія пытаньні ўнесьці ў «Народны рэфэрэндум». Сябра Сойму Вадзім Канапацкі прапанаваў аб’яднаць усе пытаньні ў адно: «Ці надакучыў Вам Лукашэнка?», спасылаючыся на тое, што Лукашэнка абяцаў сысьці, калі ён надакучыць людзям.

У выніку рэйтынгавага галасаваньня па 11 вынесеных пытаньнях найбольшую падтрымку сябраў Сойму атрымалі пытаньні пра наўпростыя выбары мэраў і кіраўнікоў мясцовай улады і пра забарону замежных вайсковых базаў у Беларусі — па 19 галасоў. Пытаньне пра тое, ці надакучыў Лукашэнка, атрымала 14 галасоў сябраў Сойма.

БНФ на бмеркаваньне кааліцыі «Народны рэфэрэндум» 6 пытаньняў, у тым ліку і наконт таго, ці надакучыў Лукашэнка народу.
12:55 19.10.2013
Мастак Мікола Купава распавёў пра тое, што БНФ пачынаўся з мастацкіх суполак, з адкрыцьця беларускай школкі. Скончыў свой выступ заклікам да гісторыкаў:

«Нам трэба напісаць сучасную гісторыю. Напісана пра Воршу, пра Грунвальд і іншыя. Зразумела, чаму кніжку пра Горадню зьнішчылі. Трэба пісаць пра сучаснасьць. Заклікаю, гісторыкі, пішыце пра найноўшую гісторыю»
Мікола Купава
Мікола Купава
12:46 19.10.2013
Найстарэйшы сябра фронту мастак Уладзімер Крукоўскі (1937) дыскутуе з Уладзімерам Ляхоўскім падчас сьвяткаваньня 25-ай гадавіны БНФ у майстэрні Аляксей Марачкіна. Крукоўскі раскрытыкаваў гісторыкаў Валянціна Мазца і Уладзімера Ляхоўскага, што яны не распавялі, што і хто папярэднічаў зьяўленьню Беларускага Народнага Фронту.
12:43 19.10.2013
Сойм БНФ. Ідзе дыскусія пра Народны Рэфэрэндум. Адбываюцца дробныя спрэчкі па асобных пытаньнях.
12:26 19.10.2013
Гісторык Уладзімер Ляхоўскі распавядае, як прыйшоў у нацыянальны рух
Гісторык Уладзімер Ляхоўскі распавядае, як прыйшоў у нацыянальны рух
Гісторык Уладзімер Ляхоўскі распавёў пра сваё сталеньне, пра тое, як ён пераўтварыўся хлопца з Заводзкага раёну ў дасьведчанага беларускага гісторыка. Таксама адзначыў важнасьць ідэяў БНФ на этапе станаўленьня незалежнасьці Беларусі і цяпер: «Цяпер толькі ідэі БНФ могуць мабілізаваць людзей і зьмяніць краіну да лепшага»


12:17 19.10.2013
Сойм Партыі БНФ. Аляксей Янукевіч заклікаў выказаць стаўленьне Партыі БНФ да кааліцыі «Талака». Сам ён выказаў станоўчую ацэнку, бо стварылася яшчэ адна пляцоўка для дыялёгу, і выказаў гатовасьць да супрацоўніцтва, калі ў «Талакі» паўстане нейкі свой плян дзеяньняў.

«Гэта аблягчае магчымасьць выхаду на адзінага кандыдата ў 2015 годзе, калі зьявіліся дзьве кааліцыйныя пляцоўкі. У пэрспэктыве можа быць утвораная пляцоўка для дыскусіі і выхаду на адзінага кандыдата. Гэта было б нашым прыярытэтам у кампаніі 2015 года, гэта дало б нам больш магчымасьцяў у змаганьні за нашыя каштоўнасьці і зьмены сытуацыі ў краіне».

Свой даклад Янукевіч завяршыў згадкай падзей 1988 года:

«Як і 25 гадоў таму, сытуацыя выглядае складана і можа быць безнадзейна, але ў 1988 годзе існаваў СССР і цяжка верылася, што неўзабаве нас чакаюць такія кардынальныя зьмены. Мы і цяпер павінны натхняцца тым, чым натхняліся стваральнікі БНФ у 1988 годзе».
Сойм БНФ
Сойм БНФ
12:11 19.10.2013
Лявон Баршчэўскі зацытаваў верш Рыгора Барадуліна, які ён прысьвяціў 25-м угодкам Беларускага Народнага Фронту

Беларускі Народны Фронт,
Твой крок
Чулі высі,
Чакалі долы.
Рассыпаўся ўзброены змрок.
Бел-чырвона-белы, вясёлы
Сьцяг сьвітаньня
Вёў у прасьцяг,
Злы загон
Капыціла «Пагоня».
Мусіць быць
У пачатка працяг.
Толькі заўтраму верыць сёньня.
Меч гартуецца ў барацьбе
Жыцьме той, хто на подзьвіг клікаў.
БНФ, гадавалі цябе
І Зянон,
І вялікі Быкаў!
12:10 19.10.2013
Удзельнікі сьвяткаваньня вітаюць прысутных сяброў гістарычнага аргкамітэту БНФ аплядысмэнтамі. Цікава таксама тое, што ўдзел у сьвяткаваньні бяруць як прыхільнікі Зянона Пазьняка, так і тыя, хто падтрымліваў Вячорку ці Баршчэўскага

Фрагмэнт карціны Аляксея Марачкіна
Фрагмэнт карціны Аляксея Марачкіна
12:08 19.10.2013
«Дзякуючы дзейнасьці моладзевых арганізацыяў рыхтавалася глеба для абвяшчэньня незалежнай сувэрэннай Беларусі» — заявіў Валянцін Мазец напрыканцы свайго дакладу пра гісторыю БНФ.
Валянцен Мазец распавядае пра нядаўна рассакрэчаныя ў дзяржаўных архівах факты пра дзейнасьці нефармальных моладзевых суполак пры канцы 80-х
Валянцен Мазец распавядае пра нядаўна рассакрэчаныя ў дзяржаўных архівах факты пра дзейнасьці нефармальных моладзевых суполак пры канцы 80-х

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG