Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяніс Раманюк пакажа ваду


10 кастрычніка ў галерэі TUT.by выдавец, фатограф, дызайнэр, мастак Дзяніс Раманюк прэзэнтуе фотапраект «Беларусь сінявокая» з фатаздымкамі з аднайменнага альбому. Тэма фотавыставы — вада.

«З маленства, калі мяне навучыў фатаграфаваць мой бацька, вядомы этнограф і мастацтвазнаўца Міхась Раманюк, я фатаграфую Беларусь, яе жыхароў і, вядома, прыроду. Але заўжды мяне асабліва захапляў вобраз вады. Можа таму, што па задыяку я Рыбы, а можа таму, што найчасьцей мае фотавандроўкі праходзілі берагамі рэк і азёраў. Вядома, што вада дала пачатак жыцьцю і безь яе немагчымае нашае існаваньне, але для мяне як для мастака вада — крыніца натхненьня і неад’емная частка творчасьці. Яна — асаблівае ўпрыгожаньне беларускага краявіду», — сказаў Дзяніс Раманюк у інтэрвію Радыё Свабода.

Выстава — працяг аднайменнага альбому «Беларусь сінявокая», які выйшаў сёлета. Як альбом, так і выстава прысьвечаныя вадзе, і большая частка фатаздымкаў — з вадой. Аднак Дзяніс Раманюк не абмежаваўся толькі фатаздымкамі рэк і азёраў, а раскрыў тэму значна шырэй.

«Гэта і крыніцы, ручаіны, балоты. Таксама ў альбоме і выставе вада паказаная і празь яе формы ў прыродзе: лёд, туман, раса, дождж, сьнег. І празь неад’емныя ад вады вобразы, створаныя чалавекам, — човен, студня, лазьня. Ёсьць і абрады, у якіх вада — абавязковы атрыбут: гэта Хрост, Купальле, Макаўе», — кажа Дзяніс Раманюк.

Аўтар лічыць, што выстава — гэта магчымасьць у іншым фармаце прэзэнтаваць альбом «Беларусь сінявокая», паказаць яго тым, хто ня можа дазволіць сабе купіць кнігу.

Адкрыцьцё выставы адбудзецца 10 кастрычніка а 19-й.

Выстава будзе працаваць да 7 лiстапада.

Адрас: вул. В. Харужай, 1а, 6 паверх. ГЦ «Сылюэт».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG