Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Восем год у чаканьні дазволу на касьцёл


У капліцы парафіі сьвятога Юзафа ў Горадні
У капліцы парафіі сьвятога Юзафа ў Горадні

Вернікі парафіі сьвятога Юзафа ў Горадні просяць праз інтэрнэт усіх вернікаў Гарадзенскай дыяцэзіі сумесна маліцца за тое, каб мясцовыя ўлады выдзелілі ім месца пад будоўлю касьцёла.

Апошні раз сёлета сабралі дзеля гэтага 4448 подпісаў да ўладаў.
Каталікі дамагаюцца свайго права на храм ужо 8 гадоў. Пакуль — безвынікова.

Душпастырскі цэнтар парафіі сьвятога Юзафа месьціцца ў Горадні на вуліцы Сухамбаева. Тут і капліца, дзе правяцца малебны.

Настаяцель ксёндз Павал распавядае, што парафію сьвятога Юзафа зарэгістравалі яшчэ ў 2003 годзе і практычна адразу пачалі зьвяртацца да ўладаў, каб тыя выдзелілі пляц пад будоўлю касьцёла. У гэтым раёне гораду няма ніводнага каталіцкага храма. Апошні раз сёлета сабралі 4448 подпісаў да ўладаў, але адказ адзін і той самы.

Ксёндз Павал: «У суадносінах з праектам карэкціроўкі Генэральнага пляну разьвіцьця Горадні, распрацаванага УП БЕЛНІ „Горадабудаўніцтва“, не прадугледжана ў мікрараёне „Фарты“ разьмяшчэньня будынкаў культавай забудовы».

Паводле ксяндза Паўла, у невялічкую капліцу, абсталяваную ў школьным клясе, зьбіраецца да 300 чалавек. Малебны адбываюцца на беларускай і польскай мовах.

Ксёндз Павал: «Іначай парафія выглядае, калі яна мае свой касьцёл, бо капліца ўсё ж замаленькая. Нават здараецца, што старэйшым людзям нядобра робіцца, бо не хапае паветра. Усё ж гэтыя пакоі капліцы, куды прыходзяць 150 і 200 людзей — яны замалыя, каб нармальна магла існаваць парафія».

Вернікі парафіі сьвятога Юзафа, зь якімі давялося размаўляць, кажуць, што ў дадзенай сытуацыі спадзяюцца толькі на Бога і добрую волю ўладаў, бо толькі ўлады могуць выдзеліць ім месца пад храм. Кажа вернік спадар Станіслаў:

Спадар: «Там ёсьць пэўныя складанасьці з тэрыторыяй, але, тым ня менш, месцы пад забудову ёсьць. Толькі ня вернікі вызначаюць, пад якую забудову іх разьмяркуюць. Я думаю так, што трэба стукацца — і адчыняць, прасіць — і дадуць. Будзем прасіць і далей, бо што яшчэ зробіш...»

У грамадзкай арганізацыі «За свабоду сумленьня» юрыст Дзіна Шаўцова распавяла, што з падобнымі сытуацыямі сыстэматычна сутыкаюцца ня толькі каталікі, але і вернікі іншых канфэсіяў. Статыстыкі такіх сытуацыяў, паводле яе, ніхто не вядзе. Праблемы не вырашаюцца дзесяцігодзьдзямі.

Шаўцова з свайго 15-гадовага досьведу вылучае дзьве асноўныя прычыны, чаму ўзьнікаюць падобныя праблемы. Па-першае, гэта агульны грамадзка- палітычны і ідэалягічны кантэкст, паводле якога ў краіне існуюць пэўныя ўстаноўкі. А другі аспэкт, паводле Шаўцовай, — юрыдычны:

Шаўцова: «Адсутнасьць зразумелых правілаў, закладзеных у заканадаўстве. Калі ў Законе ёсьць ясны альгарытм: што дзеля таго, каб атрымаць пэўны вынік, неабходна зрабіць першае, другое і трэцяе, і ты дакладна ведаеш, што ў выніку атрымаеш тое, чаго хацеў. У цэлым наша заканадаўства насычана такімі фармулёўкамі, калі шмат чаго пакідаецца на меркаваньне чыноўніка, які прымае рашэньні ў меру сваёй кампэтэнцыі і адказнасьці».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG