Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячорка: Мэта — ня выбары, а Беларусь без дыктатуры


Вінцук Вячорка выступае на канфэрэнцыі
Вінцук Вячорка выступае на канфэрэнцыі
Пра гэта заявіў сустаршыня «Беларускага руху» Вінцук Вячорка падчас устаноўчай канфэрэнцыі кааліцыі «За свабодныя і сумленныя выбары дзеля лепшага жыцьця „Талака“»:

«Калі была адна шырокая кааліцыя — было прасьцей патлумачыць, нашто яна: бязь еднасьці дыктатуру не перамагчы. Цяпер інакш: кааліцыяў шмат, ва ўсіх у назьве слова „выбары“, дык, маўляў, нашто яшчэ адна? Папраўдзе палітычны водападзел апазыцыі цяпер прайшоў па лініі стаўленьня да ўлады: ці мы верым, што рэжым можа ператварыцца з Саўла ў Паўла — „перавыхавацца“, стаць гарантам дэмакратыі ды нават незалежнасьці — ці мы ведаем, што гэта немагчыма, не гуляем у гульні ўлады паводле ейных правілаў і бачым, што рэжым — не гарант незалежнасьці Беларусі, а пагроза ёй. Бо хто прывёў на наш калій расейскіх алігархаў, як пад Лідай апынулася новая чужая ваенная база з баявымі самалётамі? Яны ж ня самі прыйшлі-прыляцелі!»
Трэба ў назву выносіць супольную стратэгічную мэту: Беларусь без дыктатуры
Вінцук Вячорка

Таксама палітык адзначыў, што пагадненьне пра стварэньне альянсу, падпісанае напярэдадні, акурат ёсьць каштоўнасная аснова для новай кааліцыі:

«Нельга інтэгравацца ў гэты рэжым — гэта бессэнсоўна і амаральна. Рэжым нясе пагрозу сувэрэнітэту. Таму мы падпісалі пагадненьне. Адзіная заўвага — доўгая невыразная назва. Выбары — фармальны інструмэнт зьмены, пры гэтай уладзе свабодных выбараў ня будзе. Трэба ў назву выносіць супольную стратэгічную мэту: Беларусь без дыктатуры».

Як лічыць Вячорка, дзеля дасягненьня гэтай стратэгічнай мэты трэба выбудоўваць практычныя захады.

«Апошнім часам беларускі народ перажывае шок за шокам, і ня толькі на ўзроўні прыватным. Раптоўныя дэвальвацыі. Крызыс збыту (праф. Багданкевіч згадаў пра непрададзеныя складзкія запасы на 4 млрд.). Экзыстэнцыяльная пагроза эканамічнай і палітычнай незалежнасьці краіны. Гэта — макрапытаньні, на іх сур’ёзныя палітыкі павінны даваць адказ» — адзначыў Вінцук Вячорка.
Калі мы ня хочам адрывацца ад настрояў грамадзтва, нельга спрабаваць рабіць выгляд, што ёсьць такія выбары, і пагатоў заклікаць на іх людзей»
Вінцук Вячорка

Палітык выступіў катэгарычна супраць удзелу ў мясцовых выбарах, як першачарговай задачы кааліцыі

«Сытуацыя стала зусім яснай пасьля змрочных падзеяў сьнежня 2010 году. Грамадзтва, яго актыўная частка, выдатна ведае, што ані выбараў такіх дэ-факта няма, ані ўлады тыя мясцовыя саветы ніякай ня маюць. Нават абавязковы працэнт яўкі скасаваны. Калі мы ня хочам адрывацца ад настрояў грамадзтва, нельга спрабаваць рабіць выгляд, што ёсьць такія выбары, і пагатоў заклікаць на іх людзей».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG