Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ — спальны раён. Падрабязнасьці начнога рэйсу Баўмгертнэра


Уладзіслаў Баўмгертнэр
Уладзіслаў Баўмгертнэр
Расейскім дыпляматам дазволілі сустрэцца з гендырэктарам «Уралкалія» Ўладзіславам Баўмгертнэрам, які знаходзіцца пад хатнім арыштам у найманай трохпакаёвай кватэры ў Менску.

Пра гэта паведаміў начальнік консульскага аддзелу амбасады Расеі ў Менску Ігар Карагін.

Аднак тэрміны сустрэчы яшчэ ўдакладняюцца, перадае Інтэрфакс.

26 верасьня Карагін паведаміў карэспандэнту Свабоды, што сустрэчы папрасілі тры дні таму. «Для нас цяпер галоўнае — проста зь ім сустрэцца, дарэчы, на ягоную просьбу. Ён да нас зьвяртаўся яшчэ да таго, як гэтая начная падзея адбылася», — сказаў Карагін.

Спадар Карагін адзначыў, што адрас кватэры, дзе знаходзіцца дырэктар «Уралкалія», яму невядомы.

Начальнік упраўленьня інфармацыі, прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных паведаміў журналістам, што расейскі бок будзе праінфармаваны пра месца і час сустрэчы прадстаўнікоў расейскага консульства з Баўмгертнэрам у адпаведнасьці з нарматыўна-прававымі дакумэнтамі.

Сёньня расейскае выданьне «Коммерсант» падае падрабязнасьці нечаканага начнога вызваленьня Баўмгертнэра з-пад варты.

Пад канвоем апэратыўнікаў яго перавезьлі ў трохпакаёвую кватэру на ўскрайку Менску, дзе цяпер ён паводле рашэньня менскай пракуратуры будзе ўтрымлівацца пад хатнім арыштам. Маці Баўмгертнэра дазволілі быць зь ім. За дырэктарам «Уралкалія» круглыя суткі назіраюць чатыры супрацоўнікі беларускага КДБ.

Як апавялі адвакаты, 25 верасьня прыкладна ў 23:30 аднаму зь беларускіх адвакатаў патэлефанаваў сьледчы. Ён папрасіў абаронцу неадкладна пад’ехаць да будынка КДБ. Адвакату сьледчы паведаміў, што ягоны кліент неўзабаве будзе вызвалены, бо менскай пракуратурай прынятае рашэньне аб зьмяненьні яму меры стрыманьня на хатні арышт. На пытаньне, дзе будзе ўтрымлівацца Баўмгертнэр, які ня мае свайго жыльля ў Менску, сьледчы адказаў, што гэтае пытаньне «ўжо вырашана» і што пасьля падпісаньня дакумэнтаў адвакату трэба «проста выконваць указаньні апэратыўнікаў». Сьледчы ня стаў пярэчыць супраць прапановы абароны, каб разам з Баўмгертнэрам у кватэры пражывала ягоная маці — тая якраз напярэдадні прыляцела ў Менск на спатканьне з сынам.
Пакружыўшы некаторы час па Менску, машына з Баўмгертнэрам нарэшце спынілася каля жылога дома

Гендырэктар «Уралкалія» выйшаў неўзабаве зь СІЗА КДБ у суправаджэньні чэкістаў. Тыя пасадзілі яго ў машыну і прапанавалі адвакату ехаць на ўласным аўтамабілі за імі. Пакружыўшы некаторы час па Менску, машына з Баўмгертнэрам нарэшце спынілася каля жылога дома. Калі арыштант і суправаджальнікі падняліся ў трохпакаёвую кватэру, там іх чакаў рыэлтар з дамовай аб арэндзе жыльля. Пасьля таго як паперы былі падпісаныя, а арэнда жыльля аплачана, рыэлтар сышоў.

Адвакаты, спасылаючыся на дамоўленасьць са сьледзтвам, катэгарычна адмаўляюцца называць адрас, па якім зьмяшчаецца Баўмгертнэр, а таксама расказваць пра ўмовы яго ўтрыманьня. Кажуць толькі, што ўся неабходная бытавая тэхніка — лядоўня, тэлевізар, пральная машына і г.д. — у кватэры ёсьць.

Хатні арышт замежнага грамадзяніна — унікальны для беларускага судаводзтва выпадак, піша далей «Коммерсант». Беларускі адвакат Зьміцер Гарачка адзначыў таксама, што электронных бранзалетаў, прадугледжаных заканадаўствам краіны, на спадара Баўмгертнэра не надзявалі.

«У нас аддаюць перавагу візуальнаму кантролю», — сказаў ён.
У кватэры, дзе ўтрымліваецца бізнэсмэн, неадлучна дзяжураць чатыры апэратыўнікі

У кватэры, дзе ўтрымліваецца бізнэсмэн, неадлучна дзяжураць чатыры апэратыўнікі. Яны ўважліва сочаць за кожным крокам арыштанта і нават падыходзяць разам зь ім да вакна, калі таму хочацца паглядзець на вуліцу.

Як паведамляла агенцтва са спасылкай на амбасаду РФ, расейскія дыпляматы ў мінулы аўторак зьвярнуліся да беларускіх уладаў аб арганізацыі сустрэчы з Уладзіславам Баўмгертнэрам.

Згодна зь дзейным заканадаўствам запыт быў накіраваны ў МЗС, затым у орган, які вядзе сьледзтва па крымінальнай справе. «Чакаем, што на працягу 72-х гадзін мы атрымаем адказ на нашу просьбу», — заявілі тады ў расейскай амбасадзе.

Уладзіслаў Баўмгертнэр быў затрыманы ў канцы жніўня ў Менску. Сьледчы камітэт Беларусі прад’явіў яму абвінавачаньне паводле ч. 3 арт. 424 (злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі), магчымая санкцыя — пазбаўленьне волі на тэрмін да дзесяці гадоў. У чацьвер Уладзіслаў Баўмгертнэр быў пераведзены зь СІЗА КДБ пад хатні арышт.

Сьледчыя органы Беларусі лічаць, што супрацьпраўныя дзеяньні Ўладзіслава Баўмгертнэра і шэрагу іншых топ-мэнэджэраў БКК нанесьлі «Беларуськалію» і БКК шкоду ў памеры да 100 млн даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG