Радыё Свабода задало толькі адно пытаньне — «У чым самая асноўная заслуга БНФ?» — людзям, што стаялі ля вытокаў стварэньня БНФ: дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Алегу Трусаву і Лявону Дзейку, мастакам Аляксею Марачкіну і Міколу Купаву, скульптару Гэніку Лойку.
Алег Трусаў: «Незалежная Рэспубліка Беларусь — самая галоўная заслуга»
«Што стварылася незалежная беларуская дзяржава. Правільна сказаў днямі Лукашэнка, і мы гэтую цытату ўставілі ў наш артыкул пра БНФ у газэту „Наша слова“. Незалежная Рэспубліка Беларусь — вось гэта самая галоўная заслуга. Астатняе ўсё — дробязі, бо ўсё астатняе выцякае з гэтага. Можна цэлы сьпіс са 100 ці 150 пунктаў скласьці. А ўсё астатняе — сёньня ёсьць, заўтра няма, яно цячэ скрозь пальцы, як вада ці пясок. А гэта вечнае. Тым больш што пры гэтай незалежнасьці ўжо цэлае пакаленьне вырасла. І гэтую незалежнасьць адабраць ня так проста, фактычна немагчыма ва ўмовах глябалізацыі».
Мікола Купава: «БНФ заклаў асновы дэмакратыі ў Беларусі»
«Самае галоўнае, што БНФ заклаў асновы дэмакратыі ў Беларусі, паколькі ў той час мы былі яшчэ ў СССР, і праз усе цяжкасьці прывёў краіну да незалежнасьці. Вынікі гэтай дзейнасьці — парлямэнцкая група ў Вярхоўным Савеце і вулічныя мерапрыемствы — зрабілі сваю справу, і ў 1991 годзе была абвешчана незалежнасьць Беларусі. Яна стала называцца па-людзку — Рэспубліка Беларусь, яна атрымала свае спрадвечныя сымбалі. Гэта БНФ, а ня хто іншы, прывёў да незалежнасьці краіну».
Лявон Дзейка: «Фронт абудзіў Беларусь у самым шырокім сэнсе»
«Фронт абудзіў Беларусь у самым шырокім сэнсе — у геаграфічным, у этнічным, у палітычным, у грамадзкім — проста абудзіў Беларусь і беларускі народ. Я лічу, што Фронт якраз зрабіў рэальнасьцю тое, пра што сама сабе думала вялікая колькасьць людзей у Беларусі, якія нешта чулі пра існаваньне іншых незалежных дзяржаваў, іншых незалежных народаў, для тых людзей, якія вырасьлі і сталелі ў часы Савецкага Саюзу і былі, так бы мовіць, шчырымі савецкімі людзьмі. Яны былі добрымі людзьмі, але адчувалі нешта ня тое ў сваім самавызначэньні. І вось мне здаецца, тое, што Фронт пачаў весьці такую дзейнасьць — асьветніцкую, прапагандысцкую — гэта самае галоўнае».
Алесь Марачкін: «Гэта было абуджэньне і адраджэньне»
«Тут ня будзе перабольшваньняў, калі браць Беларускі Народны Фронт не ізалявана ад тых працэсаў, якія адбыліся на прасторы былога Савецкага Саюзу. Напачатку гэта была Эстонія, Латвія, Літва, пасьля Грузія, Украіна — там таксама былі такія рухі, народныя франты. То і Беларусь не была ўбаку, яна была ў найноўшай гісторыі ў гэты пэрыяд вясны народаў. Гэта было абуджэньне і адраджэньне. Нельга так гаварыць, што на нас незалежнасьць звалілася, як хтосьці напісаў, як мяшок бульбы на галаву. Нічога падобнага. Інтэлігенцыя, людзі сьвядомыя, настроеныя дэмакратычна, настроеныя на незалежнасьць, на адстойваньне сваіх гістарычных і нацыянальных сымбаляў — яны былі гатовыя».
Гэнік Лойка: «БНФ абудзіў нацыянальныя каштоўнасьці ў беларусаў»
«Я як нацыяналіст лічу, што самая вялікая каштоўнасьць у тым, што дзякуючы БНФ у нацыі адрадзіўся нацыяналізм. Бо гэта ёсьць аснова для любога грамадзкага руху. Толькі дзякуючы нацыяналізму нацыя становіцца на свае ногі, і далей ужо могуць разьвівацца і лібэралізмы, і сацыялізмы ўсялякія. А самае асноўнае — гэта нацыяналізм, нацыянальныя каштоўнасьці, якія адрадзіў, абудзіў Беларускі Народны Фронт. Вось у гэтым яго заслуга. Адпаведна, і незалежнасьць мы атрымалі такім чынам, дзякуючы гэтым ідэям, і будуем сваю краіну. У той час ніхто, акрамя Беларускага Народнага Фронту, ня верыў, што беларусы могуць мець сваю незалежную дзяржаву».