Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Відэа з камэры сьмяротніка


У інтэрнэце зьявіўся відэаролік, у якім спалучаюцца кадры, зьнятыя ў камэрах, у якіх утрымліваюцца прысуджаныя да пакараньня сьмерцю.

Дакумэнтальныя карды спалучаюцца з фрагмэнтамі пэрфомансу, што дэманстраваўся падчас працы V Сусьветнага Кангрэсу супраць сьмяротнага пакараньня ў Мадрыдзе 12-15 чэрвеня, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда кажа, галоўная мэта роліка — паказаць псыхічны стан чалавека, які асуджаны на сьмяротнае пакараньне і праводзіць свае апошнія дні ў камэры-адзіночцы.

«Насамрэч, нам немагчыма зразумець і адчуць, што перажываюць такія людзі. Ведаю гісторыю, калі асуджаны на сьмяротнае пакараньне сказаў, што яго адзіны сябра — гэта павук, які жыве ў куце камэры, і ён гатовы гадзінамі сядзець і чакаць, калі той выпаўзе, каб пабачыць жывую істоту», — заявіў Палуда Радыё Свабода.

Аўтар сцэнару — Паліна Сьцепаненка.

Рэжысэр — Віктар Трацякоў.






Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня

З 5 па 10 кастрычніка Праваабарончы цэнтар «Вясна» ладзіць «Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня», насычаны мерапрыемствамі і інфармацыяй адносна набалелай праблемы, якую ўздымаюць праваабаронцы ў беларускім грамадзтве, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Мэта кампаніі — спыненьне сьмяротнай кары ў краіне і далучэньне Беларусі да агульнаэўрапейскіх каштоўнасьцяў.

У Менску і рэгіёнах будуць ладзіцца тэматычныя дыскусіі сярод студэнцкай моладзі і распаўсюджвацца інфармацыйныя матэрыялы пра сьмяротнае пакараньне ў Беларусі.

Кульмінацыяй тэматычнага Тыдня стане 10 кастрычніка — Сусьветны дзень барацьбы супраць сьмяротнага пакараньня. На гэты дзень заплянавана прэс-канфэрэнцыя з удзелам сваякоў расстраляных і асуджаных да сьмяротнага пакараньня.

Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананьне сьмяротныя прысуды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG