Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры гады пасьля нападу на будынак бабруйскага КДБ


Тры гады таму ў Бабруйску быў учынены напад на будынак мясцовай управы КДБ. Праз тры месяцы спэцслужбы выкрылі нападнікаў. Гэта былі двое прыхільнікаў ідэяў анархізму Павал Сырамалотаў ды Арцём Пракапенка, а таксама сябар аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Яўген Васьковіч. У траўні 2011 году бабруйскі суд асудзіў кожнага з хлопцаў на сем гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Іх прызналі вінаватымі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: «Злоснае хуліганства» і «Наўмыснае нанясеньне шкоды ў асабліва буйных памерах». Як склаўся лёс нападнікаў на КДБ?

Яўген Васьковіч
Яўген Васьковіч
Яўген Васьковіч да кастрычніка 2011 году адбываў пакараньне ў Магілёўскай папраўчай калёніі № 15. Ня раз яго зьмяшчалі ў штрафны ізалятар. Ён адмаўляўся выконваць загады адміністрацыі вязьніцы. Як злоснаму парушальніку дысцыпліны яму зьмянілі рэжым адбыцьця пакараньня на больш жорсткі. Перавялі ў магілёўскую турму № 4 — у гэтак званую «крытку». Там утрымліваюцца асуджаныя, якія зьдзейсьнілі ў калёніі злачынствы альбо абвінавачаныя ў дэзарганізацыі рэжыму ў калёніях. Колькасьць дзён, праведзеных у турэмным ШЫЗА, за два гады сягае некалькіх месяцаў.

«У кожным лісьце ён піша, што нядаўна правёў час у карцэры, але за што канкрэтна яго караюць, ён ня піша. Піша, што з сукамэрнікамі ў яго вельмі добрыя стасункі. Стараецца вольны час бавіць чытаньнем. Асаблівых эмоцыяў ён не выказвае. Па ягоных лістах ён не зьмяніўся. Ён пастаянна згадвае Беларусь, каб мы тут не гублялі надзеі», — кажа пра перапіску з Васьковічам бабруйская журналістка Алеся Скапінцава.

Да зьняволеньня Яўген Васьковіч вучыўся на журналіста ў магілёўскім унівэрсытэце імя Куляшова. Працаваў у недзяржаўнай газэце «Бабруйскі кур’ер». Удзельнічаў у акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня 2010 году. Адседзеў 10 сутак арышту.

Маці хлопца Рушаньня Іванаўна спадзяецца неўзабаве спаткацца зь ім у турме. Пра сынаву няволю жанчына кажа неахвотна. Яўген на сваю долю не наракае, зазначае яна. Гутаркі пра напісаньне сынам прашэньня на памілаваньне ня можа быць. Ён пра гэта нават чуць ня хоча, кажа маці.


Арцём Пракапенка
Арцём Пракапенка
Дваццацітрохгадовы Арцём Пракапенка цяпер адбывае пакараньне ў Магілёве, у той жа калёніі № 15, у якой утрымліваўся і Яўген Васьковіч. Працуе там падсобным рабочым.

Да зьняволеньня вучыўся ў Бабруйскім філіяле Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту на спэцыяльнасьці «Эканамічная інфарматыка».

Маці Арцёма спадарыня Віялета зазначае, што сям’я чакае ягонага вызваленьня, аднак ня хуткага:

«У нас усе думкі пра тое, што сядзіць. Жыцьцё ў нас спынілася. У нас няма ні весялосьці, ні сьвятаў, бо няма Арцёма побач. Заўжды езьдзім на кароткія спатканьні і на доўгатэрміновыя. Аднак яго час ад часу пазбаўляюць іх. Пазбавілі раней кароткага і перадачаў. Цяпер вось доўгатэрміновага пазбавілі. У сьнежні яно павінна было быць. Як толькі праходзіць нейкі тэрмін і ён без спагнаньняў, то яму тут жа нейкае спагнаньне навешваюць», — апавядае пра сынаву няволю Віялета Пракапенка.

Арцём адмаўляецца пісаць прашэньне аб памілаваньні. Спадарыня Віялета кажа, што не аднойчы гутарыла зь ім на гэтую тэму, але сынаў адказ адзін — не.


Павал Сырамалотаў
Павал Сырамалотаў
Паплечнік Арцёма Павал Сырамалотаў летась прашэньне напісаў. Цяпер ён на свабодзе. Пагутарыць ні зь ім, ні з роднымі не ўдаецца. У жніўні 2012 году, калі стала вядома, што Павал вызвалены, ягоная маці казала, што ён не гатовы да сустрэч з журналістамі. Са слоў Віялеты Пракапенкі вядома, што хлопцы перапісваюцца. Арцём не асуджае Паўла, зазначае спадарыня Віялета:

«Наагул яны нармальныя хлопцы. Нават калі быў суд над імі, ніхто зь іх траіх не гаварыў адзін на аднаго. Не перакідваў віны. Ну, ён так вырашыў. Гэта ягонае рашэньне. Ягоны выбар. Ён яго не асуджае. У кожнага свой выбар».

Будынак управы КДБ пасьля нападу ў хуткім часе адрамантавалі. Страты склалі 253 тысячы рублёў. Дзяржаўная абвінаваўца даводзіла, што дзеяньні падсудных маглі прывесьці да зьнішчэньня ўсяго будынка КДБ. Страты маглі тады скласьці блізу двух мільярдаў рублёў. Напад на КДБ, паводле яе, быў выклікам грамадзтву з дэманстрацыяй сваёй бяскарнасьці.

Праваабаронцы лічаць Васьковіча і Пракапенку палітвязьнямі. Намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч заяўляе, што прысуд хлопцам быў вынесены непрапарцыйна жорсткі. У праваабаронцаў ёсьць прэтэнзіі і да аб’ектыўнасьці суду.

«У прыватнасьці, парушана прэзумпцыя невінаватасьці. Яшчэ да разгляду справы па сутнасьці ў тэлевізіі ўжо дэманстраваліся фільмы, у якіх паказвалі матэрыялы апэратыўна-вышуковых дзеяньняў у дачыненьні да іх, і, такім чынам, фармавалася пазыцыя, што яны злачынцы. Хоць на той момант іхнай віны ніхто не ўстанавіў. Я не магу вызначыць, якога пакараньня яны заслугоўваюць — я ня суд. Але я паўтаруся, што ацэньваю прысуды ім як празьмерна жорсткія ў супастаўленьні з тым, што яны зьдзейсьнілі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG