Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паснова адпусьцілі

абноўлена

Ігар Пасноў
Ігар Пасноў

20 верасьня віцебскага лекара Ігара Паснова перавялі з закрытага аддзяленьня Віцебскай абласной псыхіятрычнай бальніцы

Віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік сказаў карэспандэнту Свабоды, што рашэньне суду адносна Паснова пакуль не адмененае:

«Яму толькі зьмянілі форму лячэньня. То бок ён цяпер ня будзе знаходзіцца ў цэнтры, а будзе знаходзіцца дома. Але ж штодня, як яму расьпішуць схему лячэньня, ён будзе прыходзіць у шпіталь і там атрымліваць лекаваньне. Бо паводле рашэньня суду кансультацыйная камісія вызначае, як яго лекаваць. То бок рашэньне застаецца ў сіле і яно будзе дзейнічаць, пакуль ня будзе судом зьменена ці адменена наагул. Пакуль Пасноў застаецца ў руках у мэдыкаў, сваіх калегаў».

20 верасьня віцебскага лекара Ігара Паснова перавялі з закрытага аддзяленьня Віцебскай абласной псыхіятрычнай бальніцы, куды ён быў прымусова зьмешчаны, на дзённы стацыянар.

Віцебскага лекара Ігара Паснова 16 жніўня проста з працы забралі ў другое закрытае аддзяленьне Віцебскага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі.

З санкцыі пракурора ён быў накіраваны на прымусовае абсьледаваньне псыхічнага стану. Здарылася гэта неўзабаве пасьля чарговага відэавыступу ў інтэрнэце, дзе Пасноў зноў скрытыкаваў недасканалую працу і кепскі стан мэдычных установаў Віцебшчыны і кіраўніцтва Віцебскай вобласьці.

21 верасьня ў яго адсутнасьць, без удзелу ў працэсе адваката ды іншых прадстаўнікоў судзьдзя суду Віцебскага раёну Тацяна Дзегцярова санкцыянавала для Паснова прымусовае псыхіятрычнае лячэньне. Лячыць пачалі адразу, не чакаючы, пакуль судовае рашэньне ўступіць у законную сілу.

Беларускі Хэльсынскі камітэт і Праваабарончы цэнтар «Вясна» выступілі з супольнай заявай з нагоды прымусовай шпіталізацыі Ігара Паснова. Яны патрабавалі перагледзець рашэньне аб яго прымусовай шпіталізацыі ў адкрытым працэсе з захаваньнем вызначаных працэдур і прынцыпаў справядлівага судовага разбору.

Эўрадэпутат Марэк Мігальскі зьвярнуўся ў Эўракамісію, а таксама да міністра аховы здароўя Польшчы Барташа Арлуковіча, заклікаўшы заступіцца за лекара, якога за крытыку беларускіх уладаў прымусова зьмясьцілі ў псыхіятрычную лякарню. Спадар Мігальскі ня мае сумневу, што «прысуд палітычна матываваны» і што гэта «чарговая спроба зьнішчэньня грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі». У сувязі з гэтым дэпутат заклікаў зрабіць на міжнародным форуме ўсе магчымыя крокі, каб абараніць беларускіх лекараў, а таксама прыняць меры ў гэтай канкрэтнай справе.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» заявіла пра гатоўнасьць прызнаць Паснова вязьнем сумленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG