Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэсты супраць арышту ў Расеі актывістаў Грынпісу


Карабель Arctic Sunrise
Карабель Arctic Sunrise
Улады Нідэрляндаў ініцыявалі міжнароднае разьбіральніцтва супраць Расейскай Федэрацыі праз інцыдэнт з суднам Грынпісу у Пячорскім моры, паведамляе Reuters з спасылкай на заяву галяндзкага ўраду.

Арбітражныя працэдуры пачатыя на падставе Канвэнцыі ААН па марскім праве. Мэтай разбору зьяўляецца вызваленьне карабля, затрыманьне якога Галяндыя лічыць незаконным, і яго экіпажа.

Вялікабрытанія, ЗША, Аргентына і Ўкраіна таксама заявілі, што будуць адстойваць правы сваіх грамадзянаў.

30 чалавек, якія ўдзельнічалі ў акцыі Грынпісу на нафтавай плятформе «Газпрома» «Прыразломная», абвінавачваюцца расейскімі ўладамі ў пірацтве. Ім пагражае ад 10 да 15 гадоў зьняволеньня.

Абвінавацілі ў пірацтве таксама фатографа Дзяніса Сінякова, які знаходзіўся на судне Arctic Sunrise падчас акцыі на плятформе «Прыразломная».

Беларуская асацыяцыя журналістаў правяла збор подпісаў на сайце baj.by пад адкрытым лістом да расейскіх уладаў у падтрымку арыштаванага ў Расеі фатографа Дзяніса Сінякова. Аўтары ліста патрабуюць неадкладна вызваліць свайго калегу і зьняць зь яго ўсе абвінавачаньні.

Акцыі пратэсту супраць арышту актывістаў Грынпісу ў Расеі заплянаваныя 5 кастрычніка больш чым у 80 гарадах 50 краін сьвету.

Актывісты Грынпісу спрабавалі 18 верасьня падняцца на нафтавую плятформу «Прыразломная» кампаніі «Газпром нафта шэльф», каб правесьці акцыю супраць нафтаздабычы ў Арктыцы.

Здабычу нафты расейцы плянуюць пачаць у сьнежні гэтага года.

Greenpeace International лічыць разумным рашэньне ўраду Нідэрляндаў, пад сьцягам якога ходзіць судна Arctic Sunrise, сказаў галоўны юрыст-кансультант Greenpeace International Яспэр Тэйлінгс.

«Гэта неабходны крок, каб дамагчыся вызваленьня актывістаў, затрыманых незаконна, і самога судна. Расейскія ўлады будуць вымушаныя растлумачыць свае дзеяньні перад міжнародным трыбуналам», — цытуе сайт «Грынпіс Расеі» Яспэра Тэйлінгса.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG