Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шлейф падзельнікаў» пакуль з аднаго затрыманага


У Сьледчым камітэце пацьвердзілі зьвесткі толькі пра аднаго з затрыманых разам з намесьнікам старшыні «Белнафтахіма».

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, акрамя намесьніка старшыні «Белнафтахіма» Ўладзімера Волкава, у справе аб хабарніцтве на «Белнафтахіме» арыштаваныя яшчэ некалькі чалавек. Між тым у Сьледчым камітэце назвалі толькі адно імя — Аляксей Алексін.

«Мы нядаўна арыштавалі намесьніка дырэктара „Белнафтахіма“ і цэлы шлейф ягоных падзельнікаў», — заявіў Аляксандар Лукашэнка 11 кастрычніка на прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў, якую даваў у Менску. Хто гэтыя людзі, каго арыштавалі разам з Уладзімерам Волкавым?

Раней у Сьледчым камітэце Беларусі назвалі імя арыштаванага намесьніка старшыні «Белнафтахіму», якое ў першым паведамленьні ад 8 кастрычніка не прагучала. Гэта Ўладзімер Волкаў. Пра іншых фігурантаў справы супрацоўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова 11 кастрычніка паведаміла наступныя зьвесткі:

«У межах расьсьледаваньня крымінальнай справы адносна намесьніка старшыні канцэрну „Белнафтахім“ у якасьці падазронага далучаны і заснавальнік шэрагу прадпрыемстваў, якія займаюцца рэалізацыяй нафтапрадуктаў, Аляксей Алексін».

Пра іншых затрыманых у гэтай справе СК нічога не паведамляе.

У «Белнафтахіме» заяўляюць, што квоты на пастаўку ў Беларусь нафты разьмяркоўвала дзяржаўная камісія — калегіяльны орган, які дзейнічаў пад кантролем шматлікіх інстанцыяў, у тым ліку ўраду. Незалежны эканаміст Сяргей Балыкін мяркуе, што і гэтую заслону магчыма абыйсьці:

Сяргей Балыкін
Сяргей Балыкін
«А што калегіяльны орган? Усё роўна можна зрабіць гэтак, як табе трэба. Можна падрыхтаваць інфармацыю гэтак, каб калегіяльны орган прыняў адпаведнае рашэньне. Нарэшце, можна дамовіцца з чальцамі гэтага калегіяльнага органа. Існуе шмат схемаў».

Паводле Сяргея Балыкіна, хабар маглі браць і за тое, што паднялі кошты закупу сыравіны, ці за ільготныя ўмовы перапрацоўкі пастаўленай нафты. «У мэнэджэраў дзяржаўнага прадпрыемства, якім ёсьць „Белнафтахім“, багата магчымасьцяў атрымаць хабар».

Як могуць беларускія алігархі, на якіх накладзеныя санкцыі Эўразьвязу, абмінуць гэтыя санкцыі? Паводле Сяргея Балыкіна, перавод замежных актываў на падстаўных асобаў шырока ўжываецца ва ўсім сьвеце, а ня толькі беларускімі алігархамі. Гэта робіцца, калі трэба пазьбегнуць увагі фіскальных ці кантрольных органаў, а таксама — каб схаваць свае сувязі з пэўнымі асобамі, будзь то вядомыя крымінальнікі ці адыёзныя палітыкі.

«Колькі бізнэсоўцаў, столькі і схемаў. Кожны стварае сваю, каб немагчыма было зразумець, каму насамрэч належыць уласнасьць. Хаваюць ад кантралёраў, ад падаткоўцаў і шмат ад каго яшчэ. Вы паглядзіце на тыя ж нашы СП — нібыта сумесныя прадпрыемствы з удзелам замежнага капіталу. Шмат якія зь іх створаныя насамрэч зь беларускага капіталу, які быў спачатку вывезены, а потым завезены зноў празь нейкія структуры, афшоры ці іншымі спосабамі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG