Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея: Лінкявічус пагражае блякадай Калінінграду


Лінас Лінкявічус
Лінас Лінкявічус

У Расеі разышлася інфармацыя, што міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус нібыта пагражае ўвесьці блякаду Калінінградзкай вобласьці.

Як піша выданьне Russia Today, літоўскі міністар заявіў, што Эўропа можа ўжыць захады, заблякаваўшы расейскі анкляў і такім чынам адказаўшы на дзеяньні Масквы супраць усходнеэўрапейскіх краінаў, якія імкнуцца да сяброўства ў Эўразьвязе або вядуць з Брусэлем гандлёвыя перамовы. Пра гэта паведамляе lrytas.lt.

«Як вядома, Калінінград — ізаляваны рэгіён, ізаляваны геаграфічна, таму мы таксама можам што-небудзь абмежаваць. Мы можам спыніць рух цягнікоў, пастаўку прадуктаў, што заўгодна. Тэарэтычна гэта магчыма. Пакуль што гэта не абмяркоўвалася. У нас не такое мышленьне і не такія мэтады», — цытуе Лінкявічуса Russia Today.

Пагрозьлівую цытату Лінкявічуса расейскія мас-мэдыі выхапілі з інтэрвію, якое ён даў у аўторак інфармацыйнаму агенцтву Reuters.

У матэрыяле агенцтва згадваецца, што ў Літве, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, у лістападзе адбудзецца сустрэча ў вярхах з удзелам прадстаўнікоў шасьці краінаў Усходняй Эўропы і Каўказу, якія вядуць перамовы аб цясьнейшых гандлёвых сувязях з Брусэлем. Усе шэсьць краінаў — былыя рэспублікі Сявецкага Саюзу, якіх Расея разглядае як сваю зону ўплыву і ня хоча выпусьціць іх з сваіх абдымкаў.

Там таксама згадваецца, што Літва, якая далучылася да Эўразьвязу ў 2004 годзе, апошнім часам зазнала 20-дзённую блякаду Расеяй літоўскіх перавозчыкаў, што прынесла немалыя страты.

На пытаньне, ці Вільня магла б адказаць тым самым, Лінкявічус і адказаў растыражаванай у Расеі цытатай.

Дзеяньні Расеі могуць адбіцца на яе дачыненьнях з ЭЗ

Міністар Лінкявічус у сераду заявіў, што дзеяньні расейскай мытні супраць літоўскіх тавараў могуць адбіцца на дачыненьнях Масквы з Эўрапейскім Зьвязам, але запэўніў, што Вільня не абмяркоўвае пытаньня аб блякадзе Калінінградзкай вобласьці.

«Калі такія палітычна матываваныя дзеяньні безь ніякіх тлумачэньняў будуць працягвацца, гэта можа адмоўна адбіцца на дачыненьнях паміж ЭЗ і Расеяй», — сказаў міністар у сераду ўвечары.

Ён запэўніў, што Літва не разглядае магчымасьці транспартнай блякады Калінінградзкай вобласьці, як інтэрпрэтавалі ягоныя словы некаторыя сродкі масавай інфармацыі.

«У мяне пытаюцца, ці Літва магла б ужыць нейкія захады. Тэарэтычна можна ўжыць шмат чаго. Можна ўжыць тыя самыя захады, можна спыніць транспарт, чыгункі, аўтамабілі. Але мы такія мэтады не разглядаем і мы такія мэтады не ўжываем, бо не імкнемся да канфрантацыі», — заявіў міністар.

Расея ўвяла строгую мытную праверку літоўскіх тавараў у сярэдзіне верасьня. Афіцыйная Вільня і Брусэль асудзілі гэтыя дзеяньні.

Цяпер Літва старшынюе ў Радзе Эўразьвязу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG