Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Мёршчыне ўшанавалі памяць паўстанца і літаратара


У Мёрскім раёне зьявіліся мэмарыяльныя шыльды ў гонар славутых землякоў — удзельніка паўстаньня 1863 году, скульптара Генрыка Дмахоўскага і пісьменьніка Яна Гушчы.

На шыльдзе ў гонар Генрыха Дмахоўскага давялося пазначыць, што ён «славуты зямляк і скульптар». Згадваць пра тое, што ён быў удзельнікам вызвольнага паўстаньня, мясцовыя ўлады не дазволілі.

З ініцыятывай ушанаваць памяць Дмахоўскага і Гушчы ў Мёрскі райвыканкам зьвярнуліся вучні школы № 3, мармур для шыльдаў за ўласныя грошы набыла Валянціна Атрошка, дырэктарка гэтай школы. Шыльды бясплатна вырабілі і ўсталявалі прадпрымальнік Аляксандар Чарняўскі і ягоны бацька, дырэктар мастацкай школы Баляслаў Чарняўскі.

Калі ў 1863 годзе распачалося паўстаньне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, ураджэнец Мёршчыны Генрых Дмахоўскі ўдзельнічаў у яго падрыхтоўцы, быў прызначаны камісарам Дзісенскага павету. Ён сабраў атрад паўстанцаў і сам яго ўзначаліў. У адным зь першых баёў з царскімі войскамі ён загінуў. Здарылася гэта ў траўні 1863 году каля маёнтка Парэчча на тэрыторыі цяперашняга Докшыцкага раёну. На Докшыччыне, на могілках каля вёскі Бірулі, Дмахоўскага і пахавалі. Дзе магіла паўстанца, сёньня ведаюць толькі нешматлікія мясцовыя жыхары ды краязнаўцы.

«Знайсьці магілу няцяжка, калі ведаеш, дзе шукаць. Яна знаходзіцца ў бярозавым гаі каля старажытнага могільніка, узбоч сьцежкі ў бок возера. І адзначана хіба толькі старым каменным крыжам, усталяваным на пачатку мінулага ці напрыканцы пазамінулага стагодзьдзя. Вядома, што за польскім часам памяць Дмахоўскага ўшаноўвалі вучні і настаўнікі школы, што ў суседняй вёсцы Несьцераўшчына. На пачатку 2000-х гадоў на месцы гэтай магілы праводзіліся гістарычныя раскопкі. Знайшлі тры шкілеты, адзін зь іх належаў чалавеку вышэйшага, у параўнаньні зь іншымі, росту — верагодна, якраз Генрыху Дмахоўскаму. Бо, паводле ўспамінаў, гэта быў высокі чалавек. Былі знойдзеныя і жалезныя кулі — прычына сьмерці гэтых людзей, якія ўсе трое, найверагодней, і былі ўдзельнікамі паўстанцкага атраду. На нейкі час знойдзеныя чалавечыя парэшткі перазахавалі на бліжэйшых могілках, але потым вярнулі на ранейшае месца — пад стары крыж», — апавёў краязнаўца і журналіст Кастусь Шыталь.

Генрых Дмахоўскі браў удзел у трох паўстаньнях — 1830–31 гадоў, 1848–49 гадоў і 1863 году. Паміж паўстаньнямі жыў у замежжы, займаўся мастацтвам — вырабіў бюсты Касьцюшкі, Вашынгтона, Франкліна, Джэфэрсана, што стаяць у будынку Сэнату ЗША.

Мэмарыяльная шыльда ў памяць Генрыха Дмахоўскага, паўстанца і скульптара, цяпер вісіць на будынку клюбу ў вёсцы Забалацьце. Гэты будынак быў узьведзены на падмурку сядзібы Дмахоўскіх.
Мэмарыяльная шыльда Яну Гушчу
Мэмарыяльная шыльда Яну Гушчу

Шыльду ў гонар Яна Гушчы, пісьменьніка, журналіста і перакладчыка, зьмясьцілі на жылым будынку ў Дзісьне. Ян Гушча, які нарадзіўся ў фальварку Загасьціньне на Мёршчыне, жыў у гэтым доме з 1930 да 1934 году, калі вучыўся ў Дзісенскай гімназіі.

Абедзьве шыльды адкрывалі ўрачыста, з удзелам вучняў мясцовых школаў. На адкрыцьці выступіў мёрскі краязнаўца Вітольд Ермалёнак, які настойваў на неабходнасьці ўшанаваць памяць славутых землякоў яшчэ ў савецкі час. Праз больш як 30 гадоў ягоныя надзеі збыліся дзякуючы ініцыятыве і неабыякавасьці землякоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG