Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пляны па прыватызацыі ніколі не выконваліся»


Яўген Прэйгерман
Яўген Прэйгерман

Беларусь плянуе ў кастрычніку-сьнежні бягучага году правесьці кансультацыі з МВФ пра магчымасьць фінансаваньня ў рамках новай праграмы ўзаемадзеяньня.

Ці можа ў цяперашніх палітычных і эканамічных абставінах МФВ даць новы крэдыт Беларусі? Чаму пляны па прыватызацыі штогод не выконваюцца і наколькі рэалістычны плян беларускіх уладаў на наступны год? На гэтыя пытаньні адказвае дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман .

Цыганкоў: Улічваючы гісторыю дачыненьняў Менску з МВФ, як можна спрагназаваць, ці атрымае Беларусь наступны крэдыт ад МВФ і які да гэтага ёсьць перашкоды?

Прэйгерман: Да нейкіх наступных крэдытаў даволі складаны шлях, хапае пытаньняў, якія тут замінаюць. Пачынаючы ад палітычных пытаньняў, на якія зьвяртаюць увагу краіны Эўразьвязу і ЗША, у першую чаргу вызваленьне палітзьняволеных. Таму трэба здымаць гэтае пытаньне, і выходзіць на нейкі перамоўны працэс з Захадам.

Калі мы назіраем прыезд місіі МВФ у Менск, яны кожны раз даволі дакладна фармулююць сваю пазыцыю, што ім хочацца бачыць рашучасьць і разуменьне неабходнасьці структурных рэформаў на ўзроўні Аляксандра Лукашэнкі. Што можа пераканаць МВФ, што такая рашучасьць ёсьць — гэта пытаньне адкрытае.

Цыганкоў: Другая цікавая лічба з пляну сумесных дзеяньняў Савету міністраў і Нацбанку па структурным рэфармаваньні і павышэньні канкурэнтаздольнасьці эканомікі — урад Беларусі разьлічвае ў наступным годзе правесьці конкурсы па прыватызацыі дзяржуласнасьці на суму да 4,5 млрд даляраў. Тут можна заўважыць, што штогод пляны па прыватызацыі не выконваюцца. Ці будзе па-іншаму на гэты раз?

Прэйгерман: Для мяне лічба 4,5 мільярды даляраў ад прыватызацыі выглядае велізарнай і малаверагоднай. Папярэднія гады, калі мы атрымлівалі траншы ад Эўразійскага банку разьвіцьця — то мусілі, паводле дамоўленасьцяў, штогод прыватызаваць на 2,5 мільярды даляраў. Нічога з гэтага не было выканана, як вы ўзгадалі.

Так што, гледзячы па тых тэндэнцыях, што былі апошнія гады, цяжка сябе ўявіць, як можна прыватызаваць на 4,5 мільярды. Тым больш што кан’юнктура зараз не самая лепшая. Потым мы вяртаемся да таго ж пытаньня, якое ставіць і МВФ — гэта пазыцыя кіраўніка дзяржавы. Дагэтуль ён дэманстраваў, што ня хоча ісьці на сур’ёзную прыватызацыю. Зразумела, зь якіх прычынаў — бо прыватызацыя шмат у чым палітычны чыньнік.

Калі ж арыентавацца на малую і сярэднюю прыватызацыю, то таксама ёсьць пытаньні. Папярэднія гады гэтыя пляны выконваліся вельмі нязначна — у 2008-10 на 5 працэнтаў, у 2011 — на 18 працэнтаў. Гэта азначае, што ёсьць і структурныя праблемы — пазыцыі дырэктараў прадпрыемстваў, пазыцыі мясцовай улады. Гэта ўсё таксама замінае прыватызацыі. Так што можам канстатаваць, што выканаць гэтыя пляны нават пры наяўнасьці добрай волі, пры наяўнасьці добрых дакумэнтаў, якія сёньня распрацоўваюцца ў пэўных інстанцыях, — зрабіць гэта будзе вельмі складана.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG