Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Мазырскім НПЗ галадаюць актывісты незалежнага прафсаюзу


14 кастрычніка старшыня пярвічнай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе Юры Швец абвясьціў галадоўку на знак пратэсту супраць уціску сяброў незалежнага прафсаюзу.

Галадоўку лідэра пярвічкі падтрымлівае ягоны намесьнік Васіль Альхоўскі, які зараз знаходзіцца на бальнічным з пераломам нагі. Ноч яны зьбіраюцца правесьці ў аўтамабілі ля будынку адміністрацыі нафтаперапрацоўчага заводу.

У пярвічнай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе — звыш 700 сяброў.

Лідэр пярвічкі Юры Швец кажа, што ўсе ягоныя намаганьні сустрэцца з генэральным дырэктарам заводу Анатолем Купрыянавым плёну ня мелі. І хоць незалежны прафсаюз аддзяляе ад дырэкцыі ў адміністрацыйным будынку ўсяго адзін паверх, трапіць да кіраўніка і абмеркаваць беспадстаўныя звальненьні чальцоў прафсаюзу пакуль не ўяўляецца магчымым. Гэта й сталася прычынай галадоўкі.

Юры Швэц: «Ваду п’ю — ад ежы адмовіўся. Разаслаў паперы — кіраўніцтву заводу, у мясцовыя органы ўлады, пракуратуру, канцэрн „Белнафтахім“. Ад дыялёгу людзі адмаўляюцца. Прычым — наадрэз. Наагул гэта іх абавязак — сустракацца. Я не напрошваюся пра лецішча размаўляць ці яшчэ пра штосьці такое. Гэта службовыя пытаньні. Службовыя! І яны павінны абмяркоўвацца».

Уранку спадар Швец прыйшоў на працу, каб падрыхтавацца да паседжаньня камісіі па працоўных спрэчках. Галадоўку ён зьбіраецца трымаць на працоўным месцы, чакаючы сустрэчы з кіраўніком заводу:

«У нас адміністрацыя заводу, яна паставіла сябе ўжо вышэй закону— ад таго й крайнія меры. Яна піша свае законы, свае правілы, свае нормы паводзінаў.
У нас адміністрацыя заводу, яна паставіла сябе ўжо вышэй закону— ад таго й крайнія меры
А дзяржаўныя законы і правы іншых проста ігнаруюцца. Я спадзяюся, што кіраўніцтва заводу ўсё-ткі сустрэнецца з намі. Яно ўжо двойчы адмовілася сустракацца. Я афіцыйна зьвяртаўся ў дырэкцыю наконт таго, што рада нашага прафсаюзу хоча сустрэцца, каб высьветліць, чаму перасьледуюцца чальцы прафсаюзу. Дырэктар заводу адмовіўся ад такой сустрэчы. Потым кіраўніцтва БНП і Кангрэсу незалежных прафсаюзаў даслала запыт на сустрэчу — дырэктар таксама адмовіўся».

Суразмоўца кажа, што і рада пярвічкі незалежнага прафсаюзу, і ён сам дзейнічаюць на прадпрыемстве строга ў межах закону:

«Я не выдумляю нейкія свае прымхі: ня бегаю, не заклікаю спыняць вытворчасьць ці нешта такое. Я выконваю свае абавязкі. Зьявіліся нейкія канфлікты ці пытаньні, я прыходжу й разьбіраюся. Бягучыя справы вяду. Калектыўныя дамовы заключаем, ладзім кантроль. Усё тое, што прадугледжана законам. Я і мае калегі ні на ёту не адхіляемся ад закону. Відаць, камусьці не падабаецца, што мы самі жывём па законах і іншых заклікаем выконваць законы».

Спадар Швец сьцьвярджае, што ўжо гадоў пяць з боку кіраўніцтва нафтаперапрацоўчага прадпрыемства ажыцьцяўляецца ўціск незалежнага прафсаюзу, парушаюцца працоўныя й грамадзянскія правы ягоных сяброў.

Апошняй кропляй у такіх дачыненьнях стала папярэджаньне адміністрацыі пра спыненьне кантрактаў адразу зь пяцьцю чальцамі незалежнага прафсаюзу — мужам й жонкай Генадзем і Тацянай Баброўнікамі з праектна-канструктарскага аддзелу, Уладзімерам Ключнікавым, Іванам Шабаном і Аляксеем Ермакам з цэху № 12. У дачыненьні да іх, заяўляе прафсаюзны актывіст, выстаўлены абсурдныя абвінавачваньні дзеля таго, каб не працягваць зь імі працоўныя кантракты.

Прафсаюзны кіраўнік лічыць, што вынесеныя згаданым асобам дысцыплінарныя спагнаньні не адпавядаюць важкасьці парушэньняў і супярэчаць нормам Працоўнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Намесьнік генэральнага дырэктара па сацыяльных пытаньнях і кадрах у акцыянэрным таварыстве «Мазырскі НПЗ» Генадзь Цецярук кажа, што завод звальняе парушальнікаў працоўнай дысцыпліны незалежна ад таго, да якога прафсаюзу яны належаць.

Што да галадоўкі кіраўніка пярвічнай арганізацыі незалежнага прафсаюзу, то парадак такой формы пратэсту вызначаецца законам — і яго трэба трымацца:

«Што такое галадоўка — гэта форма пратэсту. Ёсьць адпаведны закон, як яна павінна праводзіцца. У законе напісана, што ён павінен зьвярнуцца ў органы ўлады, атрымаць дазвол. Якія пытаньні: хочаш галадаць — атрымай дазвол і галадай. Ёсьць парадак. Ну, а калі ты, магчыма, вырашыў проста пагаладаць з карысьцю для здароўя і напісаў учора, што буду галадаць, дык галадай. Так, магчыма, і я галадаю. Можа, у мяне такая дыета — галаданьне».

У другой палове дня на Мазырскім НПЗ засядала пагаджальная камісія па працоўных спрэчках, на якой абмяркоўваліся й пытаньні звальненьня сяброў незалежнага прафсаюзу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG