Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крысьціян Хольм стаў наступнікам Уты Цапф

абноўлена

Сёньня старшыня Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ прызначыў Крысьціяна Хольма старшынёй спэцыяльнай рабочай групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.

Раней гэтую пасаду займала нямецкая дэпутатка Ута Цапф.

«Мы будзем працягваць працу дзеля вольнай, дэмакратычнай і адкрытай Беларусі!» — напісаў Крысьціян Хольм на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Крысьціян Хольм распавёў у інтэрвію Радыё Свабода: «Я быў у групе па Беларусі некалькі гадоў. Я думаю, мы будзем працягваць рабіць тое, што і раней. Вядома, я буду імкнуцца палепшыць працу працоўнай групы па Беларусі. Будзем супрацоўнічаць як з прадстаўнікамі афіцыйнага парлямэнту, так і зь беларускай апазыцыяй, грамадзянскай супольнасьцю і праваабарончымі арганізацыямі.

Паспрабуем пачаць дыялёг з уладамі, каб адкрыць офіс АБСЭ ў Менску, каб яшчэ эфэктыўней працягваць працу дзеля дэмакратычнага прагрэсу ў краіне. Мы хочам бачыць Беларусь адкрытай дэмакратычнай краінай».

Крысьціян Хольм спадзяецца наведаць Беларусь ужо неўзабаве: «Новае прызначэньне дасьць мне больш магчымасьцяў у дзейнасьці на карысьць Беларусі, і, я спадзяюся, пасьля доўгага перапынку я буду зноў мець магчымасьць наведаць гэтую краіну».


Крысьціян Хольм нарадзіўся 22 ліпеня 1976 году ў Эд-Уордзе, жыве ў Карлстадзе. Падчас выбараў 2006 году абраны дэпутатам швэдзкага парлямэнту ад партыі «Мадэратэрна».

Раней займаў пасаду віцэ-прэзыдэнта і міжнароднага сакратара Зьвязу моладзі мадэратаў, а таксама намесьніка старшыні моладзі Эўрапейскай народнай партыі (YEPP).

Вясной 2006 году Крысьціян Хольм у якасьці віцэ-прэзыдэнта Зьвязу моладзі мадэратаў наведваў Беларусь. Разам зь яшчэ чатырма аднапартыйцамі быў затрыманы і дапытаны супрацоўнікамі міліцыі і КДБ у Горадні.

Крысьціян Хольм ня раз бываў у Беларусі ў рамках парлямэнцкіх дэлегацыяў назіральнікаў на выбарах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG