Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доля Васіля Парфянкова

абноўлена

Абаронцу Курапатаў, вязьня Плошчы Васіля Парфянкова на год «закрылі» ў ЛТП. Ціхенька вывезьлі ў пятніцу з Акрэсьціна, дзе быў на сутках, а ў панядзелак знайшоўся ў Сьветлагорскім ЛТП. Ціхенька гэтая навіна прайшла празь незалежныя СМІ, канстатавалі і забылі. Што зробіш? Нешчасьлівы лёс у хлопца...

А мне згадалася мая сустрэча гадоў дзесяць таму зь Вячаславам Сіўчыкам у Менску празь некалькі гадоў пасьля кругласутачнай вахты ў Курапатах.

«Ганна, — папрасіў ён, — паспрабуйце дапамагчы Васю Парфянкову, ты ж памятаеш яго па Курапатах, гэта сумленны хлопец. Ён чакае суду ў турме па крымінальнай справе. Я перакананы, што ягонае зьняволеньне палітычна матываванае, гэта помста за абарону Курапатаў, каб ізаляваць і дыскрэдытаваць. Я сам як апазыцыйны палітык нічым не магу дапамагчы, але калі б напісалі незалежныя СМІ, можа, Васю б і дапамагло».

Васіль Парфянкоў у Курапатах
Васіль Парфянкоў у Курапатах



Мне сорамна дагэтуль, бо я тады нічога не зрабіла. Ніхто тады не напісаў пра Васіля зь незалежных СМІ. Хаця б магла і высьветліць, за што пасадзілі Васю. Хаця магчыма, нічога зрабіць было і нельга. Тады падумалася, што калі б тут была палітычная матываванасьць, усё ж розгалас быў бы. А так — магчыма, такі недарэчны лёс у хлопца.

Прыкладна так могуць разважаць цяпер многія пра накіраваньне Васіля Парфянкова ў ЛТП. Такі лёс. Магчыма, і былі ў хлопца праблемы з алькаголем.

Магчыма, так разважалі пра іншага вязьня Плошчы Алеся Малчанава, калі яго за крадзеж мэталалому кінулі за краты. Выйшаў з турмы пасьля тэрміну за Плошчу, працы няма і не бяруць нікуды, бацькі старыя, хворыя і патрабуюць дапамогі. Дзе грошы ўзяць? Скрасьці кінуты мэталалом, як робяць бамжы... Застаўся сам насам з сваёй бядой, хлопчык з Барысава. І палітвязьнем не прызналі, бо краў, а не ў пікеце стаяў.

Так, магчыма, замоўчвалі і тое, што вязень Плошчы Арцём Грыбкоў быў асуджаны і за падзеі 19 сьнежня 2010, і накіраваны ў тым ліку да прымусовага лячэньня ад алькагалізму. Арцём трагічна загінуў у 2012 годзе, і мы ня ведаем, што насамрэч адбылося, як гэты хлопец жыў і выжываў пасьля турмы.

Так і Васіль, сам насам з сваёй бядой. Калісьці хлопчык зь Менску, які ўпершыню прыйшоў у Курпапаты ў 2001 і застаўся там на 8 месяцаў, і дзень, і ноч, і калі намёт падпалілі, і калі ніхто болей ніхто не хацеў прыходзіць. І Васіля цяпер праваабаронцы палітвязьнем, магчыма, і не прызнаюць, калі палічаць, што так, сапраўды, выпіваў...

Трапна пра Васіля сёньня напісаў у Фэйсбуку Сяржук Высоцкі, колішні паплечнік Васіля па незарэгістраванай Партыі Свабоды, назваўшы свой допіс «Доля Васіля Парфянкова». Працытую некалькі фрагмэнтаў.

«Васіль Парфянкоў — яскравая і калярытная фігура ў беларускім руху. Прыгадваю, калі на Курапатах падпалілі палатку ды Алесь Поклад патрапіў у рэанімацыю, Васіль таксама абгарэў. Доўга загойваўся твар. Але нідзе і ніколі ён нават на гэта не паскардзіўся...

Нацыянальную барацьбу ён прыняў адразу і зацята, хлопец з рабочай сям’і, з таго сацыяльнага асяродку. Як кажуць, антысацыяльнага...

Я ведаю мала больш адчайных ды бясстрашных людзей, чым Васіль. Неяк была чарговая маладафронтаўская „акцыя любові“ на Дзень сьвятога Валянціна. Міліцыянт заскочыў у сярэдзіну калёны моладзі, забраў у нейкага дзецюка сьцяг. Васіль, які не прапускае аніводную акцыю апазыцыі, шахнуў мянту такую аплявуху, што той зьніякавеў. Зьбіў фуражку, ды вярнуў нацыянальны сымбаль... Пасьля адседкі адмыслова хадзіў на акцыі, ігнаруючы рэжым падпіскі... Нельга не прыгадаць і ягоную паважную дзейнасьць ва Ўкраіне на Памаранчавай Рэвалюцыі... Хлопцы з УНСО распавядалі пра цалкам бясстрашнага героя з Партыі Свабоды... Але цяжэй аказалася ў „мірным“ жыцьці, ня маючы аніякіх фінансаў, пад пастаянным прэсам... Пасьля паразы 2009 г. пачаў выпіваць... Цяпер Васіля адправілі ў ЛТП, дзе пэўна яго пастараюцца атруціць і неяк зламаць альбо ўмяртвіць... Кожны, хто сьпяшаецца кінуць камень у Васіля, няхай спачатку паглядзіць у люстэрка... Сытныя і вясёлыя хлопчыкі ня ведаючы гора, добра ўладкаваныя, лётаюць па крутых тусоўках, а нехта ЯШЧЭ ВЕРЫЦЬ У БЕЛАРУСЬ І ДЛЯ ГЭТАГА НЕШТА РОБІЦЬ, ЯК МОЖА...»


Я думаю цяпер, як цяжка Васілю Парфянкову ў Сьветлагорскім ЛТП, установе, умовы якой праваабаронцы лічаць цяжэйшымі за калёніі і турмы, бо там акрамя жорсткіх турэмных парадкаў, яшчэ і цяжкая прымусовая праца. Васілю там сядзець і працаваць, як выглядае, доўга. Давайце не забудзем пра яго...


Адрас: ЛТП-1, 247400, Сьветлагорск, вул. Заводзкая, 16, Васілю Парфянкову


На прэзэнтацыі кнігі "Адзін дзень палітвязьня.2009-2011"
На прэзэнтацыі кнігі "Адзін дзень палітвязьня.2009-2011"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG