Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бешаныя бабкі» ад фальшывага «Шушкевіча»


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў
1.

Мінуў роўна год, як у Горадні здымалі Бэрлін. Кіно пра залатых радзівілаўскіх апосталаў, якія зьніклі ў невядомым кірунку і немаведама калі. «Беларусьфільм» дае свой адказ на загадку, якая не дае спакою аматарам скарбаў.

У былым віцэ-губэрнатарскім палацы, які яшчэ называюць «старым аблвыканкамам», пачынаецца гісторыя кінапошукаў пазалочаных скульптур. Фільм зроблены па-хуткаму: здымалі мінулай восеньню і ўжо праз год прывезьлі на прагляд стужку.

У суседнім доме – самы стары беларускі кінатэатар, сто гадоў будзе налета. Мяне розныя «блокбастэры» не цікавяць, а вось на «Апосталаў» схадзіў. Спакуса: ад кіназалі да месца здымкаў – крыху больш за сто мэтраў.

Самы стары кінатэатар нятанны (квіткі звычайна па 45-65 тысяч), сядаю ў скураны фатэль, перада мной столік, можна замовіць кактэйль, іншыя напоі. На «Апосталаў» квіткі ўсяго па 11 тысяч, гарадзенцы на іх не пайшлі. Праблема вырашаная традыцыйна: навокал навучэнкі каледжу. Ніводнага хлопца.

Гасьне сьвятло. «1942 год. Бэрлін», чытаем у цітрах. На экране – таксама цёмная кіназаля, фрыцы глядзяць гёбэльсаўскую агітку… Канец сэансу, публіка спускаецца па прыступках між калёнамі аблвыканкаму ў свастыках і афішах з жаўнерамі вэрмахту. Сярод масоўкі – паэт Юры Гумянюк, якога ня стала сёлета. Але сцэна зусім кароткая, не пасьпяваю зьмеціць.

У Горадні-Бэрліне адбываецца завязка: да фашысцкага вучонага доктара Ганса Вагнэра, пры гэтым «акультыста», які прагне знайсьці залатых апосталаў, прыстаўляюць маладога савецкага разьведчыка, прыгажуна з блакітнымі вачыма Генрыха фон Штраўбэ. Абодва ў форме («сс» ці «сд») яны вылятаюць на месца – у Нясьвіж. Мабыць у раёне Баранавічаў, у глыбокім нямецкім тыле іх чамусьці ўпарта абстрэльвае савецкая зэнітная артылерыя. Пашкоджаны самалёт аднак нейкім цудам сядае: амаль усе мёртвыя, апроч фрыца-шукальніка скарбаў і прыгажуна-героя, у кішэні якога плян сутарэньняў Нясьвіскага замку.

Далей – стандартнае для менскай кінастудыі разьвіцьцё: партызанскі атрад, сутычкі зь немцамі, расстрэл у гета, які здымалі таксама ў Горадні – на Замкавай вуліцы, дзе гета існавала ў той самы час – у 1942-м. У фінале фрыц такі знаходзіць апосталаў, але адважны партызан зь мясцовых затаплівае лёхі і гіне разам са сквапным ворагам…

2.

Паралельна з ваеннай разгортваецца міліцэйская гісторыя: у нашы дні шукальнікі скарбаў не ўтаймаваліся, яны не спыняюцца нават перад забойствам. Сьледзтва, само сабой, «вядуць знатакі», сярод якіх – паглядная практыкантка са сталічнага юрфаку Аляўціна.

«Сьляды апосталаў» нагадваюць колішнюю экранізацыю «Чорнага замка Альшанскага» Уладзімера Караткевіча ў 1984-м. Тады многае расчаравала. Напрыклад, у Маскве не зацьвердзілі ў сцэнары «касьцёл і ксяндза» (нельга было паказваць, што ў савецкай Беларусі існуюць ня толькі цэрквы, вырашылі адказныя таварышы). У «Сьлядах апосталаў» адна сцэна нават зьнятая ўнутры каталіцкага храма, але ён абраны месцам для нячыстай зьдзелкі.

Увогуле ў сьвядомасьці аўтараў фільма прысутнічае, што ў царкве і ў касьцёле жагнаюцца па-рознаму. Але чыста маскоўскі «ляп»: каталік вымаўляе «царствие ему небесное», пачуўшы пра сьмерць знаёмага.

У савецкім кіно была істотна замацаваная прысутнасьць украінцаў: даволі часта яны гаварылі на сваім суржыку, і многія гледачы потым, беларусы ў тым ліку, пераймалі словы ва ўкраінскім гучаньні: «жынка» і падобнае. Недзе ў 1970-х трапілі на экран і некаторыя беларускія словы – празь вясковага дзеда ці непісьменную бабку.

Сёньня «Беларусьфільм» працуе ў той самай, 1970-х гадоў, моўнай традыцыі. Усе асноўныя, ідэалягічна правільныя героі, моцныя характары «сякуць» чыста па-расейску. Нават мясцовыя, нясьвіскія, якія ў СССР пасьпелі пажыць крыху больш за год. Нават некаторыя зь немцаў паказваюць нядрэнныя веды расейскай. А вось розная дробная нясьвіская плотка так і не авалодала як сьлед расейскай, карыстаецца трасянкай. Найлепей гаворыць па-беларуску паліцай Мікола, які скраў габрэйскія каштоўнасьці, афарбаваныя крывёй адважнага абаронцы гета. Адным словам, кінатворцы «беларускага» кіно падгульваюць «беларускаму» рэжыму: хто карыстаецца беларускай мовай – варожая «пятая калёна»!

Ёсьць яшчэ несымпатычны пэрсанаж, Бранявіцкі, у яго трасянка адрозная — з польскім «прысмакам». Ці выпадкова, але звонку ён нагадвае Станіслава Шушкевіча. Бранявіцкі прапаноўваў за радзівілаўскія мэтрыкі «бешаныя бабкі» і даў «дзьве тысячы» за забойства (!) сьледчага. Са скрадзенымі мэтрыкамі ён спрабуе ўцячы ў заходнім кірунку, купляе квіток на Берасьце. Глядач міжволі дадумвае: напэўна, паспрабуе трапіць «за кардон». Аднак доблесная міліцыя «здымае» яго з рэйсу.

Крыху зьдзіўляе малады разьведчык, які па маці ажно Радзівіл і пры гэтым, аказваецца, савецкі патрыёт. Хочацца яго пашкадаваць. У пачатковых сцэнах: жорсткі расстрэл бальшавікамі нясьвіскіх мірных жыхароў — бацькоў і дзяцей. Адзін хлопчык дзівам ратуецца ад кулі. Як разумее глядач, потым зь яго атрымліваецца чамусьці гэты самы разьведчык.

3.

Пытаньне: а ці дасягнутая мэта? Збольшага можна адказаць сьцьвярджальна. У канцы фільма замак Радзівілаў на заднім пляне, мясцовая жыхарка паведамляе ўнучцы, міліцэйскай практыкантцы са сталіцы, што існуе пліта, а пад ёю падземны ход. Да апосталаў. Гэтую вестку трэба заўсёды перадаваць сваім дзецям. «Кляніся на абразе багародзіцы Вострабрамскай, кляніся нашым продкам», кажа яна ўнучцы. І працягвае: «Столькі шукалі нашых апосталаў французы і немцы, столькі крыві праліта. Але ахоўваюць нашу зямлю апосталы залатыя. Моляцца за нас. І мы ахоўваем. Так было спакон веку. Так будзе заўсёды…» Словам, апосталы, можна сказаць, пастаўленыя цяпер на службу постсавецкай Беларусі. (Бо, як вядома, сам Лукашэнка даў грошы на рэстаўрацыю замка і прыняў яго пад ключ).

Карацей, ня толькі «гітлерцы», партызаны і гета, але й беларуская гісторыя, яе таямніцы ў фільме прысутнічаюць. Урэшце Караткевіч дбаў пра тое ж самае: прышчапіць цікавасьць да свайго мінулага праз масавы жанар. Адно адрозьненьне, што пісьменьнік быў, канечне, значны для беларусаў. Але ж і сцэнарысты маюць у галаве яго раман за ўзор, ад яго адштурхоўваюцца, «авалодалі жанрам».

І апошняе: крыўдна было калісьці, што беларусы экранізавалі Караткевіча ва Ўкраіне. У нас жа свае замкі ёсьць! І сёньня такое робіцца на месцы. Нясьвіскі замак выглядае звонку бліскуча. Прасачыліся зьвесткі, што «Чорны замак» будуць пераздымаць «са спэцэфэктамі». І дзе ж здымаць такія жахі? Ясна, дзе – у Горадні.

«Сьляды апосталаў» здымаюць у Горадні каля аблвыканкаму
«Сьляды апосталаў» здымаюць у Горадні каля аблвыканкаму






Афіша «бэрлінскага кінатэатру» ў будынку аблвыканкаму
Афіша «бэрлінскага кінатэатру» ў будынку аблвыканкаму
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG