Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аліневіча павіншавалі з Бутыркі яго чытачы


24 верасьня споўніцца 30 гадоў палітвязьню, асуджанаму Наваполацкай калёніі Ігару Аліневічу. 25 верасьня — 51 год асуджанаму бабруйскай калёніі Алесю Бяляцкаму. 23 жніўня свой 25-гадовы юбілей сустрэў у Магілёўскай «крытцы» Мікола Дзядок. Штодня ў беларускіх калёніях і СІЗА хтосьці адзначае дзень народзінаў. Пераважная большасьць імяніньнікаў у турмах Беларусі і постсавецкіх краін — людзі да 35 гадоў. Свае дні народзінаў яны сустракаюць у самых розных умовах і ў самых розных кампаніях. Тэма нашай сёньняшняй праграмы — Дзень анёла за кратамі.


Турэмны торт


Наш сталы чытач і слухач, былы асуджаны Зьміцер піша, што калі побач няма блізкіх, тых, хто памятае пра цябе, адчуваньне самоты і ўласнай непатрэбнасьці прыходзіць у няволі нярэдка, асабліва ў дзень народзінаў. Зьміцер працягвае:

«Свой 30-ты дзень нараджэньня я запомніў на ўсё жыцьцё, бо сустракаў яго ў штрафным ізалятары. Падставы для пакараньня ў адміністрацыі знойдуцца заўсёды. Напрыклад, дарослых мужыкоў прымушаюць крыкам вітаць нейкіх вырадкаў у пагонах, якіх у тыя хвіліны проста расьпірае ад ганарыстасьці. Калі нехта ня крыкнуў або ня так крыкнуў — адразу ў карцэр… Дык вось, у той свой 30-гадовы юбілей я пераканаўся, што нармальныя людзі ёсьць паўсюль. І хоць у ШЫЗА забароненыя і цыгарэты, і гарбата, і іншае, мне ў камэру перадалі і тое, і другое, і трэцяе. Усім імяніньнікам, якія сустракаюць гэты дзень за кратамі, нават у самых цяжкіх ды нязвыклых умовах, жадаю: ня падаць духам. Сапраўдныя людзі ў турмах не перавядуцца ніколі, як бы мянты ні каламуцілі. Галоўнае — самому заставацца чалавекам».
«Дні народзінаў за кратамі, зразумела, адзначаюць. А як бяз гэтага? — піша слухач з 20-гадовым турэмным стажам Мікола. — Зразумела, хто як можа. Хтосьці з гарбатай, хтосьці з кавай, а хтосьці і з гарэлкай. А нехта ўвогуле ні з чым, бо няма нічога. Хоць для такіх дзён людзі нешта знаходзяць. Гарбата — дык гэта па-любому».

Як вынікае зь Міколавага допісу, імяніньнікам дораць падпісаныя паштоўкі, нейкія дробязі — нататнічак, асадку. Могуць падараваць часопіс, напрыклад, пра машыны. Кнігі таксама дораць, але з кнігамі па зонах езьдзіць нязручна. Яшчэ на такія сьвяты зэкі самі робяць розныя прысмакі. Напрыклад, самаробныя торцікі. Турэмных кулінарных рэцэптаў шмат. Адзін зь іх апісаны ў аўтабіяграфічнай кнізе Ўладзімера Пераверзіна «Закладнік: Гісторыя мэнэджэра ЮКОСа». Кніга выйшла нядаўна і ўжо стала бэстсэлерам. Расказваючы пра сваё сямігадовае зьняволеньне, аўтар сярод іншага ўзгадвае, як сустракаў дзень народзінаў на Бутырцы ў кампаніі з забойцамі. Па сутнасьці, уся ягоная неверагодная для жыхароў многіх эўрапейскіх краін гісторыя — цалкам рэальная ва ўмовах Беларусі. Чалавека пад Новы год запрашаюць на размову са сьледчым. Даваць патрэбныя паказаньні ён адмаўляецца — у выніку яго «закрываюць» на два гады ў СІЗА і потым на пяць гадоў — у калёнію строгага рэжыму.

Аднак пра турэмны торт на Бутырцы, які для імяніньніка — мэнэджэра ЮКОСа гатавалі крымінальнікі-забойцы. Уладзімер Пераверзін піша:

«Там дзень народзінаў — сапраўды сумнае сьвята. Перажываньнямі са староньнімі і зусім несымпатычнымі мне людзьмі, чый лад жыцьця я асуджаў, дзяліцца зусім не хацелася. Аднак гэтыя зрабілі мне сапраўднае сьвята, падарыўшы торт, зроблены ўласнымі рукамі.
Каржы яны зрабілі зь перацёртага пячэньня, зьмяшанага са сьметанковым маслам. Гэтую масу яны потым паклалі ў лядоўню. Са згушчонкі і сьметанковага масла звычайнай алюмініевай лыжкай зьбілі крэм. Дамагаючыся патрэбнага выніку, Аляксандар паўдня апантана малаціў лыжкай у місцы. Потым у частку крэму дадалі каву і зноў гэта ўсё вельмі старанна перамяшалі… Паміж каржамі папераменна клалі то звычайны крэм, то кававы. Самы верхні слой залілі чакалядам. Яго расплавілі ў алюмініевай місцы, якую паставілі на чайнік з кіпенем. З дапамогай цэляфанавага пакета з чакаляднага крэму зрабілі надпіс: „З днём народзінаў!“ Было вельмі смачна.
Навошта яны гэта рабілі?.. Я быў крануты да глыбіні душы. За ўвесь час, пакуль быў за кратамі, я ўбачыў нашмат больш чалавечага стаўленьня ад зьняволеных, якія сядзелі нават за жорсткія злачынствы, чым ад супрацоўнікаў праваахоўных органаў».


«Я еду ў Магадан» на Бутырцы


І яшчэ пра Бутырку… Адзін зь цяперашніх яе вязьняў, фігурант «Балотнай справы», 23-гадовы студэнт, антыфашыст Аляксей Паліховіч, арыштаваны летась у ліпені па падазрэньні ва ўдзеле ў масавых беспарадках, накіраваў ліст падтрымкі і віншаваньне з нагоды 30-годзьдзя асуджанаму Наваполацкай калёніі Ігару Аліневічу.

Аляксей Паліховіч, 2012 год
Аляксей Паліховіч, 2012 год
«Дружа! На Бутырцы цяпер мы маем ажно тры асобнікі тваёй кніжкі „Еду ў Магадан“. Ад усіх таварышаў, кінутых у турмы, і ад сябе таксама выказваю глыбокую павагу тваёй сіле, волі, цьвёрдасьці. Я ўпэўнены, ты выстаіш і вытрымаеш. У цябе вельмі слаўная мама (гэта мне жонка апавядае), і вы абое малайцы. Сьцены будуюць з адных і тых жа камянёў, у Маскве, у Менску ці Барсэлёне. Вашы сьцены вышэйшыя і таўсьцейшыя, але і яны паваляцца. Абавязкова. З салідарнасьцю — Лёша Паліховіч. Бутырка».

Бутырскія вязьні дзякуюць Ігару Аліневічу за ягоную кнігу, таксама цікавяцца, ці ёсьць на расейскай мове «Турма і здароўе» Юрыя Бандажэўскага.

Ігар Аліневіч
Ігар Аліневіч
Згодна з прысудам Ігар Аліневіч мусіць сустрэць за кратамі 8 дзён народзінаў.

Іншыя фігуранты спраў анархістаў, Арцём Пракапенка (1990 г.н.) і Яўген Васьковіч (1990 г.н.), асуджаныя на 7 гадоў, Мікола Дзядок (1988 г.н.) — на 5.

Якую небясьпеку тояць для грамадзтва беларускія анархісты, чые тэрміны турэмнага зьняволеньня — 5–8 гадоў — можна параўнаць з тэрмінамі пакараньня гвалтаўнікоў, пэдафілаў, забойцаў? Апытаньне на гэтую тэму мы правялі на вуліцах Магілёва, у пэнітэнцыярных установах якога ўтрымліваюцца трое з чатырох асуджаных.

Наўпроставы лінк


Як высьветлілася, ніхто з удзельнікаў апытаньня ня мог назваць прозьвішчаў асуджаных анархістаў. Многія апытаныя палічылі анархізм небясьпечнай зьявай, якая разбурае ўсё на сваім шляху, аднак пакараньне турмой — ня лепшы мэтад.
Некаторыя прызналіся, што самі ў душы прытрымліваюцца анархісцкіх поглядаў, але ніколі ня будуць дэманстраваць іх, бо інакш у нашай краіне трапяць у турму ці вар’ятню. Таксама прагучалі меркаваньні, што анархісты не перашкаджаюць жыць, а таму навошта іх, такіх маладых, кідаць за краты?.


Што падарыць вязьню на дзень народзінаў — парады маці


…Маці Ігара Аліневіча, які неўзабаве адзначыць дзень народзінаў, Валянціна паказвае стос віншавальных лістоў, якія яе сын атрымаў у свае два папярэднія дні народзінаў у Наваполацкай папраўчай калёніі, а потым перадаў дамоў на захоўваньне. Большасьць адрасатаў — зусім незнаёмыя яму людзі, тым ня менш іх паштоўкі ды лісты Ігар лічыць вельмі дарагімі.
Паштоўкі ды лісты Ігару Аліневічу
Паштоўкі ды лісты Ігару Аліневічу

Валянціна Аліневіч шкадуе, што такая ўласьцівая многім людзям звычка падтрымаць чалавека ў бядзе ў наш прагматычны век усё больш і больш забываецца:

«Я ведаю, што вельмі многіх мужчын, бо ў асноўным зьняволеныя — гэта мужчыны, увогуле ніхто не падтрымлівае. Ім ня шлюць лістоў, да іх не прыяжджаюць на спатканьні. І вельмі-вельмі важна, каб была нейкая падтрымка ды цеплыня, хай сабе з боку нават і незнаёмых людзей. Неяк раней такая традыцыя падтрымкі была. Цяпер жа яна цалкам забытая. Але я веру ў законы цыркуляцыі, у законы Сусьвету: тое, што ты даеш — табе стакроць аддаецца. Калі ты, наадварот, нічога не аддаеш, а адварочваесься ад таго, хто трапіў у бяду, табе таксама нічога ня будзе».

Валянціна Аліневіч падзяляе думку, што дзень народзінаў — гэта ня проста дата, калі чалавек становіцца на год старэйшым. Кожны дзень народзінаў мае свой сакральны сэнс і азначае адпаведныя зьмены ў чалавеку, яго чарговае нараджэньне ды сьмерць. У такі дзень чалавек не павінен быць адзін. Нават калі ён у ізаляцыі, ён павінен ведаць, што іншыя думаюць пра яго.

Валянціна Аліневіч
Валянціна Аліневіч
Аліневіч: «Ну як можна гэта прадэманстраваць вязьню? На жаль, у кожнай папраўчай установе пералік рэчаў, якія можна перадаць, строга абмежаваны. Свайму сыну я б з задавальненьнем зьвязала швэдар і шалік, каб кожны раз, надзяючы гэта, ён адчуваў бы маю цеплыню. Калі ён быў у СІЗА КДБ, я змагла яму зрабіць такі падарунак. Але ў беларускіх калёніях чамусьці дзейнічае загад, якія забараняе насіць швэдры. Хоць на зоне вельмі халодна і шмат людзей хварэюць ад пераахалоджваньня. Перадаць менавіта на дзень народзінаў нейкую харчовую перадачу, тую ж садавіну — немагчыма. Раней я перадавала нейкія часопісы і кнігі. Але апошнім разам мне вярнулі гэта назад. Застаецца што?.. Калі чалавек вернік, і нават нявернік, то можна пайсьці ў царкву і заказаць саракавуст за яго здароўе. Таксама — напісаць яму туды паштоўку, даслаць нейкі малюнак. Я, напрыклад, даслала яму паштоўку з мантажом фотак з нашага сямейнага альбома. Я ведаю, калі чалавек знаходзіцца ў такой абмежаванай замкнёнай прасторы, дзе кожны дзень адно і тое ж, — дык вось, добрыя словы плюс малюнкі, калі ён можа ўключыць сваю ўласную фантазію, — гэта ўсё пашырае кругагляд чалавека. Вось толькі такімі мэтадамі можам працаваць. Але яны спрацоўваюць».


«Сапраўдную цану паштоўкам пазнаеш менавіта ў такіх умовах»


Аляксандар Францкевіч па выхадзе з калёніі
Аляксандар Францкевіч па выхадзе з калёніі
Сябар Ігара Аліневіча, 23-гадовы Аляксандар Францкевіч, які разам зь ім праходзіў па так званай справе анархістаў, нядаўна вызваліўся з Івацэвіцкай калёніі «Воўчыя норы». Пасьля вызваленьня Саша пасьпеў накіраваць Ігару за краты два лісты і атрымаць адказ на іх. Зразумела, павіншаваў сябра зь юбілеем.

«Наколькі я ведаю, Ігар цяпер у жылой зоне. Там у яго склалася нармальная кампанія… Звычайна, калі жылыя сэкцыі дружныя, то дзень народзінаў праходзіць добра. За гарбатай, прысмакамі ды шчырымі размовамі».

Сам Саша сустрэў за кратамі тры дні нараджэньня. Самы памятны — апошні, 23-ці. Гэты дзень ён рыхтаваўся сустрэць разам з маці (ім дазволілі працяглае спатканьне), аднак замест гэтага быў пакараны ПКТ (памяшканьнем камэрнага тыпу). Тым ня менш Сашу вельмі сардэчна віншавалі як сядзельцы зь ягонай камэры, так і з суседніх. Дарылі паштоўкі зь цёплымі пажаданьнямі. Сапраўдную цану такім простым знакам павагі пазнаеш менавіта ў такіх умовах.
Паштоўкі, якія Аляксандар Фрацкевіч атрымаў у ПКТ на дзень народзінаў
Паштоўкі, якія Аляксандар Фрацкевіч атрымаў у ПКТ на дзень народзінаў

«Гэта вялікая падтрымка, — кажа Саша. — Калі малазнаёмыя ці зусім незнаёмыя людзі жадаюць табе самага добрага, адчуваеш, што ўсё недарэмна, што ты камусьці цікавы і неабыякавы. Да мяне за кратамі прыходзілі паштоўкі з розных краінаў сьвету. Здаралася так, што даходзілі яны няхутка. Напрыклад, у мяне дзень народзінаў у траўні, але віншавальныя лісты атрымліваў яшчэ ў чэрвені ды ліпені. Усё роўна было вельмі прыемна».

Дарэчы, перададзеная ад аднаго асуджанага другому паштоўка можа лічыцца парушэньнем унутранага распарадку, або, іншымі словамі, адчужэньнем прадметаў. З-за чаго кантралёры могуць скласьці рапарт на парушальнікаў, — адзначае былы палітвязень. Паводле ягоных словаў, правілы рэжыму часам настолькі абсурдныя, што іх ня ў стане выканаць аніводзін зэк. Адміністрацыя выкарыстоўвае ўсё гэта.
Перададзеная ад аднаго асуджанага другому паштоўка можа лічыцца парушэньнем унутранага распарадку

«Зразумела, што я не падпарадкаваўся ўсім рэжымным патрабаваньням. Напрыклад, мне маглі прапанаваць памыць прыбіральні, але я ня мог прыняць гэтага, бо такое робяць асуджаныя нізкага сацыяльнага статусу. Калі чалавек пагаджаецца, то ён сустракае зусім іншае стаўленьне да сябе з боку ЗК».

— Вы праходзілі па «справе анархістаў». Сядзельцаў цікавілі вашы анархічныя ідэі? А адміністрацыю? Яны пыталіся ў вас, што такое анархічны рух?

Францкевіч: «Людзі там абсалютна розныя. Многім абсалютна пляваць на палітыку. Іх адзіныя клопаты зьвязаныя з матэрыяльнымі рэчамі, дробным побытам, і акрамя ежы ды сну іх нічога больш не цікавіць. Нават свабода іх хвалюе з пункту гледжаньня побыту, таго, што там на волі будзе цяплей ды смачней. Тым ня менш былі людзі, якія цікавіліся анархізмам даволі сур’ёзна. Як ні дзіўна, але найбольш на гэтую тэму даводзілася размаўляць з камэрсантамі. Дарэчы, гэта найбольш палітычна актыўная катэгорыя на зоне. Здавалася б, анархізм — той рух, які ім як уласьнікам павінен быць абсалютна чужы. Адчувалася, што ў параўнаньні з абсалютна цынічнымі людзьмі, якія ўсё адрынаюць, у гэтых людзей былі нейкія прынцыпы, ад якіх нельга адступацца. Зь некаторымі з тых сядзельцаў я працягваю кантактаваць і цяпер».

«Што да адміністрацыі, — працягвае Францкевіч, — то яны ўспрымалі мяне найчасьцей як апазыцыянэра. Здаецца, толькі апэратыўнікі ведалі, хоць і павярхоўна, да чаго я насамрэч маю дачыненьне… Аднак нашмат болей іх цікавілі мае сувязі са СМІ, тое, што я магу перадаць з зоны на волю. Мае ж ідэі цікавілі мала».


«Ліставаньне з такімі людзьмі дадае мне сіл»


Актыўная слухачка нашай праграмы, менская пэнсіянэрка Інэса Яхліель кажа, што вельмі сымпатызуе Сашу Францкевічу, Міколу Статкевічу дый усім палітвязьням. З трыма яна лістуецца. Гэта Мікола Аўтуховіч, Ігар Аліневіч, Алесь Бяляцкі. Жанчына кажа, што ліставаньне ёй самой дадае жыцьцёвых сіл. На пытаньне, чаму з усіх палітвязьняў выбрала менавіта гэтых траіх, што падабаецца ёй у такіх розных людзях, адказвае: «Падабаецца сумленьне, мужнасьць ды вера ў лепшае».
Інэса Яхліель: «Не магу жыць нічога ня робячы»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:28 0:00
Наўпроставы лінк

Зь Міколам Аўтуховічам спадарыня Інэса перапісваецца ўжо тры гады. За гэты час ён стаў для яе амаль як сын ці малодшы брат. Яна на адлегласьці адчувае настрой гэтага чалавека. Кажа, што апошнім часам у яе зьявіліся нейкія ня надта добрыя прадчуваньні (наша размова адбылася за дзень да зьвестак у СМІ пра чарговы замах палітвязьня на сваё жыцьцё, цяпер ужо ў гарадзенскай турме).

«Трывожыць, што ад Мікалая апошнім часам няма лістоў. Гэта ніяк на яго непадобна. Я сымпатызую Аўтуховічу яшчэ з таго часу, калі ён быў на волі, калі меў свой бізнэс, пачынаў змаганьне за правы прадпрымальнікаў. Алеся Бяляцкага я ведаю яшчэ раней. У сваім лісьце Бяляцкі напісаў, што памятае мяне. Ну, а асоба Аліневіча ўразіла мяне пасьля таго, як я прачытала ўрыўкі ягонай кнігі „Еду ў Магадан“, здаецца, у „Нашай ніве“. Вельмі разумны і інтэлігентны малады чалавек».

Напярэдадні Інэса Яхліель накіравала віншавальныя паштоўкі Аліневічу і Бяляцкаму. Перажывае цяпер за Міколу Аўтуховіча і думае, якія словы знайсьці для ягонай маці, жанчыны немаладой і хворай. Зь ёй яна таксама лістуецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG