Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ня верыць у Саюзную дзяржаву?


Выступаючы перад студэнтамі Магілёўскага ўнівэрсытэту, кіраўнік Беларусі заявіў, што ня гледзячы на глябалізацыю, будучыня — за сувэрэннымі дзяржавамі і асобнымі нацыямі.

«Практычна няма ніводнай эўрапейскай краіны, задаволенай вынікамі будаўніцтва агульнага эўрапейскага дому, які сёньня, як ужо ўсім вядома, трашчыць па ўсіх швах», — заявіў Аляксандар Лукашэнка 17 кастрычніка, выступаючы перад студэнтамі Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя А.А.Куляшова.

Лукашэнка зьвярнуў увагу, што «нават у гэтак званай адзінай Эўропе не згасае імкненьне народаў да самавызначэньня». У якасьці прыкладу ён прывёў Шатляндыю, Бэльгію, а таксама гішпанскую Каталёнію.

Паводле яго слоў, ня гледзячы на глябалізацыю, будучыня — за сувэрэннымі дзяржавамі і асобнымі нацыямі. На думку Лукашэнкі, сёньня чалавецтва перажывае глябальны цывілізаваны зрух, калі нават законы грамадзкіх адносінаў і маральныя нормы, якія здаваліся непахіснымі, паступова страчваюць сілу.

«Інфармацыйная рэвалюцыя зьвяла на нішто ўсе прасторавыя і часавыя бар’еры. Эканамічныя працэсы ў сьвеце даўно выйшлі на наднацыянальны ўзровень. Чалавек навучыўся штучным шляхам аднаўляць найвялікшае з таінстваў — зараджэньне жыцьця, клянаваць жывыя істоты», — сказаў Лукашэнка.

Ён зазначыў, што глябалізацыя вытворчасьці і капіталу цягне за сабой вельмі сур’ёзныя трансфармацыі ў духоўнай сфэры. «Мы бачым паступовае разбурэньне векавых маральных устояў, ператварэньне маральных анамалій у норму жыцьця, сьціраньне нацыянальных, культурных адрозьненьняў паміж народамі, зьяўленьне глябальнай англамоўнай неакультуры, заснаванай на амэрыканскіх стандартах і ўзорах», — падкрэсьліў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы зазначыў, што беларусы доўга ішлі да набыцьця сваёй дзяржаўнасьці. «Свая незалежная дзяржава дае нам свабоду — тое, да чаго па прыродзе сваёй імкнецца кожны чалавек і кожная нацыя, свабоду жыць на сваёй, Богам дараванай, зямлі, свабоду самім выбіраць свой шлях, свабоду шанаваць свае традыцыі, сваё мінулае, распараджацца сваёй сучаснасьцю, будаваць сваю будучыню», — сказаў Лукашэнка.

Як падкрэсьліў Лукашэнка, з пункту гледжаньня будучыні асобных нацый і сувэрэнных дзяржаў яго можна назваць «гістарычным аптымістам». «Нягледзячы ні на якую глябалізацыю, паняцьці Радзімы, Айчыны, незалежнасьці сваёй зямлі яшчэ вельмі-вельмі рана сьпісваць у гістарычны архіў, з майго пункту гледжаньня», — падкрэсьліў ён.

Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на Белта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG